Хрысьціянскія дэмакраты ствараюць новы рух

Кіраўніца аргкамітэту ХДР Вольга Кавалькова

Актывісты аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ствараюць рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне «Хрысьціянска-дэмакратычны рух» (ХДР).

Чакаецца, што аб’яднаньне будзе створана на ўстаноўчым сходзе, які адбудзецца 14 лістапада ў Менску. Таксама ўдзельнікі сходу абмяркуюць непалітычныя грамадзкія кампаніі на бліжэйшыя некалькі гадоў і абяруць кіраўніцтва арганізацыі.

Як паведаміла Радыё Свабода кіраўнік аргкамітэту ХДР Вольга Кавалькова, стварэньне грамадзкай арганізацыі плянавалася ўжо даўно.

«Мы яшчэ на зьезьдзе БХД прымалі рашэньне, што будзем ствараць грамадзкае аб’яднаньне. Гэта будзе непалітычная арганізацыя, мэтай якой будзе правядзеньне сацыяльных кампаніяў, якіх таксама шмат мы ўжо праводзім. Кірункі працы будуць вельмі розныя, будуць распрацоўвацца кампаніі па тых каштоўнасьцях, якія для нас вельмі важныя. Гэта і сацыяльная абарона насельніцтва, і пэнсійная рэформа, і нейкія іншыя пытаньні», — кажа яна.

У палітычных акцыях новы рух прымаць удзел не плянуе.

«Пакуль такой мэты (удзельнічаць у палітыцы. — РС) ня ставіцца. Пакуль гэтая арганізацыя ствараецца для людзей, якія актыўныя, якія хочуць нешта зьмяніць у нашай краіне, але, улічваючы сёньняшнія варункі Беларусі, пабойваюцца працаваць у палітычных арганізацыях. Але яны гатовыя далучыцца да дзейнасьці і зьмяняць сваё жыцьцё ў тых умовах, у якіх мы цяпер знаходзімся», — тлумачыць Кавалькова.

Стваральнікі «Хрысціянска-дэмакратычнага руху» разьлічваюць афіцыйна зарэгістраваць сваю арганізацыю. Яны спадзяюцца выкарыстаць сёньняшні палітычны момант, калі Эўразьвяз даў беларускім уладам чатыры месяцы выпрабавальнага тэрміну.

«Усе дакумэнты мы падрыхтавалі, і пасьля правядзеньня сходу мы будзем іх падаваць у Міністэрства юстыцыі. Спадзяюся, што арганізацыя будзе зарэгістраваная, хоць зразумела, што гарантыяў ніхто даць ня можа», — кажа Кавалькова.