Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арлоў: Спадзяюся, уладам хопіць розуму не варагаваць з Алексіевіч


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў пералічыў прычыны нэрвовага стаўленьня Аляксандра Лукашэнкі да Сьвятланы Алексіевіч: «Я лічу, што такая нэрвовая рэакцыя ўладаў на атрыманьне Сьвятланай Алексіевіч Нобэлеўскай прэміі выклікана некалькімі чыньнікамі.

Па-першае, насуперак неаднаразовым заявам Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што нашыя пісьменьнікі нічога ня вартыя — маўляў, другую „Вайну і мір“ не напісалі — высьвятляецца, што беларускія літаратары могуць дасягнуць вельмі высокага ўзроўню.

Па-другое, Сьвятлана Алексіевіч належыць не да Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, якім кіруе генэрал Чаргінец, а да незалежнага Саюзу беларускіх пісьменьнікаў — арганізацыі, якая лічыцца ўладамі выразна апазыцыйнай.

Па-трэцяе, Сьвятлана Алексіевіч ніколі не хавала сваіх дэмакратычных поглядаў. Зразумела, што Нобэлеўская прэмія ніякім чынам на яе перакананьні не паўплывала, яна гаворыць пра тое, што не прымае цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі».

Уладзімер Арлоў выказаў спадзеў, што ва ўладаў хопіць розуму не рабіць варожыя крокі ў бок пісьменьніцы Алексіевіч.

«Наадварот — цяпер момант, калі дзяржаўныя выдавецтвы павінны азадачыцца друкам яе твораў, чаго не было ўжо апошнія чвэрць стагодзьдзя. Абавязкова павінны быць выдадзеныя пераклады яе твораў на беларускую мову — тым больш, што на іх ёсьць вялікі попыт. Я таксама спадзяюся, што ня будзе адмененае рашэньне пра вяртаньне твораў Сьвятланы Алексіевіч у школьную праграму. Улады павінны зразумець, што посьпех Сьвятланы — агульнанацыянальны, што прэмія атрыманая ня толькі ёй, але і ўсёй нашай краінай, што беларускі Нобэль павышае аўтарытэт усёй Беларусі. Пакуль жа сваімі заявамі прэзыдэнт дэманструе неразуменьні такіх элемэнтарных рэчаў».

24 кастрычніка, Аляксандр Лукашэнка, наведаўшы творчы вечар расейскага кампазытара Віктара Дробыша, які быў арганізаваны ў «Менск-Арэне», зрабіў рэзкую заўвагу «творчым асобам, нават ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі» з нагоды таго, што яны кепска выказваюцца пра Беларусь за мяжой: «Скажу зноў жа пра нашых асобных „творцаў“, творчых асобаў, нават ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі, якія не пасьпелі яшчэ яе атрымаць, выехалі за межы краіны і пастараліся цэбар бруду выліць на сваю краіну. Гэта няправільна, гэта не апазыцыйнасьць. Гэта абсалютна няправільна, таму што Радзіму, сваю зямлю, як і сваіх бацькоў, сваю маці не выбіраюць. Яна такая, якая яна ёсьць. Калі ты дрэнна кажаш пра Радзіму, саромеесься яе, значыць, ты, перш за ўсё дрэнны сын», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG