Крохкі мір у Данбасе замарожвае расейска-ўкраінскі канфлікт

(Зьлева направа) Азамат Кульмухаметаў, Леанід Кучма і Марцін Сайдзік падчас прэс-канфэрэнцыі пасьля пасяджэньня кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на паўднёвым усходзе Ўкраіны. Менск, 30 верасьня 2015 году

Экспэрты з Кіева і Масквы ацэньваюць новыя дамоўленасьці па адводу зброі ў Данбасе, падпісаныя ў Менску.

Пасьля некалькіх месяцаў абмеркаваньняў Трохбаковая група па ўрэгуляваньні крызісу на Данбасе падпісала 29 верасьня ў Менску дакумэнт пра адвод узбраеньняў калібрам да 100 мілімэтраў ад лініі дотыку бакоў.

Яго падпісалі прадстаўнікі ўсіх трох бакоў кантактнай групы: АБСЭ — Марцін Сайдзік, Украіны — Леанід Кучма і Расеі — Азамат Кульмухаметаў.

Аляксандар Захарчанка і Ігар Платніцкі — кіраўнікі сэпаратысцкіх груповак «ДНР» і «ЛНР», якія падтрымліваюцца Расеяй, а ва Ўкраіне прызнаныя тэрарыстычнымі, — маюць падпісаць дакумэнт у сераду, 30 верасьня.

Карасёў: Поўнамаштабнай вайны на Данбасе ня будзе

Украінскі палітоляг, дырэктар Інстытуту глябальных стратэгіяў і адзін зь лідэраў партыі «Адзіны Цэнтар» Вадзім Карасёў лічыць, што з улікам прадэманстраванага ў Нью-Ёрку жаданьня Расеі вярнуцца ў вялікую сусьветную палітычную гульню, хутчэй за ўсё, сэпаратысцкія анклявы на Данбасе будуць выконваць умовы падпісанага дакумэнту. Што, у сваю чаргу, будзе сьведчыць пра пачатак новай фазы канфлікту — глыбокай замарозкі:

Вадзім Карасёў

«Дамоўленасьць пра тое, што на працягу двух дзён будзе адведзеная вайсковая тэхніка калібрам менш за 100 мілімэтраў, супадае з дэдлайнам 2 кастрычніка, калі мае адбыцца сустрэча ў „нармандзкім фармаце“ ў Парыжы. Як мінімум, гэта азначае замарозку канфлікту. Гэта яшчэ не паўнавартасны мір, бо ёсьць імавернасьць, што вайсковую тэхніку адвядуць, а ў Парыжы ні пра што не дамовяцца. Але, прынамсі, гэта фіксацыя таго, што бакі ня хочуць сёньня поўнамаштабнай вайны. Можна спадзявацца на доўгачасовую замарозку канфлікту. Што да выкананьня дамоўленасьцяў, то наўрад ці яно будзе на 100 працэнтаў. Але пэўныя працэдуры маніторынгу з боку АБСЭ, ціск на Расею, якая стаіць за сэпаратысцкімі групоўкамі, а таксама вялікае жаданьне Расеі вярнуцца ў вялікую палітычную гульню і зноў быць прынятаю заходнімі партнэрамі — усё гэта будзе вымагаць ад Расеі ціску на сэпаратысцкія анклявы, каб тыя выконвалі абавязаньні, якія цягнуць за сабой падпісаныя ў Менску дакумэнты».

Фралоў: Праблема Данбасу ня будзе вырашана, пакуль ён ня стане аўтаномным

Кіраўнік аддзелу Ўкраіны і Крыму расейскага Інстытуту краін СНД Кірыл Фралоў прытрымліваецца думкі, што падпісаньне дакумэнту пра адвод узбраеньня — гэта фармальны крок, і бакі на яго пайшлі, каб прадэманстраваць вынікі працы Трохбаковай групы на сустрэчы «нармандзкай чацьвёркі» ў Парыжы, якая пройдзе 2 кастрычніка.

Гаварыць пра спыненьне канфлікту, на думку Фралова, не выпадае — праблема Данбасу ня будзе вырашана, пакуль ён ня стане цалкам аўтаномным:

Кірыл Фралоў

«Падпісаньне гэтага дакумэнту прымеркавана да сустрэчы ў „нармандзкім фармаце“ 2 кастрычніка. Пры гэтым Уладзімер Пуцін у Нью-Ёрку вельмі дакладна зафіксаваў той факт, што менскія дамоўленасьці Кіевам ня выкананыя. Гэта заключаецца ў тым, што ніводзін дакумэнт ня ўзгоднены з ЛНР і ДНР, кіеўскія ўлады не праводзяць зь імі перамоваў па пытаньнях амністыі. Таму падпісаньне дакумэнту пра адвод узбраеньняў калібрам да 100 мілімэтраў ад лініі кантакту бакоў нічога не мяняе ў галоўным — Кіеў ня выканаў менскія дамоўленасьці, і няма гарантыі, што пагадненьне будзе выканана гэтым разам. Таму падстаў для спыненьня канфлікту няма. Канфлікт мае вельмі глыбокі характар. А фазы абвастрэньня і замірэньня ў канфлікце на Данбасе бывалі і раней. Магчыма, што на нейкі час актыўныя баявыя дзеяньні спыняцца, але спробы Кіева падпарадкаваць сабе Данецк і Луганск ня спыняцца».