Зямлю — багатым, менчукоў — за кальцавую. Улады паказалі праект генэральнага пляну Менску

У гэтыя дні ў «Мінскграда» праходзіць прэзэнтацыя новага генэральнага пляну Менску. Учора, 14 кастрычніка, была заплянаваная дэманстрацыя генпляну для журналістаў. Але прэса стала сьведкам іншай, стыхійнай дэманстрацыі: спадзеючыся, што чыноўнікі іх пачуюць, у «Мінскграда» прыйшлі некалькі дзясяткаў менчукоў, што жывуць у праблемных раёнах. Свабода выслухала лекцыю чыноўнікаў і патрабаваньні грамадзянаў.

«Хочам паслухаць, што будуць казаць журналістам»

За 20 хвілін да пачатку прэзэнтацыі для прэсы на ганку «Мінскграда» ўжо стаіць зь дзясятак чалавек. Яшчэ больш — у вэстыбюлі. Каб трапіць у залю прэзэнтацыі, трэба зарэгістравацца. Дзяўчына з рэгістрацыйным журналам тлумачыць, што зараз мае адбыцца сустрэча архітэктараў з журналістамі. Усіх астатніх запрашаюць прыйсьці праз гадзіну.

«А мы хочам паслухаць, што яны будуць казаць журналістам», — выкрыквае кабета з чаргі.

Улады запрашалі журналістаў, але прарваліся й звычайныя жыхары

Нейкім чынам у залю трапляюць усе. Аляксандар Акеньцьеў, галоўны архітэктар «Мінскграда», пасьпявае скончыць для журналістаў кароткі аповед пра тое, што Менск будзе разьвівацца толькі за кошт гарадоў-спадарожнікаў і што больш за 2 мільёны чалавек у горадзе жыць ня будзе.

«А пытаньні можна задаць?» — перабівае яго нехта зь нежурналістаў.

Аляксандар Акеньцьеў

«Зараз мы павінны для прэсы зрабіць паведамленьне па генэральным пляне», — адказвае Акеньцьеў.

«Для каго вы гэта робіце: для журналістаў ці для менчукоў? — не супакойваецца нежурналіст. — Кастусь Каліноўскі казаў: трэба не народ для ўлады, а ўлада для народа. Ці ў вас народ для ўлады?»

«Мы ня ўлада — мы супрацоўнікі прадпрыемства „Мінскграда“, мы праектна-дасьледчая арганізацыя», — кажа Акеньцьеў.

Усё больш людзей абступаюць галоўнага архітэктара каля стэнду з картай гораду. Пачынаюць нэрвавацца журналісты, бо прэсе ўжо не ўдзяляюць увагі.

«Мы пакажам пра гэта па тэлебачаньні, дайце нам папрацаваць», — ня стрымліваецца тэлежурналістка.

«Нічога вы не пакажаце, — адказваюць ёй. — На тэлебачаньні бедныя людзі не працуюць, вы нашых праблемаў не разумееце».

З пытаньнямі сюды нельга

Каб хоць неяк распавесьці пра генплян Менску, журналістаў ціха адводзяць у суседні кабінэт, дзе й адбываецца «прэс-паказ».

Акенцьеў пачынае даўгую лекцыю пра цыклы жыцьцядзейнасьці і грамадзянскае станаўленьне гараджанаў, пра будаўніцтва гораду, у якім маладыя людзі могуць выявіць свае таленты. Наўрад ці разьюшаныя жыхары, якія патрабавалі паслухаць прэзэнтацыю для журналістаў, далі б архітэктару працягнуць ягоны маналёг.

«Сёньня ў нас ёсьць супэргероі ў горадзе, — распавядае Акенцьеў. — Сёньня ёсьць многія моладзевыя рухі, якія актыўна выходзяць у горад, арганізуюць розныя грамадзкія публічныя мерапрыемствы».

Што за супэргероі на вуліцах, ён не патлумачыў. Як прыклад зьмены гарадзкога асяродзьдзя дзякуючы моладзевым рухам ён назваў вуліцу Кастрычніцкую. Літаральна за пару гадоў яна з прамысловай зоны ператварылася ў асяродак лофтавых кавярняў, стрыт-арту і выставаў.

Часам у кабінэце адчыняюцца дзьверы, і сюды спрабуюць зайсьці людзі, якія прыйшлі на прэзэнтацыю — іх цікавіць, ці можна тут задаваць пытаньні. Але ім адмаўляюць. Таму свае пытаньні яны перадаюць цыдулкамі праз журналістаў.

«Пагуляцца» з картамі можна, пачытаць генплян — не

Калі даюць час на пытаньні, менавіта з цыдулкі задаюць першае. Тычыцца яно лёсу Сельгаспасёлку. Апошнія месяцы гэта ў СМІ ці ня самая актуальная тэма. Свабода ня раз пісала, што частку сядзібнай забудовы плянуюць зьнесьці дзеля будаўніцтва мэтро. Але чаму мэтро вядуць у раён зь нізкай шчыльнасьцю насельніцтва, жыхары Сельгаспасёлку дагэтуль не пачулі.

«Мы заўжды там плянавалі вялікую забудову, — кажа Акеньцьеў. — Сёньня працуе камісія, і канчатковае рашэньне адносна гэтага раёна будзе прынята».

У Менску месца няма, можна паехаць у вёску за кальцавую

На пытаньні адводзяць 15 хвілін. Больш журналістам не дадуць, таму што «людзі хочуць выслухаць».

За гэты час Аляксандар Акеньцеў пасьпявае коратка адказаць, якім чынам будуць праводзіць ушчыльненьне гораду.

У якасьці блогера на сустрэчу прыйшоў Віталь Рымашэўскі

Так, у Менску плянуюць ліквідаваць 1 мільён квадратных мэтраў жыльля. 400 тысяч — праз знос сядзібнай забудовы, 400 тысяч — праз высяленьне жыхароў першых паверхаў уздоўж галоўных вуліц, 200 тысяч — праз знос 2—3-павярховай забудовы. Выключэньнем можа стаць толькі Асмалоўка, якой сёньня спрабуюць надаць статус гісторыка-архітэктурнай каштоўнасьці.

Увогуле стаўленьне да сядзібнай забудовы ў «Менскграда» неадназначнае. Жыхароў прыватных дамоў абвінавачваюць, што яны займаюць зашмат прасторы: на 22% плошчы жыльлёвых тэрыторыяў пражывае 3,9% жыхароў.

«Для гораду гэта вельмі накладна. У такіх вялікіх гарадах, як Менск, толькі вельмі багатыя гараджане могуць сабе дазволіць пражываньне ў раёнах сядзібнай забудовы».

Тых, каго будуць зносіць, прапануюць сяліць «у непасрэдным прыгарадным акружэньні Менску». Вёскі Менскага раёну, маўляў, маюць цяпер малую шчыльнасьць, там можа жыць у 4–5 разоў больш людзей. Патэнцыйна яны могуць зьмясьціць да 100 тысяч новых жыхароў. Добра, што гэтых словаў ня чулі людзі, якія жывуць сёньня блізка цэнтру ў прыватнай забудове і якіх неўзабаве могуць папрасіць за кальцавую дарогу.

«Ні на што гэта не паўплывае»

Калі Аляксандар Акеньцьеў выходзіць «да людзей», яго адразу абступаюць жыхары Сельгаспасёлку, зь якімі ён ужо сустракаўся. Але адказу на галоўнае пытаньне — чаму выбралі менавіта гэты раён для зносу — яны не атрымалі.

«Сёньня працуе камісія, — ізноў тлумачыць ён. — Яна дасьць абгрунтаваньне, што рабіць з гэтым раёнам».

Людзі ўжо ня стрымліваюць эмоцыі й пераходзяць на асобы. Дастаецца ў першую чаргу Акеньцьеву.

«Якая ў вас кватэра, — крычыць, а не пытае нехта з натоўпу. — Чаму ня кажаце? Баіцеся сказаць?»

Тлумачэньні, што сам Акеньцьеў не вырашае, што зносіць, што ўсё гэта прапісана ў дэталёвым плянаваньні, а не ў генэральным пляне, нічога не зьмяняе. Людзі патрабуюць, каб ім расказалі, хто зацікаўлены ў зносе іхніх раёнаў.

«Гэта ўсяго толькі палітычная накіраванасьць разьвіцьця гораду Менску», — кажа Акеньцеў, якога ніхто ня чуе.

Большасьць прыйшлі сюды не дзеля таго, каб азнаёміцца з генплянам, а каб іх пачулі журналісты й чыноўнікі. Толькі некаторыя пытаюцца, дзе можна пакінуць свае пажаданьні па генэральным пляне. Але ці паўплывае гэта на рашэньні ўладаў, невядома. Чыноўнікі кажуць, што пажаданьні прымуць да ўвагі «ў тым ракурсе, у якім магчыма».

«Па факце ён (Аляксандар Акеньцьеў. — РС) сказаў, што на рашэньні, якія прымаюцца, яны ніяк не ўплываюць і меркаваньні ня ўлічваюцца», — кажа Вольга, жыхарка і сябра ініцыятыўнай групы Сельгаспасёлку.

Нагадаем, што генэральны плян вынесены на абмеркаваньне з 12 кастрычніка да 5 лістапада. Але фактычна з самім плянам азнаёміцца нельга — можна прыйсьці на прэзэнтацыю і запытацца пра ўсё ў архітэктараў на месцы. Адсканаваны праект пад назвай «Генэральны плян горада Мінска (карэкціроўка)» зьявіўся ў сеціве толькі ўчора.

Што зьменіцца ў Менску? Вытрымкі з генпляну й цытаты «Мінскграда»

Сядзібная забудова ў Менску захаваецца на 70%. Што ўвойдзе ў астатнія 30%, якія маюць зьнесьці, вызначаць пры дэталёвым плянаваньні.

«Мы пайшлі па шляху максымальна магчымага захаваньня сядзібнай забудовы на тых тэрыторыях, якія, паводле ацэнкі горадабудаўнічага разьвіцьця Менску, зьяўляюцца менш каштоўнымі, чым тыя, якія прылягаюць да галоўных гарадзкіх праспэктаў і цэнтральнай зоны», — сказаў Аляксандар Акеньцьеў.

Новая забудова плянуецца на ўсходзе Менску. На тэрыторыі былога палігона каля Калодзішчаў плянуюць пабудаваць 1,5 мільёна квадратных мэтраў жыльля. У тым ліку і сядзібнага. Па словах Акеньцьева, там змогуць будавацца тыя, каго зносяць у горадзе.

Трэцяя лінія пройдзе па Багдановіча, а таму часткі сядзібнай забудовы ўздоўж Багдановіча будуць зьнесеныя. Мэтро важнае для Лагойскага кірунку, дзе разьмешчана шмат рэкрэацыйных зон, кажуць горадабудаўнікі. Праводзіць лінію мэтро па вуліцы Якуба Коласа й Лагойскім тракце яны ня лічаць мэтазгодным, бо яна будзе дубляваць Маскоўскую лінію.

Зьявіцца кальцавая лінія мэтро. Хоць раней у Мінскмэтрапраекце адмаўлялі неабходнасьць такой лініі, цяпер яна зьявілася ў плянах. Яна пройдзе ўздоўж другога транспартнага кальца і злучыць сёньняшнія станцыі «Акадэмія навук», «Пушкінская», «Міхалова» й «Трактарны завод».

Трамвайных лініяў стане больш. Плянуецца значнае пашырэньне трамвайнай сеткі. У прыватнасьці, ёсьць схема трамвайнай лініі ад праспэкту Пераможцаў празь Лябяжы, Каменную горку і Сухарава аж да Малінаўкі, Серабранкі і Ангарскай.

Трактарны пасёлак і зялёны дыямэтар (Сьвіслач і Сьляпянскую водную сыстэму) аднясуць да гісторыка-архітэктурных каштоўнасьцяў і ня будуць чапаць. А вось лёс Асмалоўкі пакуль канчатковая ня вызначаны.

Менскае мора уключаць у гарадзкую мяжу, створаць Лошыцкую водную сыстэму. Пасьля шчыльнай забудовы Фрунзэнзскага і Маскоўскага раёнаў тут моцна бракуе зялёных зон. У Маскоўскім раёне недахоп паркаў паспрабуюць вырашыць за кошт стварэньня Лошыцкай воднай сыстэмы, якая пройдзе праз Малінаўку і Лошыцу. Жыхарам Фрунзэнскага раёну прапануюць адправіцца на Менскае мора. Яго зь лясной зонай могуць уключыць у рысу гораду.

Генэральны плян у рэдакцыі 2015 году