Выдаленьне з участкаў было абгрунтавана тым, як кіраўнікі камісіяў зразумелі партыйныя пратаколы аб вылучэньні ў назіральнікі, кажа старшыня Віцебскай абласной партыйнай арганізацыі Мікалай Селівашка:
«Ва ўсіх пратаколах па вылучэньні ў назіральнікі напісана, што чалавека накіроўваюць назіраць „на Выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 11 кастрычніка 2015 году“ — менавіта такую поўную назву маюць сёлетнія выбары. Так пішацца і на сайце Цэнтравыбаркаму. Аднак сёньня людзям заявілі, што яны маюць права назіраць за выбарамі толькі на працягу аднаго дня — 11 кастрычніка. Маўляў, у вас саміх так напісана. Назіральнік мае права назіраць за выбарчым працэсам на ўсім яго працягу, калі ў пратаколе асобна не агаворана, што ён накіроўваецца на адзін дзень ці на шэсьць дзён. У нашых пратаколах аніякіх такіх агаворак не было. Мы проста назвалі падзею так, як яе называе Цэнтравыбаркам».
Мікалай Селівашка цьвердзіць, што ні з чым падобным раней не сутыкаўся, хоць раней ня раз быў чальцом абласной выбарчай камісіі і вырашаў у гэтай якасьці розныя супярэчлівыя пытаньні. Выдаленьне партыйцаў-назіральнікаў выглядае не як недарэчнасьць, а як нейкія сплянаваныя захады, лічыць кіраўнік абласной партыйнай арганізацыі. Бо з усіх апазыцыйных партыяў менавіта Партыя левых «Справядлівы сьвет» вылучыла самую вялікую колькасьць назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі Віцебшчыны.