Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юлія Чарняўская пра Сьвятлану, сястру гастарбайтэра


Нататкі пра кнігу Сьвятланы Алексіевіч «Час сэканд хэнд»

Некалькі дзён таму ў Менск прыйшла кніга, якую беларусы чакалі ўжо даўно: «Час сэканд хэнд» Сьвятланы Алексіевіч. Чакалі рознага: хто — праўды пра час і сябе, хто — «паклёпу» на беларусаў, хто — крытыкі СССР, хто — апалёгіі «саўка». Гэтыя сацыяльныя экспэктацыі блукалі па прасторы байнэту — па форумах і сацыяльных сетках, выраджаючыся ў пякучае пытаньне: беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч ці не (расейская, «савецкая» — патрэбнае падкрэсьліць)? Вагі схіляліся да меркаваньня «савецкая».

Памятаю: пасьля выхаду яе першай кнігі «У вайны не жаночае аблічча» таксама казалі: ня наша. Толькі тады мелася на ўвазе — не савецкая. «Не такая» ў яе вайна. Няправільная, негераічная, занадта страшная. Няма станоўчых прыкладаў для падрастаючага пакаленьня. Цяпер сказалі б: няма пазытыву. Затое Быкаў і Адамовіч прызналі: наша.

Памятаю вэрхал, які ўзьняўся пасьля кнігі Алексіевіч «Цынкавыя хлопчыкі». Тады крычалі, што яна аплёўвае войска... І зноў яна была «ня наша». Заступіліся за яе пісьменьнікі-франтавікі: Мікола Аўрамчык, Янка Брыль, Васіль Быкаў, Аляксандар Дракахруст, Навум Кісьлік, Валянцін Тарас. Для іх яна была — свая.

Памятаю, пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 г. Алексіевіч напісала адкрыты ліст прэзыдэнту. Што, яе хвалілі за сьмеласьць, дзякавалі за адкрытую спробу заступніцтва? Не, яе лаялі за фармулёўку «Паважаны спадар прэзыдэнт». Ну так, мы значна лепш разумеем фотажабу, крык, лаянку: у гэтым мы куды больш савецкія, чым Алексіевіч. А сутнасьць ліста засталася за кадрам.

Трыццаць гадоў на Бацькаўшчыне Сьвятлану Алексіевіч спрабуюць «на зуб», імкнучыся паставіць на ёй лэйбл, пячатку. Дык чыя яна, Сьвятлана Алексіевіч ? Ці пачуем мы яе голас у гэтым шумным хоры?

Алексіевіч кажа: я савецкі чалавек. Яшчэ яна кажа: я пішу па-руску, гэта мая родная мова, мне блізкая руская літаратурная традыцыя. А яшчэ: я беларуска, я вырасла ў беларускай вёсцы, мае кнігі нарадзіліся з размоваў беларускіх сялянак — пра вайну, пра Сталіна, пра голад, пра гора... За гэтыя трыццаць гадоў яна стала сваёй для амэрыканцаў, швэдаў, немцаў, японцаў. Ідэнтычнасьць бывае падвойная, трайная — асабліва ў сучаснасьці, гэта — асновы этналёгіі. Але як з гэтым справіцца тым, хто прывык мераць простым крытэрам «наша — ня наша»?

Чытаючы кнігу, я ні разу не задумалася над тым, чый жа пісьменьнік Сьвятлана Алексіевіч. Як не задумваюся, чытаючы Кундэру або Сарамагу. Вялікі пісьменьнік належыць сьвету. Святлана Алексіевіч — ня проста добры пісьменьнік: яна пісьменьнік вялікі.

Тыя, каго турбуе «этнічнае пачуцьцё» і палітычная плятформа аўтара, лёгка знойдуць у кнізе пацьверджаньне сваім спэкуляцыям. Там ёсьць усё — і «беларускасьць», і «рускасьць», і «савецкасьць», і «антысавецкасьць». Яе герой — і дэмакрат, і сталініст, і лібэрал, і прыхільнік моцнай рукі — такая ўжо сьвядомасьць чалавека, якога захапіла хваляй гісторыі і выкінула на незнаёмы бераг — бераг іншых ідэй і каштоўнасьцяў, іншых стэрэатыпаў, іншых уяўленьняў. І вось ён стаіць, выплёўваючы салёную ваду, спрабуе адкашляцца — спалохана азіраецца, спрабуе будаваць свой маленькі дом з абломкаў ранейшых ілюзій і новых патрабаваньняў. Герой Алексіевіч — чалавек узрушаны. Яна кажа: я — гэта таксама ён. Можна пасьмяяцца зь яго, можна вывесьці яго за інтэлектуальныя дужкі, але за дужкі жыцьця — ня выйдзе.

Вось голас старога бальшавіка: паміраючы, ён хрыпіць пра рэвалюцыю, якой здрадзілі. А вось — Марыі Вайцяшонак, дачкі польскага афіцэра-асадніка — аб ссылцы на руднікі, пра гады жыцьця ў зямлянцы, аб страшным сіроцтве ў савецкім прытулку. Хто зь іх савецкі, хто не? Абое савецкія. Мы постфактум можам выбіраць, якая ідэнтычнасьць нас больш грэе, але нарадзіцца і вырасьці ў іншым месцы ўжо не атрымаецца. Таўро радзімы. Дык, можа быць, паспрабаваць зразумець: што з намі было, каго з нас рабілі, кім мы сталі? Выкрасьліць — або ўсьвядоміць? Усьвядоміўшы — пераадолець.

Урэзалася ў памяць — баюся, назаўсёды: «Котку прынесьлі з-за зоны. У зоне катоў не было. Яны не выжывалі, таму што не заставалася ніякіх рэштак ежы, мы ўсё падбіралі. Елі нейкую траву, карэньчыкі, аблізвалі каменьчыкі. Нам вельмі хацелася пачаставаць чым-небудзь котку, але ў нас нічога не было, і мы кармілі яе сваёй сьлінай пасьля абеду і — яна ела. Яна ела !» І яшчэ — пра партызанаў. Яны ўзялі ў свой атрад уцекачоў з гета — габрэяў. Гэтыя партызаны гераічна змагаліся з ворагам, а ў вольны час гвалтавалі «жыдовачку» Розу. Роза зацяжарала — і яе
застрэлілі. І тут жа, на суседніх старонках — пра дэманстрацыі, пра пірагі, якія бабуля пякла 7 лістапада, пра палкае жаданьне ўступіць у піянэры. Пра братэрства. Пра вялікі і цікавы культурны кантэкст: пра кнігі, якія рабіліся ня проста літаратурнымі падзеямі — часткай асабістага сьветапогляду. Аб добрых суседзях, якія былі ну проста як родныя... Перагорнеш старонку: і вось, арыштаваная маці просіць суседку выгадаваць дачку, і тая гадуе, сямнаццаць гадоў няньчыць, ратуе, беражэ дзіця, робіцца другой мамай — але менавіта яна напісала данос на сяброўку, паквапіўшыся на яе пакой.

Думалі, што зло — гэта Сталін, а зло — гэта прыгожая і вясёлая цётка Оля, якая «настукала» на роднага брата. Ён загінуў у лягеры. З гэтым як? Выкрасьлім? Або пакінем?

Перагорнем яшчэ некалькі старонак. «Мароз! У маёй жонкі лёгкае паліто, яна цяжарная. Грузім на станцыі вугаль, дровы, цягаем тачкамі. Незнаёмая дзяўчына пытаецца ў жонкі: „У цябе такое лёгкае паліто. А цяплейшага няма?“ „Не“. „Ведаеш, а ў мяне два. Было добрае сваё, і ад Чырвонага Крыжа атрымала новае. Ты скажы мне свой адрас, я вечарам прынясу“. Увечары яна прынесла нам паліто, але не старое сваё паліто, а новае». Таксама выкрасьлім? Або пакінем? Ці падзелім напалам? Маўляў, тое, што дровы грузілі ў мароз — гэта савецкае. А што паліто новае прынесла (цікава, колькі гадоў у яе потым не было новага паліто — пяць, дзесяць?) — вось гэта чалавечае. А ці выйдзе падзяліць — зьлітае ў адно.

Такі ўжо ён, савецкі чалавек. І дзіця чужое выгадуе, і данос напіша. І кашулю апошнюю зь сябе здыме — і ў анус падсьледнаму ножку старога крэсла запхне.

Толькі вось думаю: а, можа, не савецкі? Можа, і не было яго, савецкага чалавека? «Культура — толькі тоненькая яблычная лупіна над распаленым хаосам» — гэта не Максім Горкі сказаў, гэта Ніцшэ. І ідэалёгія , і палітыка, і этыка — яблычная лупіна. І распалены хаос нашых страхаў і жаданьняў унутры. Чалавек — ён розны, у залежнасьці ад таго, што пераможа: не ва ўладзе пераможа — у яго асабістым выбары: тонкая лупіна або распалены хаос? І не таму, што ён савецкі. Таму што чалавек. «Не, шырокі чалавек, занадта нават шырокі, я б звузіў».

Савецкае ў кнізе — толькі падстава, ракурс.

Чаго патрабавала гэтая краіна? О, рознага — у розныя пэрыяды свайго існаваньня. Непасільнага. Подзьвігу, узьведзенага ў норму. Прыніжэньня, узьведзенага ў яе ж. Як быццам усе мы — шараговыя штрафбату. Але важнейшае іншае: як гэтыя патрабаваньні адбіваліся на чалавечай прыродзе? Чым адгукаліся? Адны кажуць: я толькі выконваў загад. Іншыя бяруць адказнасьць за ўсё — і спрабуюць выскачыць зь сябе, стаць лепшымі, лепшымі. Задыхаюцца, згараюць — але ад іх ідзе нешта накшталт цёплай хвалі. Распаўсюджваецца. Кранае кагосьці хоць краёчкам. Трэція крычаць: вялікую дзяржаву развалілі, сукі... Чацьвёртыя: гэта краіна вінаватая, вось будзе ў нас дэмакратыя... А ў маладых у галовах усё гэта намяшана — перамяшана.

Што лепш — мучыцца віной велізарнай краіны, якая яшчэ шуміць у вушах — як сваёю, асабістай віной? Адчуваць віну за тое, што не зрабіў? Зь якой нагоды?

Ці выкрасьліць гэтую краіну-віну з падручнікаў — і са сьвядомасьці? Паверыць, што яна ніколі і не была тваёй? Замяніць больш прывабным вобразам: лякіраваным СССР, дзе ўсе былі браты і сёстры, ліцьвінскім праектам, эўрапейскім мінулым? А куды падзець жыцьцё дзядоў і бабуль, татаў і мам, плоць ад плоці, кроў ад крыві? Таксама выкрасьліць — як выдаткі? Ці пакінуць цалкам для «хатняга ўжываньня», сказаўшы сабе: вось «увойдзем у Эўропу», і ў нас такое будзе немагчыма апрыёры. А як жа зь немцамі, якія жылі ў самой, што ні на ёсьць, «эўрапейскай Эўропе»? З італьянцамі пры Мусаліні? Таксама выкрасьліць? Ці ня шмат што мы выкрэсьліваем, спадарства? Ці не сябе саміх?

Яшчэ дзьве, тры старонкі...

«...Забівалі за ўсё ... ня там нарадзіўся, не на той мове размаўляеш. Не спадабаўся камусьці з аўтаматам... А да таго як мы жылі? У сьвяты першы тост у нас быў „за сяброўства“... Жылі разам...»

Скажаце. гэта хлусьня, дзяржаўная ідэалёгія? Не паверу. Лёзунгі «За савецкі інтэрнацыяналізм» — вось гэта дзяржаўная ідэалёгія. Прамовы Брэжнева. Палітінфармацыі ў школе. А тосты за сяброўскім сталом — не. Як і той факт, што празь некалькі тыдняў малыя дзеці гэтых сяброў білі ножыкам пудзіла. «Хто гэта?» — «Гэта армянская старая. Мы яе забіваем. Цётка Рыта, а хто ты? Чаму ў цябе рускае імя?» Шырокі чалавек...

Кніга Алексіевіч — акт пакаяньня. Просьба да нас — не, не аб пакаяньні, гэта асабістая справа кожнага. Аб пытаньні да самога сябе. Бо пытаньне да сябе — самае страшнае пытаньне. Але калі не задавацца гэтымі жудаснымі пытаньнямі — хто гарантуе нам, што на новым вітку сьпіралі яны зноў ня вернуцца да нас: і зноў у форме выбару паміж жыцьцём і сьмерцю, здрадай або гібельлю? А мы будзем не гатовыя. Не таму, што ў нас не было Нюрнбэрскага працэсу над камуністамі — таму, што ў нас не было Нюрнбэрскага працэсу над сабой.

Для сябе ў нас заўсёды знойдзецца апраўданьне: Ленін, Сталін, Брэжнеў. А гэта ня Сталін. Гэта прыгожая цётка Оля.

Вось з чаго стваралася тканіна таго самага жахлівага СССР. Тканіна большай часткі постсавецкіх краін — з таго самага. Плюс «недаразьвіты капіталізм», маскульт, інтэрнэт, нязграбна-глямурны папулізм у палітыцы... патрэбнае падкрэсьліць, адсутнае дадаць. Пярэстая сумесь. Вось таму і «час сэканд хэнд».

Алексіевіч не асуджае. Просіць: задумайцеся. Пачніце зь сябе. Як зрабіла сама.

Што ж, калі зь сябе... У мяне няма тугі па «вялікай дзяржаве», але я ведаю, што нарадзілася ў СССР. Так было запісана ў маім пашпарце і напісана ў маім буквары. Гэта — зусім ня ордэн, хутчэй, стыгма, але яе не адменіш. Радзіма — тое, дзе табе выпала нарадзіцца і вырасьці. Яе можна любіць ці ненавідзець, або і тое і другое адначасова, але постфактум падмяніць месца нараджэньня нельга. Толькі — схлусіўшы. І таму Алексіевіч — мой пісьменьнік, а яе героі — часткі майго «я»: стары салдат-самагубца і юны паэт-самагубца, маскоўская дзяўчынка, якая трапіла ў тэракт у мэтро, і менская дзяўчынка, якая трапіла ў турму; армянка, якая выйшла замуж за азэрбайджанца; і малады таджыцкі гастарбайтэр, які жыве ў склепе.

«А ты ведаеш, што ў нас была вялікая вайна? ... Кожны дзень я бачыў па два-тры трупы. Мама ў школу не пусьціла. Я сядзеў дома і чытаў Хаяма. У нас усе чытаюць Хаяма. А ты яго ведаеш? Калі ведаеш, то ты мне сястра».

Скончу некалькімі фразамі зь ліста Алексіевіч прэзыдэнту. Ліста, ўжо забытага намі — бо 2010 год таксама сыходзіць з нашай сьвядомасьці: занадта мы занятыя аддзяленьнем ягнят ад козьлішчаў і развагамі на тэму, хто «свой», а хто «чужы».

«Вы верыце ў сілу, я веру — у слова. Баюся, што ў гэтай узаемнай нянавісьці мы можам страціць тое, што большае за ўсіх нас — Беларусь. У гісторыі застаюцца не героі „зачыстак“, а тыя, хто мудры і велікадушны».

Ці пачуем?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG