Жыхары і ня ведалі, што расьпісаліся за няякасны рамонт

Дом №25 на Ірынінскай вуліцы — выгляд з двара

У Гомелі жыхароў дому па вуліцы Ірынінскай камунальнікі прымушаюць аплаціць няякасны рамонт, паказваючы тым самым, як паміж дзяржавай і грамадзянамі ўсталёўваюцца новыя дачыненьні ў справе ўтрыманьня жыльлёвага фонду. Гараджане пратэстуюць.

Дом № 25 на вуліцы Ірынінскай — у самым цэнтры гораду. Дзьверы аднаго з пад’ездаў выходзяць на праспэкт Леніна. На фасадзе дома таблічка, у якой значыцца, што гэта ня проста мураванка, а гісторыка-культурная каштоўнасьць.

Ад вуліцы дом пафарбаваны, а з двара ён нібыта безгаспадарны. Ня лепей выглядалі і пад’езды. Жыхары пачалі турбаваць жыльлёва-эксплюатацыйны ўчастак № 4, да якога належыць дом: патрэбны рамонт.

Апавядае Мікалай, жыхар пад’езду № 2:

«Домакіраўніцтва зьбірала сход жыхароў пад’езду, прапанавалі зрабіць рамонт з нашым удзелам за пэўную суму. Мы пыталіся: ці будзеце кантраляваць якасьць рамонту? Нас запэўнілі: так, канечне — усё будзе, усё будзе. Мы пагадзіліся: прыносьце каштарыс, плян рамонту».

Ахоўная шыльда

Рамонт пад’езду ЖЭУ-4 першапачаткова быў ацэнены ў межах 9 мільёнаў рублёў. І жыхары пагадзіліся на такія выдаткі за рамонтныя паслугі. Але празь некаторы час ім абвясьцілі, што сума рамонту падвышаецца ў разы. І жыхары запратэставалі:

«Рамонт павінен быць рамонтам, а не імітацыяй бурнай дзейнасьці. Абяцалі памяняць шкло ў рамах, нават ня самі рамы, а толькі запэцканае шкло — не памянялі. Меліся і самі рамы давесьці да ладу — нічога не зрабілі. Паміж рамамі кучкі друзу засталіся — іх проста замазалі фарбаю. Раней у нас электраправады віселі акуратна, цяпер яны вісяць абы-як — гэта яны ўсё паабрывалі. Ніхто гэтага выпраўляць ня хоча. Мы зьвярталіся ў ЖЭУ, пісалі ў розныя інстанцыі заявы і скаргі, але ўсё бяз толку. Я асабіста прысутнічаў на сустрэчы з начальнікам ЖЭУ-4 Аляксеем Канцаравым. Ён прыйшоў, пакруціў галавою ды кажа: «Ну, хлопцы, я не будаўнік, я не разьбіраюся. Мне майстры сказалі — гэты рамонт адпавядае каштарысу». Адказваем: «Як ён можа адпавядаць каштарысу, калі ўжо трэшчыны разьбегліся па сьценах? Зрабіце нармальна. Мы ж ня супраць заплаціць, мы ж пагадзіліся, але зрабіце па-людзку».

Адрамантаванае вакно

Суразмоўца згадвае, якім чынам «тынкавалі» сьцены пад афарбоўку:

«Тупа бяруць мяцёлку, нават ня пэндзаль, мачаюць у ваду і мажуць па сьценах, каб схаваць шчыліны. У нас тут жыве будаўнік, ён зьдзіўлена пытаўся: „Што ж вы робіце?“. Дык яго паслалі мацюком на тры літары: маўляў, будзеш тут яшчэ „выпендрывацца“. Ён сабраўся і пайшоў у ЖЭУ да майстра: „Гэта ж і год не прастаіць, абсыплецца“. Яго зноў паслалі на тыя ж тры літары і сказалі, што ніякага чорта ён не дакажа — давядзецца плаціць».

У верасьні і кастрычніку жыроўкі для жыхароў дому на Ірынінскай пацяжэлі — у іх уключылі і выдаткі на няякасны рамонт. Па пошце гараджанам прыйшлі і дамовы з ЖЭУ на аказаньне паслуг за бягучы рамонт, падпісаныя задняй датай. Натуральна, ніхто з жыхароў пад’езду ня стаў плаціць за няякасны рамонт, ды яшчэ па завышаным кошце.

Праводка ў пад’езьдзе

Найбольш займаўся стасункамі з рамонтнікамі, паходамі па інстанцыях спадар Юры:

«Проста прыходзіў і казаў: „Нельга так — што вы робіце?“. Мы былі шакаваныя. Мы пастуквалі па тынку — пустата, за сьцены шмат дзе не трымаецца. Казалі, што нельга проста замазваць шчыліны, бо ўсё абсыплецца. Нам адказвалі: „Ваша думка нам не патрэбная“. Сабралі ўсіх жыхароў і пайшлі ў ЖЭУ-4 — ня будзем прымаць такі рамонт. Нам адказваюць: „Ваша прыёмка нам не патрэбная“. Мы: „Плаціць ня будзем за такі рамонт!“. Нам адказваюць: „А куды вам падзецца? Заплаціце“. А літаральна пазаўчора ўсім пад’ездам паехалі ў КЖРЭУП „Цэнтральнае“. Там нас яшчэ больш зьдзівілі, калі дзяўчына з цэнтру рамонтаў паказала каштарыс з нашымі капіяванымі подпісамі, які мы бачылі ўпершыню. Гэта ўжо выходзіць падробка дакумэнтаў. Нам як спажыўцам прадалі няякасны рамонт за нашы кроўныя грошы. Паціскаюць плячыма: маўляў, разумеем, што няякасны рамонт, але ж зрабілі».

Абураныя гараджане зьвярталіся са скаргамі ў адміністрацыю Цэнтральнага раёну, гарадзкую пракуратуру, Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, Камітэт дзяржкантролю. Заявы і скаргі ходзяць па крузе, а рэальных зрухаў няма.

Адказы чыноўнікаў

Юры: «Цэнтар гораду — гэта сорам і ганьба. У пад’езьдзе, як і ў двары, зь ягонымі ямінамі. Дом — помнік архітэктуры. У нас у падвал сьцякае вада, стаяць лужыны. Асыпаецца фундамэнт, а яны нічога ня робяць, нічога не папраўляюць. Канечне, дзяржаве цяжка. Мы не сядзім, скажам проста, ні на нафце, ні на газе. Цяжка дзяржаве. Калі хоча сабе хтосьці чысты пад’езд, можна скінуцца. Гэта няблага. Нам напачатку казалі: разьдзеляць на паўгода выплаты. Нават пэнсіянэр, і той пакрысе будзе плаціць за чысты пад’езд. Ну дык вы зрабіце, зрабіце сумленна, каб хоць гадоў пяць ці шэсьць ня думаць больш пра рамонт. Тынк у нас ужо зараз пачне асыпацца, бо сырасьць, пад’езды не ацяпляюцца, радыятары паздымалі. Сырасьць, мароз — усё аблупіцца, адваліцца. Мы ж згодныя заплаціць, не адмаўляемся. Але мы просім, каб нам паправілі гэтае ўбоства».