Лідэры ўчорашняга шэсьця ад плошчы Свабоды да плошчы Якуба Коласа, самай масавай акцыі напярэдадні выбараў, анансавалі стварэньне новай палітычнай кампаніі. Пасьля закрыцьця выбарчых участкаў Статкевіч, Някляеў і Лябедзька распавялі журналістам, як будуць вяртаць уладу беларускаму народу.
«Сыграны беларускім рэжымам выбарчы спэктакль выбарамі ня лічым і гэтыя выбары не прызнаём, — заявіў на пачатку прэсавай канфэрэнцыі Уладзімер Някляеў. — Падстаў для непрызнаньня больш чым дастаткова».
Ён назваў выбары прэзыдэнта-2015 зьдзекам з народу, з правоў грамадзян Беларусі.
«І мы заклікаем міжнародную супольнасьць менавіта так ацаніць тое, што адбылося 11 кастрычніка 2015 году ў Беларусі, і гэтыя выбары ні ў якім разе не прызнаваць, — сказаў Някляеў. — Прызнаньне выбараў прывядзе да вельмі нэгатыўных, катастрафічных наступстваў для нашай краіны».
Мікалай Статкевіч сказаў, што палітыкі скарысталі гэтую кампанію, каб пашырыць прастору свабоды для Беларусі. Яны правялі чатыры супольныя акцыі.
Таксама ён заявіў пра стварэньне новай кампаніі — «Улада — народу». Першай акцыяй было ўчорашняе шэсьце ад плошчы Свабоды да плошчы Якуба Коласа. Наступная акцыя — у канцы лістапада, у гадавіну рэфэрэндуму 1996 году.
«Мэта нашай кампаніі — вяртаньне ўлады народу, — сказаў Статкевіч. — Мы будзем заклікаць да гэтай кампаніі іншыя дэмакратычныя арганізацыі, рухі і грамадзянаў».
Па словах Статкевіча, палітыкі будуць працягваць вулічную актыўнасьць.
«Калі за гэты час улада ня пойдзе на саступкі народу і ня верне яму выбары, ня будуць унесеныя рэальныя зьмены ў выбарчае заканадаўства, у беларускага грамадзтва застанецца толькі адзін сродак вяртаньня ўлады народу. На жаль, ён ня будзе зьвязаны з выбарамі».
Анатоль Лябедзька агучыў тры кірункі, па якіх будзе праходзіць будучая кампанія.
«Яны дастаткова шырокія, каб кожная арганізацыя ці палітычныя структура магла далучыцца», — сказаў Лябедзька.
Першы кірунак — гэта дзяржаўнасьць і сувэрэнітэт. Другі — зьмена выбарчага заканадаўства. Яно павінна быць зьменена за 6 месяцаў да парлямэнцкай выбарчай кампаніі, якая адбудзецца ўжо ў наступным годзе.
«Гэта шанец для беларускіх уладаў правесьці больш чым за 20 гадоў першую выбарчую кампанію па стандартах АБСЭ», — сказаў Лябедзька.
Трэці кірунак новай палітычнай кампаніі — пазытыўная эканамічная альтэрнатыва. Па словах Лябедзькі, з ростам эканамічных праблем палітыкам важна ісьці да людзей ня толькі з прапановай свабодных і сумленных выбараў, ня толькі з пасланьнем пра тое, каб вярнуць людзям уладу, але й з пазытыўнай эканамічнай альтэрнатывай.