У сацсетках зьявілася інфармацыя пра тое, што намесьніца дэкана па выхаваўчай працы факультэта беларускай і расейскай філялёгіі БДПУ Сьвятлана Сычова «ходзіць па інтэрнаце і пэрсанальна прымушае студэнтаў галасаваць датэрмінова», за што абяцае выходны ў суботу напярэдадні выбараў. У посьце разьмешчаны нумар тэлефону Сычовай і заклік «пацікавіцца, як у яе настрой і чаму чалавек, які вучыць будучых настаўнікаў беларускай мовы, робіць супрацьпраўныя дзеяньні».
Карэспандэнт Свабоды пацікавіўся ў выпадкова абраных іншагародніх студэнтаў БДПУ — кажуць, што пра прымус галасаваць нічога ня чулі. Адны згадваюць, што раней прасілі, але не прымушалі пайсьці на выбары датэрмінова, ды цяпер не было і такога. Іншыя кажуць, што галасаваць не прымушалі, ды выходны абяцалі. Некаторыя самі пайшлі на датэрміновае галасаваньне, напісаўшы просьбу пра лішні выходны.
Сама Сьвятлана Сычова заявіла карэспандэнту Свабоды, што не прымушала, а паведамляла студэнтам пра датэрміновае галасаваньне:
«Ніхто асабіста не прымушае студэнтаў галасаваць датэрмінова. Ідэя даводзілася, што вы можаце пайсьці галасаваць датэрмінова, але хто мае права прымушаць кагосьці? У нас ёсьць такое, што студэнты прасіліся паехаць дадому, але сказаць, што мы ім абяцаем, што яны паедуць дадому, калі прагаласуюць датэрмінова, — не, канечне. Можа, у іншых унівэрсытэтах перажываюць, што студэнты, зарэгістраваныя ў Менску, хочуць паехаць дадому... Тым больш, што халодна, ім трэба вопратку памяняць, яны ходзяць паўраспранутыя, ім актуальна зьезьдзіць дадому. У мяне ёсьць дзеці, якія сказалі, што яны ў Менску і пойдуць 11-га. Ідзіце 11-га, гэта вашае законнае права. Ніхто нікога не прымушае. Прапанавалі — такое ёсьць, але прымушаць ніхто ня мае права. Гэта паклёп, я раззлаваная».
Нагадаем, што студэнты іншых ВНУ паведамляюць пра прымус галасаваць датэрмінова і пагрозы пазбаўленьня месцаў у інтэрнатах за адмову, таксама пра пагрозы за няўдзел у датэрміновым галасаваньні кажуць рабочыя заводаў. У выпадку такіх пагрозаў рэкамэндуецца па магчымасьці фіксаваць іх прынамсі на дыктафон мабільнага тэлефону, па магчымасьці фатаграфаваць пісьмовыя сьведчаньні, паведамляць пра такія выпадкі СМІ і праваабаронцам.
У першы дзень датэрміновага галасаваньня, паводле зьвестак ЦВК, прагаласавалі 4,49% беларускіх выбаршчыкаў. Праваабаронцы кажуць пра завышэньне яўкі.