Аляксандар Лукашэнка, як звычайна, адмовіўся выступаць па тэлебачаньні і ўдзельнічаць у дэбатах у якасьці кандыдата. Маўляў, няма калі гуляць у гэтым шоў, трэба займацца важнымі дзяржаўнымі справамі. Насамрэч жа кіраўнік Беларусі праводзіць актыўную перадвыбарчую піяр-кампанію, толькі ў іншай форме.
Ужо даводзілася пісаць, што адмена Ўсебеларускага народнага сходу ўтварыла заўважную пустэчу ў кампаніі Аляксандра Лукашэнкі па мабілізацыі сваіх прыхільнікаў. Я таксама выказаў прагноз, што будзе прыдуманы які-небудзь іншы спосаб, каб сымбалізаваць кульмінацыю, заключны акорд агітацыі ў падтрымку дзейнага кіраўніка дзяржавы. Напрыклад, вялікі канцэрт ці хакейны матч у гонар нязьменнага правадыра. Бо самотныя пікеты, якія парасстаўляныя на вуліцах гарадоў і нібыта павінны агітаваць за яго, — ня вельмі пераканаўчая дэманстрацыя ўсенароднай любові. А трэба ж неяк паказаць, з чаго вырасьлі традыцыйныя 80% галасоў за Аляксандра Лукашэнку, якія і цяпер, пэўна, выдасьць Цэнтравыбаркам. Бо народ жа павінен паверыць, што прэзыдэнт «усенароднаабраны».
Але я трохі памыліўся. Гэтым разам не было ні канцэрту, ні хакея. Замест гэтага было прыдумана нешта больш арыгінальнае, нестандартнае. «Нам шоў праводзіць ня трэба», — заявіў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе ў чацьвер. А ў пятніцу шоў правялі.
Гэтым разам улады прыдумалі новы, нават містычны фармат, культава-магічны рытуал. Мяркуючы па ўсім, апошняй піяр-акцыяй у падтрымку А. Лукашэнкі стала «Малітва за Беларусь», праведзеная ў мінулую пятніцу.
Удзел у ёй узялі прадстаўнікі рэлігійных канфэсіяў, нацыянальных аб’яднаньняў. Плюс масоўка ў выглядзе студэнтаў і школьнікаў, якіх мабілізавалі на шоў. Незалежныя СМІ ўжо абышла рэпліка аднаго настаўніка, якога абавязалі прывесьці туды дзяцей: «Мала нам хакея і выбараў, цяпер вось яшчэ прыдумалі маліцца ўсім».
Хоць мерапрыемства названа «Малітва за Беларусь», але, як вядома, у афіцыйным дыскурсе Беларусь асацыюецца з адным чалавекам. Як гэта і было прадстаўлена на сцэне. У цэнтры відовішча быў Лукашэнка з сынамі. У царскай Расеі ў праваслаўных храмах існавала спэцыяльная малітва за імпэратара і чальцоў ягонай сям’і. У гісторыі ўсё паўтараецца. Малітва за Беларусь элегантна ператварылася ў малітву за Лукашэнку.
Хачу зьвярнуць увагу на сакральны фармат мерапрыемства. Гэта вам не хакей, а апэляцыя да Бога.
Нам прапанавалі легітымацыю на ўзроўні, вышэйшага за які не бывае.
Вось у апазыцыйным асяродзьдзі ідзе дыскусія наконт унутранай ці міжнароднай легітымацыі Лукашэнкі падчас гэтай выбарчай кампаніі і як гэта можна прадухіліць. А тут нам прапанавалі легітымацыю на ўзроўні, вышэйшага за які не бывае.
Цяпер беларусы павінны зразумець, кім пасланы, як той калядны анёл, Аляксандар Лукашэнка на дабраслаўлёную і трохі грэшную беларускую зямлю. Гэта Божы промысел.
А ўжо для зусім някемлівых сутнасьць гэтага рэлігійна-палітычнага цырыманіялу растлумачыў кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Павел. Ён назваў Лукашэнку «Ваше превосходительство... наш отец». А потым проста і бяз хітрыкаў выказаў галоўнае, дзеля чаго і было арганізавана гэтае перадвыбарчае мерапрыемства:
«Мы стаім на парозе важнага выбару. Ад імя ўсіх праваслаўных хачу выказаць падтрымку вашай палітыкі», — сказаў ён, зьвяртаючыся да кіраўніка дзяржавы.
У мяне асабіста ёсьць вялікія сумненьні, што ўсе праваслаўныя падзяляюць думку мітрапаліта Паўла. Але кожны жанр дыктуе свае правілы.
Таму ўсім беларусам трэба супакоіцца і не спрачацца з вышэйшымі сіламі. Няхай прыйдзе валадарства тваё, няхай будзе воля твая. Алілуя.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.