Ярмошына: трэба падлічваць усе бюлетэні на адным баку стала

Лідзія Ярмошына

Старшыня Цэнтравыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына абяцае, што на наступных выбарах камісіі будуць абавязаныя лічыць бюлетэні на вачах у назіральнікаў.

Яна сказала, што будзе распрацавана адмысловая схема разьмяшчэньня сябраў выбарчых камісіяў пры падліку бюлетэняў, каб гэты працэс быў бачны назіральнікам. Схема будзе гатовая да наступных парлямэнцкіх выбараў.

«У прынцыпе, я думаю, што варта зрабіць наступным чынам: трэба падлічваць усе бюлетэні на адным баку стала. Не акружаючы стол, як мы гэта бачылі. Нам трэба прадумаць на наступныя выбары ў мэтадычных тлумачэньнях схему разьмяшчэньня, калі выбарчыя камісіі не праяўляюць у гэтым пытаньні здаровага сэнсу», — сказала Ярмошына ў онлайн-інтэрвію на партале tut.by.

Адной з асноўных прэтэнзіяў назіральнікаў ад АБСЭ за выбарамі ў Беларусі застаецца непразрыстасьць падліку галасоў.

Так выглядае падлік галасоў зь месца назіральніка