Дзейны кіраўнік Беларусі і адзін з чатырох кандыдатаў на новых прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандар Лукашэнка, выступаючы 27 верасьня на саміце ААН па ўстойлівым разьвіцьці ў Нью-Ёрку, зьвярнуў увагу на «крызіс міжнародных структур». У прыватнасьці, ён сказаў, што «Ў цэлым узьнікае адчуваньне, што іх роля апошнім часам зводзіцца да таго, каб быць месцам спрэчак паміж дзяржавамі, а часта і сродкам націску на асобныя краіны, якія чымсьці не дагадзілі ўладным асобам». Як іншыя кандыдаты рэагуюць на выступ Лукашэнкі і што б яны заявілі з трыбуны ААН?
Гайдукевіч: ААН мусіць кантраляваць любую краіну, якая дзейнічае па-за правіламі ААН
Прэтэндэнт на найвышэйшую дзяржаўную пасаду Сяргей Гайдукевіч кажа, што ацэньваць выступ Лукашэнкі можна па-рознаму:
«Я калі апошні раз выступаў па тэлебачаньні (другі зварот да выбарцаў), дакладна абазначыў пазыцыю. І вельмі шмат гаварыў пра Арганізацыю Аб’яднаных Нацыяў. Гаварыў, што Беларусь павінна ўзмацніць сваю працу ў ААН. Але калі дзейны прэзыдэнт лічыць, што трэба выступаць так, як ён выступіў у Нью-Ёрку, то гэта яго пытаньне.
Калі б я быў прэзыдэнтам і ў мяне была магчымасьць выступіць з трыбуны ААН, я б заклікаў арганізацыю да далейшага руху. А рух, у маім разуменьні, — гэта такая сытуацыя, калі пры наяўнасьці Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў немагчымымі робяцца канфлікты. І нельга, каб ААН так доўга рэагавала на гэта. Прыкладаў тут можна прывесьці шмат. Я заўжды лічыў, што ААН мусіць кантраляваць любую краіну, вялікую і малую, якая дзейнічае па-за правіламі ААН. І гэта трэба рабіць неадкладна».
Караткевіч: Свабодная і мірная Эўропа залежыць ад таго, якое месца ў ёй зоймуць Беларусь, Украіна і Малдова
Кандыдатка на прэзыдэнта лічыць выступ дзейнага кіраўніка Беларусі на саміце «дзяжурнай прамовай чалавека, які пакрыўджаны на ўвесь сьвет»:
«Калі б я была абранай і мела магчымасьць выступіць перад міжнароднай супольнасьцю, то, канечне, закранула б некалькі пытаньняў. Напрыклад, распавяла, у якім стане сёньня знаходзіцца Беларусь. І казала б пра тое, што свабодная і мірная Эўропа залежыць ад таго, якое месца знойдуць Беларусь, Украіна і Малдова, ад таго, ці стануць яны свабоднымі, з моцнай эканомікай і дэмакратычнай грамадзянскай супольнасьцю.
Другое — гэта тое, што ў нашым рэгіёне варта пачынаць дэмілітарызацыю. І ў маёй праграме ёсьць пункт, які зьвязаны зь мірным і нэўтральным статусам Беларусі. Мірнасьць нашай краіны, зьніжэньне роўню гонкі ўзбраеньняў спрыялі б і зьніжэньню напругі, якая, на жаль, цяпер ёсьць.
І па-трэцяе — мы лічым, што дэмакратычныя каштоўнасьці ўнівэрсальныя. І яны дапамагаюць разьвівацца многім краінам. Але, на нашу думку, гэта не перашкаджае разьвівацца культурам, народам у кірунку іхніх нацыянальных каштоўнасьцяў».
Улаховіч: У ААН найперш казаў бы пра дачыненьні Беларусі і Расеі
Кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Улаховіч лічыць: ужо той факт, што паездка прэзыдэнта Беларусі ў Нью-Ёрк адбылася і што ён выступіў з трыбуны ААН, — гэта «важны палітычны крок»:
«Які б прарыў Беларусі на ўсясьветную арэну ні быў, я не магу лічыць яго інакш як карыснай для нашай краіны справай. А на такую шырокую, як ААН, ды яшчэ падчас юбілейнага саміту, — гэта сапраўды вялікі прарыў. І для мяне гэта і высокая ацэнка дзейнасьці прэзыдэнта Лукашэнкі. І адначасова ў гэтым я бачу і знак павагі да нашай сярэдняй па памерах эўрапейскай краіны, альбо, можна казаць, краіны, якая знаходзіцца паміж Эўропай і Азіяй».
Мікалай Улаховіч кажа, што калі б ён атрымаў права выступіць з трыбуны Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, то найперш казаў бы пра дачыненьні Беларусі і Расеі:
«Я не хаваў і не хаваю, што раблю асноўны ўпор на Расею. Я ведаю, што ў нас заўжды стратэгічным партнэрам будзе Расея. Таму, як бы каго гэта ні хвалявала, зьмяненьняў у Беларусі без Расеі не адбудзецца. А калі нехта кажа, што супраць Беларусі можа ўзьнікнуць ваенная агрэсія ці ў Беларусі можа адбыцца нейкі ваенны канфлікт, то я адказваю: на 99% такога не адбудзецца. А 1% я пакідаю на выпадковасьць, у жыцьці ўсё можа здарыцца. Але гэты 1% выпадковасьці — на мільён гадоў».