Гэта сёньня стала асабліва відавочна. Гэта хутчэй перавыбары, а калі больш дакладна — перазацьвярджэньне. На якое паўплываць нікому ня дадзена. Бо ўсім відавочна — хто гаспадар краіны, саміх выбараў і нават канстытуцыі. Атрымліваецца «справаздачна-перавыбарчае» мерапрыемства. Калі і справаздача стала неабавязковай.
У гастраноме плякацік усім вядомага мужчыны. Сьціслы сьпіс абяцаньняў. Першае: змагацца з інфляцыяй і ростам цэнаў. А што дваццаць гадоў не дазваляла зь імі змагацца?
Працэдура канчаткова страціла свой першапачатковы сэнс — магчымасьць выбраць наступнага прэзыдэнта. Асьвяжыць кроў краіны, мазгі каб запрацавалі інакш, па-новаму. У Беларусі гэта немагчыма. На гэтым пастаўлены крыж. «Усур’ёз і надоўга». Наступны не прадугледжаны. Масла масьленае — кампанія па выбарах першага прэзыдэнта.
Яму самому стала нецікава. Раней хоць нейкі адрэналін, а цяпер зусім нічога, толькі нуда. Нават кіна ня зрабіць, як пасьля Плошчы. Адмяніць выбары прэзыдэнцкія і кропка. Як былі аднойчы раптоўна і безбалесна адмененыя ўсебеларускія сходы перад імі ды дзяржаўныя дажынкі – панізілі да абласных. Ніхто й не заўважыў.
Так, ён балятаваўся пяты раз і зможа шосты-сёмы-восьмы і так далей. Але навошта? Яго самога гэта больш не заводзіць. У любы момант гэта можна адмяніць, як пазбаўленую істотнага сэнсу, лішнюю ў раскладзе цырымонію. Гэта ўсё роўна як пяць разоў браць шлюб, слухаць марш Мэндэльсона.
Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі зрабіліся нечым накшталт рэгулярнай зьмены пораў року: лета зьмяняе восень, а восень — зіма. Інакш немагчыма. Толькі ў нас адна пара зьмяняе тую самую. Раз на пяць гадоў… Трэба адмяняць.
А што замест іх? Чырвоная дата ў календары. Дзяржаўнае сьвята. Дзень, калі Лукашэнка стаў прэзыдэнтам назаўсёды. Гэта будзе сумленна, безь ніякай імітацыі наступных а-ля выбараў. Электарату выбары не патрэбны насамрэч. А хто іх яшчэ хоча ў гэтай краіне, той сапраўднага голасу ня мае. На гэтых можна не зважаць надалей. Яны ніхто для яго.
Усе выбары — гэта імітацыя бегу на месцы, «на месте шагом марш!», халастая хада. Хадзіць на выбары Лукашэнкі — таўчы ваду ў ступе. Нічога не зьмяняецца. І мэта была закладзеная — каб нічога не зьмянялася. Таптаньне на месцы ці зусім ужо — выседжваньне «ўласнага шляху», як выкапнёвага дыназаўравага яйка.
Падумаць толькі: уся лібэралізацыя ў выбарчай галіне — гэта зьяўленьне на некаторых участках празрыстых скрынак для бюлетэняў (на іншых яны засталіся старыя, фанэрныя). Празрыстым скрынкам у Беларусі ўпарта аб’яўлялася анафэма як буржуазнай дывэрсіі, на якую спадзяваньні ў апазыцыі. І нарэшце ўлада «пацяплела», раскашэлілася. Вялікае дасягненьне за дваццаць гадоў! Мыльная опэра дый годзе.
Ён сказаў: калі яго выберуць, жыцьцё на гэтым ня спыніцца. Значыць, спыніцца, калі не выберуць? Прадуманыя для мазгоў электарату фармулёвачкі. І чаго так баяцца апазыцыянэраў, калі іх усяго «400»? Адмяняйце выбары, рабіце чырвоную дату, годзе разбазарваць народныя грошы. Бо ўвесь сэнс наступнай кампаніі, калі яна яшчэ будзе, хіба чыста арытмэтычны: запісаць у «папярэдне прагаласаваўшых» ужо не 36 адсоткаў, а ўсе 50. «Навіна» толькі ў гэтым і можа быць.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.