Міністар абароны ЗША Эштан Картэр заявіў, што ў Сырыі, на яго думку, Расея наносіць ўдары па суперніках прэзыдэнта Башара Асада, а не па баевіках экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава». Пра гэта ён заявіў на брыфінгу, спэцыяльна скліканым у Пэнтагоне ў сераду.
Вашынгтон і яго саюзьнікі падазраюць, што сваімі дзеяньнямі Масква падтрымлівае рэжым прэзыдэнта Башара аль-Асада.
Выступаючы перад журналістамі, Картэр паведаміў, што расейскія дзеяньні нясуць рызыку распальваньня вайны ў Сырыі. Паводле яго ацэнкі, авіяўдары былі нанесеныя па тых участках, дзе няма баевікоў групоўкі «Ісламская дзяржава».
Ён заявіў, што дзеяньні Расеі ў Сырыі «памылковыя» і «асуджаныя на правал». Картэр таксама сказаў, што паветраныя апэрацыі кааліцыі ў Іраку і Сырыі будуць праводзіцца па-ранейшаму, нягледзячы на просьбы Расеі аб тым, каб ЗША сышлі з паветранай прасторы Сырыі.