Лідзія Ярмошына паабяцала на наступных выбарах празрысты падлік галасоў. І сказала, што будзе распрацавана адмысловая працэдура. Можна было б пасьмяяцца, паёрнічаць — маўляў, які можа быць давер да яе.
Але калі сапраўды кіраўніца ЦВК сваё абяцаньне выканае, то ці стануць выбары сапраўднымі? Зразумела, не, бо ў Беларусі створаная цэлая сыстэма атрыманьня ўладамі патрэбнага выніку. Працуе дзяржаўная машына, усе элемэнты якой за 20 гадоў адшліфаваныя, яна ўвесь час дапрацоўваецца, удасканальваецца і працуе як швайцарскі гадзіньнік. Беларускія выбары — гэта цікавы палітычны фэномэн. Дзеля яго вывучэньня варта пісаць дысэртацыі, навуковыя дасьледаваньні, ладзіць адмысловыя міжнародныя навучальныя сэмінары.. Магчыма, нават грошы на гэтым зарабляць...
Я налічыў восем колаў абароны, мэханізмаў, якія прадугледжваюць страхоўку і перастрахоўку, гарантыю ад нечаканасьцяў, выпадковасьцяў народнага волевыяўленьня.
Менавіта тэрытарыяльныя камісіі «правільна» лічаць падпісныя лісты і, у залежнасьці ад палітычнай устаноўкі, вызначаюць патрэбных уладзе кандыдатаў.
Па-першае, гэта склад выбарчых камісіяў, у якія не дапускаюць апазыцыянэраў. Прычым гаворка ідзе ня толькі пра ўчастковыя, але і пра тэрытарыяльныя камісіі. Як мы маглі назіраць на апошніх выбарах, менавіта тэрытарыяльныя камісіі «правільна» лічаць падпісныя лісты і, у залежнасьці ад палітычнай устаноўкі, вызначаюць патрэбных уладзе кандыдатаў.
Па-другое, датэрміновае галасаваньне. Гэтым разам улады паставілі рэкорд: 36% прагаласавала да асноўнага дня выбараў. Гэта такі гандыкап, фора, запас, які павінен стварыць перавагу на старце і выкарыстоўваецца для гарантаванай перамогі патрэбнага кандыдата.
Па-трэцяе, мабілізацыя праўладных назіральнікаў. Іх колькасьць павінна быць такая, каб нэўтралізаваць незалежных назіральнікаў, паралізаваць іх працу, а ў ідэальным варыянце — прыбраць тых незалежных назіральнікаў з выбарчага ўчастку. Так бы мовіць, «па патрабаваньні грамадзкасьці».
Па-чацьвёртае, экзыт-полы праўладных сацыялягічных структур, якія павінны легітымізаваць, пацьвердзіць аб’ектыўнасьць таго выніку, які загадзя вызначаны ўладамі.
Назіральнікі пазбаўленыя магчымасьці сачыць за падлікам галасоў.
Па-пятае, назіральнікі пазбаўленыя магчымасьці сачыць за падлікам галасоў. Яны вымушаныя знаходзіцца на такой дыстанцыі, зь якой нічога ня ўбачыш.
Вось Ярмошына абяцае нібыта гэтую дыстанцыю скараціць і дазволіць назіральнікам стаяць каля стала, дзе адбываецца падлік. Але тут, і гэта па-шостае, узьнікае яшчэ адна перашкода. Чальцы выбарчых камісіяў лічаць бюлетэні цішком. Таму, каб прасачыць за правільнасьцю працэдуры, назіральнік павінен мець добры зрок і быць вельмі ўважлівым. І, акрамя таго, колькасьць назіральнікаў павінна супадаць з колькасьцю чальцоў выбарчых камісіяў, каб можна было сачыць за кожным і мець на фінішы поўную карціну. У выбарчых камісіях працуе каля 70 тыс. сябраў. Вось такая колькасьць незалежных назіральнікаў павінна быць, каб ахапіць усе ўчасткі.
Нават калі вынікі падліку на ўчастку не выклікаюць сумненьняў, то яны могуць карэктавацца на ўзроўні тэрытарыяльных камісіяў.
Па-сёмае, нават калі вынікі падліку на ўчастку не выклікаюць сумненьняў, то, як паказвае выпадак у Баранавічах, яны могуць карэктавацца на ўзроўні тэрытарыяльных камісіяў. Дакладней, лічбы ўзгадняюцца з райвыканкамам і аблвыканкамам, а тэрытарыяльныя камісіі іх агучваюць.
І, нарэшце, па-восьмае, апошняя інстанцыя, якая падсумоўвае вынікі ў адпаведнасьці з палітычнай дырэктывай, — гэта Цэнтравыбаркам на чале зь Ярмошынай. Якія яна атрымлівае лічбы зь месцаў, ніхто ня ведае, усё непразрыста.
Такім чынам, восем эшалёнаў абароны, восем страховачных паясоў, восем колаў пекла. То бок супраць народнага волевыяўленьня працуе цэлая дзяржаўная сыстэма. І выпадзеньне аднаго элемэнта, прарыў адной лініі абароны нічога сам па сабе не вырашае.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.