9 лістапада ў Менску пачала працу місія Міжнароднага валютнага фонду на чале зь Пітэрам Долманам.
«Місія тут на запрашэньне ўраду Беларусі, для таго каб абмеркаваць эканамічную палітыку краіны і рэформы і вызначыць, ці дастатковая база для сумеснай праграмы МВФ і Рэспублікі Беларусь», — заявіў Пітэр Долман на брыфінгу ў Менску 9 лістапада.
Паводле ягоных словаў, гаворка ідзе пра трохгадовую праграму з акцэнтам на глыбокія структурныя рэформы і ўзмацненьне ролі прыватнага сэктару.
Раней МВФ параіў Менску правесьці ключавыя рэформы за 6–18 месяцаў.
Цягам дзесяці дзён экспэрты МВФ будуць ацэньваць гатоўнасьць беларускіх уладаў рэфармаваць эканоміку. Пра магчымасьць атрыманьня крэдыту ад МВФ карэспандэнт Свабоды Ўладзімер Глод размаўляе з кіраўніком Фонду Мізэса Яраславам Раманчуком.
— Міністар фінансаў Уладзімер Амарын тры тыдні таму падчас размовы з журналістамі сказаў, што крэдыт, які хоча цяпер атрымаць Беларусь, — гэта крэдыт пашыранага фінансаваньня. Ён зьвязаны са структурнымі рэформамі і адрозьніваецца ад крэдыту «stand-by», які Беларусь ужо атрымлівала ад МВФ. У чым прынцыповая розьніца паміж гэтымі праграмамі Фонду?
— Справа ў тым, што МВФ ужо аднойчы выдаў Беларусі 3,5 мільярда даляраў па праграме «stand-by». І тады Фонд напароўся на тое, што ў гэтай праграме пазыка не была жорстка прывязаная да рэформаў. У выніку рэформаў не адбылося, і Беларусь проста паступова вярнула крэдыт.
Гэтым разам ёсьць абавязковыя жорсткія тэхнічныя абмежаваньні. Найперш гаворка ідзе пра структурныя рэформы. Але гэтыя рэформы расьцягнутыя па часе, і іх можна па-рознаму інтэрпрэтаваць. Таму вельмі важна, што будзе запісана ва ўмовах. Калі там будзе прапісана, што Беларусь робіць гэта-гэта-гэта і толькі пасьля гэтага атрымлівае першы транш крэдыту, то тады можна спадзявацца, што справа дойдзе да падпісаньня дамовы. А можа атрымацца, як і на пачатку 90-х гадоў. Тады Беларусь атрымала першы транш авансам і больш нічога не рабіла. Таму наступных траншаў ужо не выдавалі.
Сёньняшнія перамовы — гэта самы пачатак. Яшчэ толькі ўзгадняюцца пазыцыі, МВФ ня ведае, што далей будзе рабіць урад. Пакуль МВФ рэагуе на словы Лукашэнкі. Але калі ўзяць тое, што ён казаў на інаўгурацыі, скепсіс, безумоўна, існуе.
Апошнім часам гучалі выказваньні, скіраваныя на рэформы, з вуснаў Снапкова, Рудага, Забароўскага... Я на ўласныя вушы чуў, як прэм’ер Кабякоў 5 лістапада казаў, што дзяржаўная палітыка ў эканоміцы губляе сваю эфэктыўнасьць. І раптам словы падчас інаўгурацыі: рэформаў ня будзе.
Тыя людзі, які цяпер вядуць перамовы з МВФ, маюць адну мэту — атрымаць любым спосабам грошы. Але яны не прымаюць рашэньняў на роўні дзяржавы, якім курсам ісьці.
Тыя людзі, які цяпер вядуць перамовы з МВФ, маюць адну мэту — атрымаць любым спосабам грошы. Але яны не прымаюць рашэньняў на роўні дзяржавы, якім курсам ісьці. Лукашэнка ім паставіў задачу — дамагайцеся крэдыту. Але пасьля ён можа сказаць: нам гэта нецікава, я інакш гляджу на гэтыя рэчы.
З выступаў Мясьніковіча і Забароўскага мне было добра бачна, што яны разумеюць пад структурнымі рэформамі. Гэта зводзіцца да прыняцьця двух законаў. Першы — пра дзяржаўна-прыватнае партнэрства. Другі — пра індыкатыўныя паказчыкі. Але ж гэта ня больш як замыльваньне вачэй і імітацыя рэформаў. І калі тыя ж Снапкоў і Руды гавораць вышэйшаму кіраўніцтву, каб яно зрабіла хоць першы крок — правяло лібэралізацыю цэнаў — то яно і гэтага зрабіць ня можа. А калі ня робіцца нават гэтае, то ўсе размовы пра рэформы — гэта толькі «размовы на карысьць бедных», як кажуць".
— Міністар Амарын казаў, што Беларусь просіць тры мільярды даляраў таму, што болей прасіць проста немагчыма. Маўляў, у МВФ ёсьць пэўныя абмежаваньні, якія Фонд парушаць ня будзе. Пра якія абмежаваньні ідзе гаворка?
— Так, існуе формула: квота, якая памнажаецца на пэўны каэфіцыент, і ня болей. Але гісторыя МВФ паказвае, што калі ў Фонду ёсьць зацікаўленасьць, як, напрыклад, у сытуацыі з Украінай, то ён можа свае правілы, стандарты, нормы павялічыць на карысьць пазычальніка. Але паколькі Беларусь не зьяўляецца такім асобым выпадкам, то я думаю, што болей за тры мільярды нам не дадуць.
Ну, далі нам 3,5 мільярда. І што з таго часу прынцыпова зьмянілася? Цяперашні стан беларускай эканомікі, а менавіта — рэцэсія, паказвае: прасіць болей было б проста сьмешным.