Магілёўскі драматычны тэатар першым у Беларусі паставіў спэктакль паводле кнігі Сьвятланы Алексіевіч «Час сэканд-хэнд». Пастаноўка займела шырокі розгалас сярод магілёўскіх тэатралаў.
«Твор Сьвятланы Алексіевіч выдаўся няпростым для спэктакля. Дужа эмацыйным. Некаторыя актрысы напачатку не вытрымлівалі і зрываліся на плач», — казаў сёлета ў студзені, перад грамадзкім праглядам спэктакля ў інтэрвію беларускай Свабодзе яго пастаноўшчык Уладзімер Пятровіч.
Навіну пра прысуджэньне Сьвятлане Алексіевіч Нобэлеўскай прэміі актор і рэжысэр-пастаноўшчык магілёўскага тэатру сустрэў радасным «Ура».
«Гэтая ўзнагарода даўно заслужаная ёю. І тое, што гэта адбылося, — гэта цудоўна», — лічыць Уладзімер Пятровіч.
«Нобэлеўскай прэміяй адзначылі перадусім сумленнасьць творчасьці Алексіевіч, — кажа ён. — Мо і праўда ў творах пісьменьніцы многае суб’ектыўна, але празь яе кнігі застанецца праўда пра мінулыя часы. Гісторыя ж перапісваецца, падганяецца пад нешта ды некага, часам скажаецца. А вось праз гісторыі людзей, выкладзеныя Алексіевіч у яе кнігах, праўда захаваецца. Яна бярэцца за дужа складаныя тэмы і зь імі працуе».
Нобэлеўская прэмія Алексіевіч паспрыяе таму, што сьвет больш даведаецца пра Беларусь, перакананы суразмоўца. Ён, аднак, заўважае:
«Іншае пытаньне, як у самой Беларусі ставяцца да Алексіевіч. У сябе на радзіме пісьменьніца ж ніяк не адзначана. Хочацца спадзявацца, што яна будзе тут сапраўды ацэненая і да яе ня будзе ўлада ставіцца гэтак пагардліва».
Уладзімер Пятровіч кажа, што Алексіевіч пакуль ня бачыла спэктакля паводле свайго твору. Абяцала пры нагодзе паглядзець. Тым часам у Кіеве гэтую пастаноўку прынялі дужа цёпла.