Чавусаў: Віталь Сіліцкі пасьмейваўся б з гэтай сытуацыі

Юры Чавусаў

Палітоляг Юры Чавусаў лічыць, што зьнішчэньне кнігі Віталя Сіліцкага нібыта на загад Міністэрства інфармацыі толькі паспрыяе яе большай папулярнасьці.

Такое меркаваньне ён выказаў у інтэрвію Радыё Свабода.

«Віталь Сіліцкі быў бы гэтай сытуацыяй ня тое каб задаволены ці ўсьцешаны, але ён бы пасьмейваўся. Жыцьцё беларускаму палітолягу трэба пражыць так, каб тваіх твораў Міністэрства інфармацыі баялася і пасьля тваёй сьмерці. Гэта ня проста пасьмяротны помнік, гэта пасьмяротная пашана тым палітычным тэорыям, якія распрацоўваў мой калега Віталь Сіліцкі — тэорыям прэвэнтыўнага аўтарытарызму, параўнальнаму аналізу разьвіцьця аўтарытарызму ў Беларусі і ў Сэрбіі. Гэта сьведчыць пра тое, што гэтыя тэорыі дагэтуль цэняць у Міністэрстве інфармацыі. Зьнішчэньне гэтага накладу, калі яно сапраўды адбылося, гэта не з-за вокладкі, не з-за таго, што гэта паліталягічная кніга, а з-за таго, што гэта кніга, якая ўплывае. Ёсьць такая прымаўка — „кнігі не страляюць“. Дык вось кнігі Віталя Сіліцкага заўжды стралялі, яны заўжды траплялі ў цэль.

Я думаю, што тут наша Міністэрства інфармацыі робіць звычайную памылку ўсіх дыктатураў, якія, зьнішчаючы праявы іншадумства, спрыяюць зьяўленьню тых чыньнікаў, якія гэтыя рэжымы ўрэшце зьнішчаюць. То бок гэта будзе адваротны эфэкт. А непасрэдна ў дачыненьні да гэтай кніжкі зьявіцца больш вялікая ўвага чытачоў — ці ў электронным выглядзе, ці ў друкаваным выглядзе ад іншага выдавецтва. Я спадзяюся, што гэтая кніга свайго чытача ўсё ж такі знойдзе», — заявіў Чавусаў.

Вокладка кнігі Віталя Сіліцкага

Рэдактар «ARCHE» Алесь Пашкевіч пацьвердзіў Свабодзе факт зьнішчэньня пасьмяротнай кнігі Сіліцкага «Доўгая дарога ад тыраніі: Посткамуністычны аўтарытарызм і барацьба за дэмакратыю ў Сэрбіі й Беларусі», падрыхтаванай выдавецтвам «ARCHE». У сваёй кнізе Віталь Сіліцкі параўнаў рэжым Слабадана Мілошавіча ў Югаславіі 1990-х і Лукашэнкі ў Беларусі.

У Міністэрстве інфармацыі Свабодзе не змаглі адказаць на пытаньні пра зьнішчэньне кнігі Віталя Сіліцкага:

«Шчыра кажучы, я першы раз пра гэта чую», — сказала начальніца ўпраўленьня выдавецкай дзейнасьці і гандлю Міністэрства інфармацыі Алена Паўлава.