Расея нарошчвае вайсковую прысутнасьць у Сырыі, што выклікае заклапочанасьць у заходняй кааліцыі — усе бачаць, да чаго прывялі ранейшыя «міратворчыя місіі» Масквы ў Малдове, Грузіі, Украіне.
Свабода пагутарыла з экспэртам, які ацаніў высілкі міжнароднай супольнасьці і падзяліўся ўражаньнямі пра кантакты з грамадзянамі краіны, якая рызыкуе зьнікнуць у нетрах хаосу.
Карэн Акопаў — былы супрацоўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі, працаваў у прадстаўніцтве Беларусі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Пазьней — удзельнік беларускага дэмакратычнага руху. Цяпер жыве ў Швэцыі, у гарадку Вэстэрвік паблізу Лінчопінга.
Паводле колькасьці ўцекачоў у Швэцыі сырыйцы ўпэўнена выйшлі на першае месца.
«Расейцы ў дадзеным канфлікце выступаюць на баку тырана Асада, які замардаваў свой народ, які сваімі захадамі загубіў больш за 250 тысяч чалавек, які ўрэшце ўтварыў сытуацыю, што з краіны ўцяклі 4 мільёны чалавек. Яны ўступілі ў гэты канфлікт на баку Асада і асабліва гэтага не хаваюць...»
— Карэн, зыходзячы з новых абставінаў, якія ўтварыліся праз аднаасобнае рашэньне Расеі распачаць авіяўдары па пазыцыях баевікоў ІГІЛ у Сырыі, ці пойдзе гэта на карысьць ці на шкоду — як жыхарам, так і міжнароднай супольнасьці? Меркаваньні падзяляюцца радыкальна...
— Асноўная праблема палягае ў тым, што Расея, па сутнасьці сваёй, — краіна недамоваздольная. Гэта ўжо даказана гісторыяй і сучаснай, і мінулай. Таму дзеяньні Масквы непрадказальныя, нават калі вы ўступаеце зь ёю ў нейкія дамоўленасьці і абкладаеце гэта ўмовамі. Вось у чым галоўная праблема. Як будзе дзейнічаць Расея — ніхто ня ведае. Гэта першае.
Па-другое, у кіраўніцтва Расеі падыход да міжнародных пытаньняў, можна сказаць, заўсёды ўтылітарны. Яны гатовыя пытаньнямі выключна гандляваць. Сырыя для іх у дадзеным выпадку — гэта магчымасьць вырашыць шмат якія пытаньні адначасова. І перш за ўсё — вырашыць пытаньне пераключэньня іхняга канфлікту з Украінай у шырэйшую плоскасьць. Прычым пераключэньне ідзе ў рэчышчы нібыта жаданьня супрацы зь міжнароднай супольнасьцю. Пры гэтым ускосна прапануюць шырокай кааліцыі, якую ўзначальваюць ЗША, заплюшчыць вочы на пытаньне Ўкраіны. Маўляў, мы вам дапамагаем у Сырыі, а вы робіце выгляд, што нічога не адбываецца ва Ўкраіне. Вось так яны ставяць пытаньне. Таму зь імі надзвычай складана весьці размовы. Зразумела, што ЗША на такі гандаль ніколі ня пойдуць...
— Чаму ЗША ня хочуць мець яшчэ аднаго саюзьніка ў барацьбе з так званай «Ісламскай дзяржавай»? Адчайнага, добра ўзброенага, хай сабе і прынцыпова адрознага ідэалягічна?
— Таму што ў ЗША свае прынцыпы — ня гандаль краінамі, як нейкімі рэчамі на рынку, а адстойваньне сваіх прынцыпаў. Яны падтрымліваюць людзей дэмакратычных поглядаў, людзей адкрытых; выступаюць за адкрытае грамадзтва, за правераныя часам ідэалы і каштоўнасьці. Ва ўсялякім выпадку, шмат каму ў сьвеце гэта вядома.
А Расея выступае абаронцай іншых прынцыпаў. Па вялікім рахунку, у іх прынцыпаў, па сутнасьці, няма. Для Расеі, як заўсёды, галоўнае — гэта захаваньне ўласнага рэжыму. Прыз прызму гэтага зразумела, што захаваць усё як ёсьць становіцца задачай № 1. Што, у сваю чаргу, час ад часу выходзіць на канфлікты зь іншымі краінамі — каб пераключыць увагу свайго ўласнага насельніцтва з унутраных праблемаў на зьнешнія. То бок досыць складаная камбінацыя.
Хачу сказаць, што ў дадзеным выпадку — праз умяшаньне ў Сырыю — я ня бачу ніякай станоўчай ролі Расеі. Можа, у пэрспэктыве яна і вырасьце ў станоўчую, але гэта вельмі і вельмі сумнеўна.
— Ці падзяляеце меркаваньне, што Расея ваюе ня столькі з тэрарыстамі «Ісламскай дзяржавы», колькі з апанэнтамі прэзыдэнта Асада?
— Я схільны падзяляць такое дапушчэньне, бо пра гэта сьведчаць і факты — куды яны робяць асноўныя ўдары, па якіх пазыцыях. Хоць Міністэрства абароны і заяўляе, што яны б’юць выключна па ІГІЛ, але гэта даволі спрэчная тэза. Факты, якія публікуюцца і ў амэрыканскіх СМІ, і ў брытанскіх, кажуць пра тое, што яны накіроўваюць свой агонь ня столькі супраць ісламістаў, колькі супраць апазыцыі Асада. Зрэшты, гэта і зразумела. Справа ў тым, што калі б Расея мела сапраўднае жаданьне супрацы з шырокай міжнароднай кааліцыяй, гэтае пытаньне было б абмеркаванае, бакі б прыйшлі да кансэнсусу ў рамках ААН, перш за ўсё Рады бясьпекі. Тады быў бы міжнародны мандат на правядзеньне міратворчай вайсковай апэрацыі пад парасонам ААН. Але ж гэта ня зроблена, у іх нават спробы такой не было. Таму што яны самі разумелі, што ў дадзеным канфлікце выступаюць на баку тырана Асада, які замардаваў свой народ, які сваімі захадамі загубіў больш за 250 тысяч чалавек, які ўрэшце ўтварыў такую сытуацыю, што з краіны ўцяклі 4 мільёны чалавек. Расея ўступіла ў гэты канфлікт на баку Асада і асабліва гэтага не хавае. У Крамлі ведаюць, што ня могуць выконваць міжнародны мандат, які маглі б атрымаць разам зь іншымі краінамі на правядзеньне вайсковай апэрацыі ў Сырыі. Але нават такой спробы не было зроблена. Яны гэта зрабілі па-свойму, вось такім чынам.
— Паступае інфармацыя пра тое, што Асад можа сысьці ў адстаўку, калі гэта «паспрыяе нармалізацыі сытуацыі». Ці не запозна — пасьля чатырох гадоў поўнамаштабнай вайны?
— Складана нешта наконт гэтага казаць. Разумееце, адстаўка Асада — пытаньне больш тэхнічнае. Што будзе з Сырыяй далей — вось што насамрэч невядома, прычым абсалютна. Тое, што Асада ў гэтай краіне ня будзе, — гэта ўжо зразумела. Асад ужо ня будзе кантраляваць Сырыю ні пры якіх умовах, ні пры якіх абставінах. Пытаньне ў тым, што будзе з гэтай краінай, ува што яна ператворыцца. Пакуль што вымалёўваецца так, што краіны як такой, хутчэй за ўсё, ня будзе, застанецца нейкая дэфармаваная тэрыторыя без акрэсьленых межаў. Ператворыцца ў «чорную дзірку» на мапе сьвету, дзе ня будуць дзейнічаць ніякія законы, акрамя, магчыма, законаў шарыяту. Вось якое цяпер пытаньне паўстае — што і як рабіць з гэтай тэрыторыяй?
— Карэн, ці сутыкаліся вы падчас працы ў зьнешнепалітычным ведамстве з сырыйскімі дыпляматамі, чыноўнікамі? Калі так, то якое яны пакінулі ўражаньне?
— Так, калі яшчэ працаваў у структуры МЗС — у беларускім прадстаўніцтве ў ААН — то з адным сырыйцам быў нядрэнна знаёмы. Мы нават хадзілі ў адну групу дадатковага вывучэньня ангельскай мовы. Дык вось скажу, што калі браць у цэлым, паводле ўзроўню адукацыі, то сырыйскія дыпляматы былі вельмі і вельмі высокага ўзроўню. Яны выдатна валодалі мовамі, добра арыентаваліся ў міжнародным становішчы, то бок уражаньні выключна станоўчыя. Зразумела, гэта не азначае, што такая ж сытуацыя па ўсёй Сырыі, але ўсё ж хачу сказаць, што там людзі адукаваныя. Зрэшты, вы ж, пэўна, ведаеце, што і сам Башар Асад вучыўся за мяжой, у Лёндане, атрымаў эўрапейскага ўзроўню адукацыю. Іншая справа, якіх мэтаў прытрымліваюцца вышэйшыя кіраўнікі, якім мэтам яны прысьвячаюць, безь перабольшаньня, сваё жыцьцё. Гэта ўжо, вядома, іншае пытаньне.
— Што тычыцца Швэцыі, дзе вы цяпер жывяце. Шырока адчыняць дзьверы мігрантам улады пачалі ў сярэдзіне 1990-х, калі ішла вайна на Балканах. Ці падзеі ў Сырыі справакавалі павелічэньне наплыву ўцекачоў? Ці ўсё ж пераважна яны асядаюць у Нямеччыне?
— Даходзяць і сюды, прычым шмат хто даходзіць. Па колькасьці мігрантаў, якія прыбываюць у Швэцыю, Сырыя цяпер займае першае месца. Далей ідзе Ірак, а пасьля яго — Аўганістан. Тры асноўныя краіны, зь якіх цяпер уцякаюць, у Швэцыю ў тым ліку. Плынь павялічылася заўважна: паглядзеў статыстыку, дык за верасень лічба ўцекачоў падвоілася — 24 тысячы чалавек. Толькі за апошні тыдзень прыбылі блізу 7 тысяч. Даволі шмат людзей. Гэта, вядома, стварае вельмі вялікую нагрузку і на бюджэт дзяржавы, і на сацыяльную сытуацыю. Таму што людзі прыбываюць, іх трэба нейкім чынам дзесьці расьсяляць, ім патрэбныя ежа, лекі. Не заўсёды гэта ўдаецца зрабіць апэратыўна — асабліва пытаньне крытычнае з жытлом. Жыльля не хапае катастрафічна, яго, па сутнасьці, ужо няма.
— Знаёмыя немцы зь ліку талерантных, якія дагэтуль да праблемы мігрантаў былі збольшага індыфэрэнтныя, беспрэцэдэнтны паток уцекачоў ужо ўспрымаюць нашмат больш абвострана. У швэдзкім грамадзтве настроі зьмяняюцца?
— Вядома, ёсьць занепакоенасьць, і перш за ўсё тым, наколькі ёмісты рынак працоўнай сілы ў Швэцыі. Насамрэч ён не такі і вялікі, што вынікае з дасьледаваньня, якое праводзіў Эўрапейскі зьвяз па краінах-сябрах. У 2008 годзе Швэцыя зьмяніла сваё заканадаўства: наймальнікам дазволілі браць на працу людзей, якія не належаць Эўразьвязу, неграмадзянаў, умоўна кажучы. І сытуацыю гэта на сёньняшні момант толькі пагоршыла. Плюс, вядома, ціск мігрантаў на рынак працы. На высокакваліфікаваную працу, як правіла, мігрантаў ня могуць узяць, таму што не хапае адукацыі, нестае мовы. Нават калі мова — яшчэ не такая вялікая праблема, то пытаньне адукацыі паўстае вельмі моцна. На працу нават не высока-, а проста кваліфікаваную ўжо вельмі цяжка трапіць. Застаецца ня вельмі шырокі сэктар працы некваліфікаванай, дзе мігранты, безумоўна, ствараюць значны ціск адзін на аднаго, дзе ўтвараецца моцная канкурэнцыя. Што, зразумела, ня вельмі добра таксама. Карацей кажучы, працэс інтэграцыі мігрантаў у швэдзкае грамадзтва аказаўся ня вельмі наладжаны, стварае вялікія пытаньні адносна таго, што і як зь імі будзе.
Карэн Акопаў нарадзіўся ў Менску ў 1967 годзе. Скончыў гістарычны факультэт і факультэт міжнародных адносінаў Белдзяржунівэрсытэту. На дзяржаўнай службе — цягам 1995–2003 гадоў, працаваў у структурах міністэрстваў гандлю і замежных спраў. Ад жніўня 1999-га да лютага 2001 году — у прадстаўніцтве Беларусі пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. У 2009 годзе пераехаў на сталае жыхарства ў Швэцыю. Ад 2007-га — у грамадзкім руху «За свабоду», сябра Беларускага народнага фронту, хоць з таго часу, як пераехаў у Швэцыю, актыўнай дзейнасьці ў палітычных структурах не вядзе. Валодае ангельскай, швэдзкай, францускай мовамі. Мае двух сыноў.