«Пацьвердзіць гэты факт я магу, але нічога больш камэнтаваць ня буду», — сказаў Свабодзе рэдактар часопіса «ARCHE» Аляксандар Пашкевіч.
Ён таксама адмовіўся адказваць на пытаньне, колькі асобнікаў было выдадзена і чаму такое пытаньне вырашае Міністэрства інфармацыі, а ня суд.
Польскае Радыё Рацыя са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што Міністэрства інфармацыі Беларусі загадала зьнішчыць наклад пасьмяротнай кнігі палітоляга Віталя Сіліцкага «Доўгая дарога ад тыраніі: Посткамуністычны аўтарытарызм і барацьба за дэмакратыю ў Сэрбіі й Беларусі», падрыхтаванай выдавецтвам «ARCHE».
Два тыдні таму ў сеціве зьявілася інфармацыя пра выхад кнігі з друку:
«У вашых руках пасьмяротная кніга Віталя Сіліцкага. Кніга, якую Віталь не дапісаў. Кніга — працяг дасьледаваньня „Адкладзеная свабода: посткамуністычны аўтарытарызм у Сэрбіі й Беларусі“, якое публікавалася ў 2003 годзе ў часопісе „ARCHE“ і было выдадзена асобнай кнігай у 2012 годзе, праз год па адыходзе Віталя».
Польскае Радыё перадае, што Міністэрства інфармацыі паставіла друкарні «Палікрафт», дзе надрукавалі наклад кнігі, ультыматум: альбо зьнішчыць увесь наклад, альбо прадпрыемства будзе зачыненае.
У Міністэрстве інфармацыі Свабодзе не змаглі адказаць на пытаньні пра зьнішчэньне кнігі Віталя Сіліцкага:
«Шчыра кажучы, я першы раз пра гэта чую», — сказала начальніца ўпраўленьня выдавецкай дзейнасьці і гандлю Міністэрства інфармацыі Алена Паўлава.
У сваёй кнізе Віталь Сіліцкі параўнаў рэжым Слабадана Мілошавіча ў Югаславіі 1990-х і Лукашэнкі ў Беларусі.