Пад барыльефам на левым баку манумэнта вострым прадметам надрапана па-расейску : «Предатель».
«Я цэлую ноч ня спала — так расхвалявалася. Пашкоджаньне першай заўважыла Натальля Крывашэй — яна даглядае помнік. Сама Натальля й напісала заяву ў міліцыю. Зь міліцыяй я езьдзіла на могілкі. Там зьніклі й некаторыя вянкі ад украінцаў. Думаю, што вандалізм учыняецца наўмысна праз падказкі непрыяцеляў Беларусі і Ўкраіны, — лічыць маці героя «Нябеснай Сотні» Ніна Жызьнеўская.
1 кастрычніка Ніна Жызьнеўская зьвязалася праз тэлефон з украінскай амбасадай у Менску — там яе запэўнілі, што амбасада падрыхтуе ноту пратэсту на адрас гомельскіх мясцовых уладаў.
Ніна Жызьнеўская сёньня мела размову і з украінскімі бацькамі герояў «Нябеснай Сотні» — яны рыхтуюць адмысловую заяву на імя Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем абараніць ад вандалаў магілу Міхаіла Жызьнеўскага.
Ніна Жызьнеўская паведаміла пра вандалізм і ў адміністрацыю прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі. Украінскі прэзыдэнт мінулай восеньню асабіста ўручаў бацькам ордэн «Герояў Нябеснай Сотні», якім пасьмяротна ўзнагароджаны Міхаіл Жызьнеўскі за асабістую мужнасьць і адвагу падчас украінскай Рэвалюцыі Годнасьці.