Ролю былога старшыні КДБ Ўладзімера Мацкевіча ў нераскрыцьці спраў зьніклых яшчэ ацэніць грамадзтва, мяркуе праваабаронца Гары Паганяйла.
Уладзімер Мацкевіч, які ўзначальваў КДБ з 1995 да 2000 году, вярнуўся ў Менск з Масквы, дзе працаваў дарадцам гендырэктара «Совкомфлота». Цяпер у Беларусі ён працуе дарадцам ў кампаніі «Газпромнафта».
«Я засумаваў па радзіме, таму вырашыў вярнуцца. Хаця тут я асабліва нікому, акрамя сяброў і сваякоў, не патрэбны», — сказаў Уладзімер Мацкевіч карэспандэнту «Народнай волі» і адмовіўся ад інтэрвію.
У лістападзе 2000 году старшыня КДБ Ўладзімер Мацкевіч разам з генпракурорам Алегам Бажэлкам санкцыянавалі арышт камандзіра спэцчасткі ўнутраных войскаў № 3214 Дзьмітрыя Паўлічэнкі, якога падазравалі ў кіраўніцтве дзеяньнямі па выкраданьні апазыцыйных палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і журналіста Зьмітра Завадзкага. Аднак пасьля ўмяшаньня Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітры Паўлічэнка быў вызвалены, а Ўладзімер Мацкевіч і Алег Бажэлка адпраўлены ў адстаўку. Неўзабаве Ўладзімер Мацкевіч быў прызначаны паслом ў Югаславію, а потым у Сэрбію і Чарнагорыю.
«З матэрыялаў апэратыўнай распрацоўкі»
Радкі з пастановы аб затрыманьні Дзьмітрыя Паўлічэнкі, якую падпісаў Уладзімер Мацкевіч 22 лістапада 2000 году.
«У матэрыялах апэратыўнай распрацоўкі маюцца пэўныя дадзеныя пра тое, што Паўлічэнка Дзьмітры Валер’евіч зьяўляецца арганізатарам і кіраўніком злачыннай групы, якая займаецца выкраданьнямі і фізычным зьнішчэньнем грамадзян. У прыватнасьці, кіраваная Паўлічэнкам Д. В. злачынная група датычная да забойства 5 жніўня 2000 г. Самойлава Г. В., лідэра незарэгістраванай Беларускай рэгіянальнай арганізацыі „РНЕ“, а таксама да забойстваў іншых асоб. Прымаючы да ўвагі, што знаходжаньне Паўлічэнкі Д. В. на волі можа прывесьці да ўчыненьня ім і чальцамі ўзначаленай ім злачыннай групы іншых асабліва небясьпечных гвалтоўных злачынстваў, кіруючыся пунктам 1.8 Дэкрэту прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 кастрычніка 1997 г „Аб неадкладных мерах па барацьбе з тэрарызмам і асабліва небясьпечнымі гвалтоўнымі злачынствамі“ пастанавіў ужыць у дачыненьні да Паўлічэнкі Дзьмітрыя Валер’евіча... прэвэнтыўнае затрыманьне тэрмінам на 30 (трыццаць) сутак».
Гары Паганяйла: Справу зьніклых развалілі наўмысна
Былы судзьдзя і адвакат, цяпер праваабаронца Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла шмат гадоў займаецца справамі зьніклых палітыкаў, прадстаўляе інтарэсы іх сваякоў, дамагаецца расьсьледаваньня спраў. Вось як ён вызначыў ролю Ўладзімера Мацкевіча ў справах зьніклых.
— Адназначна, улічваючы пасаду, якую займаў Мацкевіч — а гэта была пасада старшыні КДБ Беларусі з адпаведнымі паўнамоцтвамі — Мацкевіч ведаў вельмі шмат пра тое, што адбылося зь Юрыем Захаранкам, Віктарам Ганчаром, Анатолем Красоўскім і Зьмітром Завадзкім. Ягоная служба мела сваю агентурную сетку ў тым ліку ў сілавых падразьдзяленьнях, сярод тых, хто мае зброю і навучаны забіваць. І яны валодалі сур’ёзнай інфармацыяй пра тое, што адбываецца ў частцы 3214, якой кіраваў Паўлічэнка. Ведаю, што апэрацыя па распрацоўцы групы Паўлічэнкі называлася «Экіпаж» і падчас яе было сабрана дастаткова доказаў датычнасьці групы да зьнікненьняў. Нагадаю, што ў пастанове аб затрыманьні Паўлічэнкі былі ўказаныя шматлікія факты парушэньня закону з боку ваенаслужачых гэтай часткі пад кіраўніцтвам Паўлічэнкі, у тым ліку зьвязаныя з забойствамі, рабаўніцтвамі ды іншымі злачынствамі. Там былі дакумэнтаваныя ўсе прыгоды ягонай групы. Што гэта азначае? Што база доказаў фактычна ўжо была , ёй толькі трэба было надаць крымінальна-працэсуальную форму: арыштаваць Паўлічэнку і ягоных падзельнікаў, правесьці шэраг працэсуальных дзеяньняў, у тым ліку допыты, вочныя стаўкі, экспэртызы, і перадаць справу ў суд.
Але, як мы памятаем, як толькі Паўлічэнка быў арыштаваны, дык адразу ўмяшаліся вышэйшыя службовыя асобы дзяржавы і была дадзеная каманда вызваліць Паўлічэнку. А пасьля пайшлі адстаўкі. І самога Мацкевіча, і генпракурора Бажэлкі, іх намесьнікаў, была фактычна замененая сьледчая група. І што атрымалася па факце? Генпракурорам стаў Шэйман — адзін з падазраваных у гэтых злачынствах, сьледчую групу ўзначаліў міністар унутраных спраў Навумаў, які таксама падазраваўся ў датычнасьці. І такім чынам справу развалілі, і сёньня мы маем тое, што яе дагэтуль не закончылі, а вінаватыя на волі і не паўсталі перад судом.
— Дык вы станоўча ці адмоўна ацэньваеце ролю Мацкевіча?
— Што да Мацкевіча, у выніку ён ня выявіў ані прафэсійнай, ані грамадзянскай мужнасьці. Ясна, што як кажуць, з прычыны абставінаў, якія склаліся, але гэта так. Не абараніў гонар сваёй установы і гонар тых, хто ўдзельнічаў у апэратыўна-вышуковых мерапрыемствах па гэтай гучнай справе. Дарэчы, разам зь ім быў зьняты з пасады ягоны намесьнік, які курыраваў апэратыўныя службы КДБ. І які паслом нікуды не паехаў. Ведаю, што мусіў зьехаць з Беларусі, цяпер ён у Маскве.
— Вы мяркуеце, Мацкевіч у тых умовах мог зрабіць нешта іншае?
— Ён мусіў настойваць на тым, што ёсьць доказы віны гэтых людзей, што неабходна справу расьсьледаваць далей, а ён гатовы панесьці пэрсанальную адказнасьць, калі яго нехта падазрае ў фальшаваньні апэратыўна-вышуковых вынікаў дзейнасьці ягоных падразьдзелаў і ўсяго КДБ. Гэта ж найсур’ёзьнейшая справа сама па сабе — утойваць такое злачынства!
— І што б было? Мацкевіч, як і Захаранка, раптам бы зьнік...
— А гэта ўжо ня важна, хто б дзе аказаўся ў выніку. Важна, каб ты выканаў сваю прысягу, сваё прызначэньне на гэтай пасадзе і патрабаваў ад кіраўніка дзяржавы нармальнага ходу расьсьледаваньня. Альбо гэта даказаць, альбо публічна заявіць аб адстаўцы. Але раскрыць усё для грамадзтва, каб ужо яно магло судзіць, хто ў гэтай гісторыі мае рацыю, а хто вінаваты. Каму ісьці на плаху, а каму быць героем.
— Мацкевіч усё ж адважыўся на арышт Паўлічэнкі, хіба гэта ня ўчынак?
— Не. Бо далей Мацкевіч павёў сябе баязьліва і нават у нейкай ступені подла ў дачыненьні да міністра Захаранкі, да таго ж дэпутата Вярхоўнага савету Ганчара, якіх ён добра ведаў як кіраўнікоў і юрыстаў. Мы пакуль не даём юрыдычнай ацэнкі такім паводзінам людзей у пагонах, але калісьці гэта будзе зроблена. Чаму маўчыць Бажэлка, які таксама шмат што ведае? Чаму маўчыць Бранчэль, былы кіраўнік сьледчай групы? Што іх усіх гэтак запалохалі? Чаму мы, праваабаронцы, сваякі зьніклых, пра гэта столькі гадоў гаворым, трубім на ўвесь сьвет, і сьвет нас пачуў, сьвет пра гэта ведае, а на радзіме гэтак подла, па-ціхаму справу схавалі, не вядуць расьсьледаваньне і ўключаюць дурня, калі ім на гэта ўказваюць замежнікі? Адказваюць, што «справа ж яшчэ не завершаная»...