Аляксандар Лукашэнка выказаў незадаволенасьць пазыцыяй сёлетняй нобэлеўскай ляўрэаткі па літаратуры Сьвятланы Алексіевіч. Паводле яго словаў, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі выехала за межы Беларусі і пастаралася «цэбар бруду выліць на сваю краіну».
Тут сабраныя выказваньні пісьменьніцы пра цяперашнюю ўладу пасьля таго, як стала вядома пра яе ўганараваньне Нобэлеўскай прэміяй.
Выступаючы ў Ягелёнскім унівэрсытэце ў Кракаве, пісьменьніца казала:
«У Беларусі Лукашэнка спыніў час. Яго ўменьне прадаваць сваю біяграфію то Эўропе, то Расеі і атрымліваць за гэта газ і нафту... Гэтыя грошы сыходзяць на тое, што мы іх проста праядаем, а ня ўкладваем у будучыню, у тэхналёгіі. Але ён спыніў і сацыялізм. Заводы і фабрыкі належаць дзяржаве. Па вялікім рахунку, нічога не прададзена, нават маленькія прадпрыемствы. Ён захаваў псыхалёгію сацыялізму, бо ён сам гэтай псыхалёгіі чалавек. Ён увесь час гаворыць на гэтых прадпрымальнікаў, лічачы, што яны бандыты, што гэта несумленныя людзі. І адбылося такое спыненьне. І ў беларусаў мякчэйшы варыянт гэтага сацыялізму».
«Лукашэнка баіцца, што Пуцін заваюе нас. Але ня трэба ваяваць зь Беларусьсю. Нам проста дастаткова зімой закруціць два краны — нафтавы і газавы. Усё. І Беларусі няма, і Лукашэнкі няма. Так што... Лукашэнка цалкам у руках Пуціна. І ніякі Захад ня возьме Лукашэнку на ўтрыманьне так, як яго ўзяў на ўтрыманьне Пуцін, плацячы яму за тое, што ён зь ім. Таму што Беларусь засталася адзіным сябрам Расеі. Ужо, як вы ведаеце, авіябаза будзе ў нас руская. То бок, гэта будуць ракеты.
Усе выдатна разумеюць, што гэта будзе месцам першага ўдару ў выпадку чаго. Лукашэнка кажа, што ён гэтага не дапусьціць, але гэта нічога ня значыць. Гэта значыць, што ён проста гандлюецца з Пуціным. Ён хоча, каб Пуцін яму за гэта яшчэ больш заплаціў. Так што вось такія адносіны. Відаць, што калі яны стаяць побач, то яны адзін аднаго не трываюць. Таму што Лукашэнка часта абражае Пуціна, як бы паказваючы нейкую сваю самастойнасьць. І мужыкі ў вёсцы кажуць: «А глядзі-ка як наш! Як ён гэтага карузьліка!». Ён на гэта і цісьне.
На прэс-канфэрэнцыі ў Бэрліне Алексіевіч таксама казала пра Беларусь.
Аб прэзыдэнцкіх выбарах 2015 года:
«Мы ўсе маем падазрэньне, што для Лукашэнкі няважна, як мы галасуем. Як казаў Сталін, ня важна, як галасуюць, а важна, хто падлічвае. Тут нібыта той выпадак. Так што ніхто з нас не чакае ніякіх сюрпрызаў, і ўсе маюць адчуваньне: тое, што ў Расеі і Беларусі, — усё гэта надоўга».
Аб расійскай вайсковай авіябазе ў Беларусі:
«Я ня думаю, што ён сапраўды супраць базы. Я думаю, што ён гандлюецца — ён спадзяецца, што Расея дасьць яму грошай. Гэта ягоная вядомая гульня. Калі кепска з Расеяй, ён паварочваецца ў бок Эўропы. За гэты час у Эўропе памянялася кіраўніцтва — кожныя чатыры гады прыходзяць новыя людзі, і яны думаюць, што перайграюць Лукашэнку. Яны спрабуюць гэта зрабіць, ня ведаючы, што гэта ненадзейны чалавек, і калі Расея дасьць яму грошай, ён адразу ж адвернецца ад Захаду. Мы гэта бачылі — разоў пяць гэта было на нашых вачах».
Пра пэрспэктыву збліжэньня Лукашэнкі з Эўразьвязам:
«Па-першае, ніхто гэтага Лукашэнку не адпусьціць. Ня трэба нават ніякіх „зялёных чалавечкаў“, ніякіх салдатаў. Проста яму не дадуць газ ці нафту, і ўсё — мы будзем зіму жыць як на лёдзе».
Пра выбары 2010 года:
«Вы ведаеце, калі Лукашэнка пасадзіў людзей, калі людзі выйшлі на плошчу, 700 было арыштавана, многіх зь іх ён пасадзіў, нават кандыдатаў у прэзыдэнты, я напісала яму адкрыты ліст. Але вы ведаеце, што ў нас у краіне кіруе толькі адзін чалавек, ніхто мне не адказаў на гэты ліст. Адзінае, што я атрымлівала, — сотні лістоў ад людзей, якія хацелі гэта пачуць, каб хтосьці хаця б гэта сказаў. Мы ведалі, што мы бясьсільныя, але каб хтосьці хаця б гэта сказаў».