Апостальская нунцыятура паведамляе, што арцыбіскуп Кляўдыё Гуджэроцьці асабіста перадаў папу Францішку дар ад прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі — абраз «Беззаганнае Сэрца Марыі». Паводле дыпляматычнага прадстаўніцтва Ватыкану, «пантыфік высока ацаніў гэты жэст і папрасіў апостальскага нунцыя перадаць дастойнаму дарыцелю словы шчырай удзячнасьці, разам з апостальскім дабраслаўленьнем усяму беларускаму народу».
Апостальская нунцыятура не падае іншых падрабязнасьцяў падзеі, не камэнтуюць яе і прадстаўнікі каталіцкай герархіі Беларусі. Дасьведчаны ў рэлігійна-дзяржаўных справах навуковец Анатоль Сідарэвіч гэтак пракамэнтаваў ініцыятыву кіраўніка Беларусі:
«Увогуле, існуе цырымонія перадачы падарункаў. Калі духоўныя асобы, скажам, патрыярх Антыяхійскі і патрыярх Маскоўскі, сустракаюцца, то яны адзін аднаму могуць падарыць абразы, панагіі — гэта такія мэдальёны Панны Марыі, якія носяць архірэі. Я ня памятаю, прынамсі, ніколі не сустракаў выпадкаў, каб сьвецкія асобы дарылі папу Рымскаму абразы. Звычайна яны падносілі падарункі іншага парадку — карціны і іншае. І папа, ведаючы, хто гэты чалавек — царкоўны альбо не, лютэранін ці каталік — таксама падносіў адпаведны падарунак. Наколькі я памятаю, Вілі Бранту, у якога былі неўпарадкаваныя сямейныя адносіны, была падораная карціна з блудніцаю — Марыяй Магдаленай, якая пазьней сталася сьвятой. А вось што сьвецкія асобы дарылі папу абразы — такога ня памятаю.
У нас сьвецкая дзяржава: дзяржава аддзеленая ад царквы, школа ад царквы. Але адбываецца клерыкалізацыя, пры гэтым дзяржава не хавае асаблівых сымпатыяў да адной з цэркваў. Але, улічваючы вагу пантыфіка, — гэта ня першы жэст і ня першы крок насустрач. Менск хоча мець усё больш сьціслыя адносіны з Ватыканам у спадзяваньні на тое, што Ватыкан замовіць слова за Менск.
У свой час Сьвяты Пасад меў значную ролю ў нармалізацыі адносінаў паміж ЗША і Кубаю. Сьвяты Пасад мае значную ролю ў нармалізацыі сытуацыі ў іншых рэгіёнах сьвету. У тым, што Ўсходні Тымор адваяваў сваю незалежнасьць, значную ролю мела мясцовая каталіцкая царква, бо ўсходнія тыморцы — каталікі. Але немалую ролю меў і Сьвяты Пасад. Словам, Сьвяты Пасад — гэта аўтарытэтная ў сьвеце дзяржава, і мець такога пасярэдніка, як Ватыкан, для любой краіны вельмі пажадана.
Вось гэтым выкліканы гэткі жэст кіраўніка Беларусі. Але, будучы сьвецкай асобай і ня будучы каталіком, лепш бы Аляксандар Рыгоравіч падарыў сьвятому айцу карціну на біблейскую тэму беларускага мастака. Ня думаю, што карцінамі беларускіх мастакоў завешаныя ватыканскія залі. Абраз жа будзе зьмешчаны ў адной з бажніцаў Рыму.
Падарунак папу Рымскаму, які быў зроблены падчас працы сыноду біскупаў, — гэта чарговая спроба нагадаць пра сябе, як напісана ў Эвангельлі — стукайце, і адчыняць вам. Пэўна, ж трэба ня раз пастукацца ў гэтыя дзьверы».