Юлія Чарняўская пра Нобэля Алексіевіч: «Уся Эўропа цяпер піша пра маленькага чалавека»

Юлія Чарняўская

Нобэлеўскую прэмію Сьвятланы Алексіевіч камэнтуе літаратар і культуроляг Юлія Чарняўская.

«Для Беларусі гэтая прэмія значыць, што нас будуць ведаць. Будуць ведаць, што ёсьць такая краіна — Беларусь. Пачуюць нашы галасы, пачуюць тыя галасы, што ў Сьвятланы ў кнігах: галасы чарнобыльцаў, галасы падлеткаў вайны, жанчын вайны... Хіба апошняя яе кніга была сабраная ня толькі з галасоў беларусаў, усе яе іншыя кнігі — гэта толькі нашы галасы: і мой, і ваш, і вашых блізкіх.

Тое, што піша Алексіевіч, гэта жанр літаратурнай oral history (вусная гісторыя. — РС). Менавіта літаратурнай, гэта дакумэнтальная літаратура высокага кшталту. У сьвеце цяпер у авангардзе ідзе дакумэнтальны тэатар, дакумэнтальная фатаграфія, дакумэнтальная літаратура. Уся Эўропа цяпер піша пра маленькага чалавека, прагне жывых галасоў эпохі. У нас на постсавецкай прасторы ўжо даўно ніхто не асэнсоўвае вайну, а ўся Эўропа піша пра чалавека на вайне ці ў нейкім катаклізьме, такія творы досыць папулярныя.

У гэтай літаратуры ёсьць свая касмагонія. Алексіевіч піша кнігі пра вялікі пералом з чалавекам, як чалавек гэта перажывае, цісьне зь сябе раба. Пісьменьнік можа напісаць і пра аднаго чалавека, і гэта будзе космас, цікавы ўсім.

Я друкавала на Свабодзе артыкул пра тое, што Сьвятлана — менавіта беларускі аўтар. Я так лічу і буду лічыць далей. І для краіны свой „Нобэль“ — вялікі-вялікі бонус. Гэта перамога Беларусі — калі гэтага нехта не разумее цяпер, зразумеюць потым, убачаць. Гэта інтэлектуальны брэнд краіны. Да нас прачнецца цікавасьць, ад нас будуць чакаць большага і большага, нас будуць перакладаць. Допінг свайго кшталту. Я, напрыклад, буду вельмі чакаць, калі перакладуць Бабкова ці Бахарэвіча. Ці Чарухіна, які піша на расейскай, але без сумневаў беларускі аўтар».