Як паведамляе афіцыйны партал Беларускай праваслаўнай царквы church.by, цырымонія пачнецца а 17.45.
У крыпце храма пахаваюць сем капсул зь зямлёй, набранай зь месцаў пахаваньня беларускіх воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У прыватнасьці, зямля прывезеная з Аўстрыі, Вугоршчыны, Нямеччыны, Італіі, Польшчы, Славакіі і Чэхіі. Акцыя з пахаваньнем капсул пакладзе пачатак працы па зборы зямлі зь месцаў пахаваньня беларускіх воінаў з усяго сьвету.
Акрамя Лукашэнкі, у цырымоніі «Малітва за Беларусь» возьмуць удзел мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павал, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, а таксама кіраўнікі і прадстаўнікі дзяржаўных органаў, дыпляматычных місіяў, рэлігійных арганізацыяў каталікоў, юдэяў і мусульман, палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў.
На дзяржпрадпрыемствах набіраюць удзельнікаў для «Малітвы за Беларусь»: прапануюць прадставіць па 10–15 чалавек ад прадпрыемства. Пра гэта паведаміў чытач Свабоды, які даслаў скрыншот запрашэньня.