Кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку, калі ён 3 лістапада наведаў завод у Дзяржынску, прадэманстравалі распрацаваную і вырабленую ў Беларусі сыстэму залпавага агню «Палянэз», якая ўжо праз год пачне паступаць на ўзбраеньне беларускага войска. Лукашэнка ж загадаў не абмяжоўвацца «Палянэзамі», а распрацаваць і асвоіць вытворчасьць больш магутных ракет. Якіх ракет і дзеля чаго не хапае беларускаму рэжыму? Хто іх будзе вырабляць і хто прафінансуе гэтыя дарагія праекты?
Карэспандэнт Свабоды задаў гэтыя пытаньні незалежнаму экспэрту ў справах вайсковага ўзбраеньня Аляксандру Алесіну.
— Гаворка пра тое, што трэба атрымаць ракетныя сыстэмы яшчэ большай дальнасьці. Якой? Як сказаў адзін з прысутных на той сустрэчы вайскоўцаў, гаворка пра сыстэмы дальнасьці да 300 кілямэтраў. Можна меркаваць, што тэхналягічным донарам гэтага праекту будуць кітайскія кампаніі. Мы бачым, што на Дзяржынскім заводзе наладжана ліцэнзійная вытворчасьць ракет і цьвёрдапаліўных рэактыўных рухавікоў для ракет сыстэмы залпавага агню «Палянэз». Таму можна меркаваць, што ўзорам стануць кітайскія ракеты дальнасьцю 200–220 кілямэтраў, якія вырабляе фірма «Нарынко». Але ў гэтай фірмы ёсьць у намэнклятуры вырабу і ракеты дальнасьцю 280 кілямэтраў. Таму і можна меркаваць, што наступным этапам будзе наладжваньне тут вытворчасьці нашага варыянта ракеты такой вялікай дальнасьці. Але ў Кітаі ёсьць і іншыя вытворцы такіх ракет, ёсьць у каго браць гэткія тэхналёгіі.
— Такім чынам, гаворка пра новыя для Беларусі тактычныя ракеты клясу «зямля-зямля»?
— Так. Але варта дадаць, што рэальна зьявіўся новы тып ракет, які спалучае ў сабе якасьці сыстэм залпавага агню вялікай дальнасьці і апэратыўна-тактычных ракет. Ад сыстэм залпавага агню бярэцца якасьць вялікай колькасьці ракет за адзін стрэл — 8 і болей. А ад апэратыўна-тактычных ракет — кіраваны палёт і вялікая дакладнасьць. Фактычна гэта высокадакладная зброя. Гэтыя ракеты кіруюцца інэрцыйнай сыстэмай навядзеньня са спадарожнікавай карэкцыяй — GPS і «Гланас». Ракета трапляе ў круг дыямэтрам 60 мэтраў. Улічваючы вялікую магутнасьць боепрыпасу, гэта фактычна дакладнае пападаньне.
— Якія ёсьць абмежаваньні для Беларусі ў вытворчасьці і валоданьні ракетамі?
— Паводле міжнародных пагадненьняў Беларусь мае права вырабляць ракеты дальнасьцю да 500 кілямэтраў, а прадаць ёй могуць ракеты дальнасьцю да 300 кілямэтраў. Гэта ня будзе парушэньнем.
— А навошта Беларусі такія ракеты, як вы мяркуеце?
Як сказаў Лукашэнка, ён хоча, каб у патэнцыйнага праціўніка і думкі ня ўзьнікла пра напад на Беларусь
— Як сказаў Лукашэнка, ён хоча, каб у патэнцыйнага праціўніка і думкі ня ўзьнікла пра напад на Беларусь. Трэба прызнаць, што ў выпадку, калі такіх сыстэм будзе дастаткова шмат і дальнасьць іх будзе хаця б 300 кілямэтраў, дык атрымаецца, што значная тэрыторыя суседніх краін, а калі гаворка пра краіны Балтыі — дык уся іх тэрыторыя, пападаюць пад такі стрэл. Калі, ня дай бог, канфлікт з НАТО.
— Але ж у выніку хіба Беларусь не становіцца гэткім патэнцыйным агрэсарам, якога будуць больш апасацца суседзі?
— Чаму агрэсарам? Ня ўсе, хто мае добрае ўзбраеньне, агрэсары. Заяўлена, што гэтыя ракеты будуць выкарыстоўвацца толькі ў мэтах абароны. Патэнцыйна — так, можна будзе пацэліць па сталіцах усіх суседніх з намі краін, акрамя Масквы. Можа, яшчэ акрамя Таліна. Але галоўнае, што пад удар трапляе інфраструктура гэтых краін на глыбіню да 300 кілямэтраў. У выпадку канцэнтрацыі варожых войскаў на мяжы з намі для нападу мы можам іх зьнішчыць на іх жа тэрыторыі, на зыходных пазыцыях.
— Дастаткова — гэта як? Колькі беларускім генэралам трэба ракет, каб быць упэўненымі, што на іх не нападуць?
— Мяркую, шчыльнасьць стрэлу павінна быць некалькі соцень ракет. Толькі тады гэта нанясе непрымальныя страты. Вось калі пускавая ўстаноўка будзе ўтрымліваць 8 ракет, дык трэба ня меней за 60 установак.
— Хіба магчыма вырабіць хутка такую колькасьць установак? Ці гаворка пакуль толькі пра адзінкі?
— Магчыма. Наколькі я мог зразумець з таго, што паказалі, такія магчымасьці ёсьць. Як было сказана, «пры невялікіх дапрацоўках» можна атрымаць устаноўку, якая зможа зьнішчаць цэлі на адлегласьці 300 кілямэтраў, а потым і паставіць іх вытворчасьць «на паток».
— І колькі гэта будзе каштаваць краіне? Мільярды даляраў?
Ня думаю, што мільярды, але некалькі соцень ці каля сотні мільёнаў даляраў будзе каштаваць пэўна
— Ня думаю, што мільярды, але некалькі соцень ці каля сотні мільёнаў даляраў будзе каштаваць пэўна. Канечне, стварэньне ракет і ракетных рухавікоў запатрабуе адмысловай вытворчасьці, а гэта немагчыма безь вялікіх інвэстыцыяў. Але, наколькі можна зразумець, у гэты завод у Дзяржынску ўжо ўкладзеныя кітайскія інвэстыцыі. Яны ўкладваліся для вытворчасьці спадарожнікавых сыстэм і гэтак далей, але дакладных зьвестак пра тое, ува што яшчэ ўкладаліся кітайскія грошы, няма.
— А як мяркуецца вяртаць гэтыя кітайскія крэдыты?
— Можна прадбачыць, што будзем дзяліцца з кітайцамі нашымі тэхналёгіямі вырабу сыстэм навядзеньня такіх ракет, бо ў Беларусі ёсьць добрыя напрацоўкі ў гэтай галіне. А другое — такія сыстэмы маюць вялікія экспартныя пэрспэктывы. Можа, не такой магутнасьці, як для ўласнага карыстаньня, але прадаваць іх можна з посьпехам. Ня з дальнасьцю 300 кілямэтраў, але з 200 — будуць задаволеныя. Таксама можна асвоіць вытворчасьць на экспарт рэактыўных снарадаў, якія будуць прыдатныя для сыстэм СПА, для ПТУРСаў і гэтак далей. Галоўнае, што частку абсталяваньня мы можам вырабляць самі — гэта колавыя шасі на Менскім заводзе колавых цягачоў і шасі МАЗа для машын кіраваньня і штабных аўтамабіляў. Рухомасьць такіх сыстэм, калі іх можна хутка перасоўваць з адной кропкі ў іншую, дасьць ім вялікую перавагу.
— Чаму не саюзьнік Беларусі Расея, а Кітай дапамагае ў рэалізацыі гэтага праекту?
— Па-першае, нешта я ня бачу, каб Расея была зацікаўленая ў тым, каб Беларусь тут вырабляла свае ракеты. Магчыма, каб заставалася высокая залежнасьць нашых узбраеньняў ад Расеі, каб мы куплялі іх зброю.
Другая прычына — рэактыўныя сыстэмы такой дальнасьці, як гэта ні дзіўна, пакуль вырабляе толькі Кітай. Расея спрабуе мадыфікаваць свае ўстаноўкі «Смерч», але пакуль гаворка ідзе пра дальнасьць 90–120 кілямэтраў. Магчыма, расейцы паскорацца і дагоняць, але пакуль сыстэмы дальнасьцю 280–290 кілямэтраў вырабляе толькі Кітай. І прапаноўвае іх на экспарт.
— І калі, паводле вашых падлікаў, гэтыя новыя ракеты зьявяцца на ўзбраеньні ў Беларусі?
— «Палянэзы» павінны пастаўляць у войска ўжо з будучага году, а з улікам таго, што на іх базе можна будзе распрацоўваць сыстэмы большай дальнасьці, дык такія, мяркую, пачнуць зьяўляцца ўжо ў 2017 годзе. Але тут шмат будзе залежаць ад фінансаваньня, тэрміны можна карэктаваць. І потым яшчэ да 3 гадоў ідзе на асвойваньне новай тэхнікі ў войску.
— А якія пляцоўкі ў Беларусі могуць быць выкарыстаныя для такой вытворчасьці?
— Мяркую, вось гэты завод дакладнай мэханікі ў Дзяржынску. А самі корпусы ракет — збольшага на любым прадпрыемстве машынабудаваньня, дзе ёсьць высокадакладнае мэталаапрацоўчае абсталяваньне. Іх у нас дастаткова. Дзясяткі.
— Вы самі — як грамадзянін, а ня толькі як экспэрт у вайсковых справах — вітаеце захады па асваеньні новых ракет?
У сьвеце не становіцца спакайней, а краіны, якія ня хочуць купляць зброю ў ЗША і Расеі, зьвернуцца па яе менавіта да нас
— Па-першае, гэта вельмі высокія тэхналёгіі, якія падштурхнуць нашу навуку, шмат якія галіны. Да таго ж у нас зьявяцца тэхналёгіі, якіх не было. І зьявяцца адмыслоўцы, якіх у нас не было. Мяркую, гэта пашырыць экспартныя магчымасьці краіны. У сьвеце не становіцца спакайней, а краіны, якія ня хочуць купляць зброю ў ЗША і Расеі, зьвернуцца па яе менавіта да нас. Але і ў тым, што вырасьце магутнасьць нашага войска, я ня бачу нічога дрэннага.
— А ці бачыце вы нейкія адмоўныя бакі ў такой пэрспэктыве?
— Каб бачыць адмоўныя бакі, трэба прадмет ведаць больш у дэталях. Пакуль я не магу сказаць пра недахопы. Мяркую, цяжкасьці ўзьнікнуць найперш з вытворчасьцю дастатковай колькасьці такіх сыстэм і іх пастаўкамі ў войска з-за недахопу фінансаваньня.
— Калі ў беларускага кіраўніцтва будуць у руках такія магутныя ракеты, ці ня зьявіцца спакуса аснасьціць іх яшчэ і ядзернымі боегалоўкамі?
— Ёсьць рэжым нераспаўсюду ядзернай зброі. Мяркую, Беларусь не зацікаўленая гэтак псаваць адносіны зь міжнароднай супольнасьцю. Імідж Беларусі як мірнай краіны, як моста паміж Расеяй і Эўропай, кіраўніцтва спрабуе захаваць. Таму ня думаю, што гэта магчыма. Беларусь тады падпадзе пад санкцыі горшыя, чым Іран. Таму я зусім адмаўляю такую магчымасьць.