2 кастрычніка ў Парыжы праходзіць другая ў гэтым годзе сустрэча лідэраў «нармандзкай чацьвёркі». Мэтай перамоваў Франсуа Алянда, Ангелы Мэркель, Уладзімера Пуціна і Пятра Парашэнкі будзе ўмацаваньне міру на ўсходзе Ўкраіны.
Трохбаковая кантактная група па ўрэгуляваньні канфлікту на Данбасе 29 верасьня падпісала пагадненьне пра адвод узбраеньняў калібрам менш за 100 мм. З 2 кастрычніка фіксуецца поўная адсутнасьць абстрэлаў.
Расейскі палітоляг Дзьмітры Арэшкін лічыць, што канфлікт блізкі да завяршэньня — Данбас паўторыць лёс Паўночнага Кіпру, Нагорнага Карабаху, Прыднястроўя, Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, застанецца «няшчаснай тэрыторыяй, непрызнанай, без правоў, без эканомікі».
«Сытуацыя зьмянілася ў тым сэнсе, што прыйшло ўсьведамленьне вычарпанасьці рэсурсаў. Пуцін ня можа прасоўвацца далей, таму што любое прасоўваньне па Ўкраіне ў бок, напрыклад, Марыюпалю ці Славянску, будзе выклікаць вялізную колькасьць выдаткаў — дыпляматычных, санкцыйных, ваенных і дэмаграфічных у выглядзе „грузу 200“. Украінскі бок таксама ня можа наступаць. Таму што варта яму перайсьці да прамога супрацьдзеяньня, як гэта выкліча незадаволенасьць з боку заходніх партнэраў, і ў дадатак тады Расея атрымае падставы для павелічэньня сваёй прысутнасьці на Данбасе. Таму выглядае, што нарошчваць ваеннае супрацьстаяньне нікому ня выгадна.
Таму лідэры краін „нармандзкай чацьвёркі“ будуць дамаўляцца. Не з прычыны гуманнасьці, а проста таму, што вычарпаныя рэсурсы для супрацьстаяньня. Будуць дамаўляцца прыкладна па сцэнары „Прыднястроўе-2“: лінія разьмежаваньня застанецца там, дзе яна знаходзіцца цяпер, Расеі і Ўкраіна будуць сьпіхваць Данбас адна адной, таму што камусьці ж трэба плаціць за пабіты посуд, ніхто браць на сябе гэта ня хоча — ні Парашэнка, ні Пуцін. Застаецца толькі пашкадаваць тых, хто застаўся на той тэрыторыі, над якой працягнуў сваю руку зьбіральнік рускіх зямель Уладзімер Пуцін. На жаль, сытуацыя вельмі трывіяльная. Менавіта так і сканчаюцца ўсе падобныя ініцыятывы. Але хаця б не страляюць — і тое добра».
Украінскі палітоляг, прафэсар катэдры паліталёгіі Кіева-Магілянскай акадэміі Аляксей Гарань адзначыў, што важным пытаньнем на сустрэчы «нармандзкай чацьвёркі» будуць выбары ў так званых ЛНР і ДНР, адмены якіх патрабуе ўкраінскі прэзыдэнт Пятро Парашэнка. На думку прафэсара, Пуцін можа пагадзіцца на выбары ў ЛНР і ДНР паводле ўкраінскага закаданаўства, выгандлёўваючы адмену санкцыяў для Расеі:
«На прызнаньне фэйкавых выбараў у так званых ЛНР і ДНР ня пойдзе ні Ўкраіна, ні Захад. Гэтая пазыцыя была сфармулявана вельмі дакладна. Больш за тое, фэйкавыя выбары могуць быць расцэненыя як парушэньне менскіх дамоўленасьцяў. Таму я лічу, што Пуцін толькі выкарыстоўвае ідэю з выбарамі ў самаабвешчаных рэспубліках для торгу. Але гэтая ідэя ня ёсьць выйгрышнаю для яго. З улікам таго, што галоўная мэта Пуціна — дасягнуць паслабленьня ці нават зьняцьця санкцый, больш шанцаў быць зацьверджанай мае ідэя выбараў у Данбасе паводле ўкраінскага заканадаўства. Тым больш, што такі пункт прапісаны ў менскіх дамоўленасьцях. Таму я не выключаю, што ў выніку Пуцін пагодзіцца, каб выбары ў ЛНР і ДНР прайшлі паводле ўкраінскага заканадаўства.
Таксама Пуцін штучна ўздымае стаўкі ў Сырыі. Выкарыстоўвае сваю там прысутнасьць у гандлі з Захадам. Хоча паказаць, які ён вялікі і моцны, і што зь ім трэба лічыцца. Безь яго ніяк нічога ня вырашыцца. Калі ў пытаньні Данбасу ён паказвае гатоўнасьць да выкананьня дамоўленасьцяў, то ў Сырыі — палохае, паказвае моц. Але мэта адна — адмена ці паслабленьне санкцый».