14 жніўня віцебскаму праваабаронцу споўнілася 60 гадоў, але сацыяльная служба паведаміла зьняволенаму заснавальніку «Плятформы», што магчымасьць атрымаць пэнсію за мінулыя тры месяцы ён «страціў».
Пэрспэктывы таксама няясныя, піша зьняволены ў лісьце да віцебскага праваабаронцы Леаніда Сьвеціка.
Дасягнуўшы адпаведнага ўзросту, жыхар Віцебску Міхаіл Жамчужны зьвярнуўся ў тэрытарыяльную ўправу сацыяльнай абароны адміністрацыі Кастрычніцкага раёну. Аднак адказу з гэтай дзяржаўнай установы ён не атрымаў. Таму яшчэ двойчы, у жніўні і ў верасьні, ён зьвяртаўся ў камітэт па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкаму. На пачатку кастрычніка атрымаў адказ ад старшыні гэтага камітэту Аляксандра Хрыстафорава, дзе было напісана, што ён ня зможа атрымаць пэнсію як мінімум за тры месяцы, бо не была запушчаная працэдура яе афармленьня.
Спадар Жамчужны зьвярнуўся да кіраўніцы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марыяны Шчоткінай, каб там разабраліся з гэтым пытаньнем. А таксама падаў заяву ў суд Кастрычніцкага раёну на чыноўнікаў адміністрацыі, адказу ад якіх ён не атрымаў, зьвярнуўшыся з пытаньнем аб налічэньні пэнсіі ў належны тэрмін.
Міхаіл Жамчужны ня мае сваякоў, якія б сачылі за афармленьнем пэнсіі, пакуль сам ён за кратамі. І таму адзіны шлях зносінаў з чыноўнікамі — гэта перапіска. Паводле старшыні камітэту па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкаму, усе тлумачэньні Жамчужнаму былі дасланыя. Аднак ліст чамусьці не дайшоў да адрасата.
Кандыдат навук Міхаіл Жамчужны мае працоўны стаж з 1972 году. Цяпер ён у віцебскім СІЗА-2. Яго арыштавалі ў жніўні 2014 году, неўзабаве пасьля арышту Андрэя Бандарэнкі, зь якім яны разам заснавалі ўстанову «Плятформа інавэйшн». Гэтая структура займалася абаронай правоў зьняволеных.
10 ліпеня гэтага году Міхаіл Жамчужны быў асуджаны на шэсьць гадоў зьняволеньня ва ўмовах строгага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у разгалошваньні службовай таямніцы, незаконным набыцьці сродкаў праслухоўваньня і даваньні хабару. Суд быў закрыты, таму падрабязнасьцяў гэтай справы ні праваабаронцы, ні журналісты ня ведаюць.
Пракурор прасіў для Жамчужнага 7 гадоў зьняволеньня. Ён і цяпер настойвае, што вырак Віцебскага абласнога суду занадта мяккі. Спадар Жамчужны з прысудам ня згодны, ён падаў касацыйную скаргу ў Вярхоўны суд. Першапачаткова разгляд быў прызначаны на 6 кастрычніка, аднак у сувязі з пратэстам пракурора пасяджэньне перанесьлі на 23 кастрычніка.