Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна», былы палітвязень Алесь Бяляцкі не прымае падзелу правоў чалавека на сапраўдныя і тыя, якія «нам спрабуюць навязваць»:
«На жаль, з сумам чытаю гэтыя выказваньні Аляксандра Лукашэнкі і бачу, што разуменьне правоў чалавека з боку кіраўніка дзяржавы знаходзіцца, як казалі ў нас у войску, „ніжэй водаправоду“. Правы чалавека не разумеюцца амэрыканцамі, аўстралійцамі, гвінэйцамі і беларусамі па-рознаму. Яны аднолькавыя для ўсіх, гэта прынцып ААН, які быў закладзены яшчэ ў 1948 годзе, амаль 70 гадоў таму. Калі мы лічым сябе цывілізаванай краінай, якая жыве ў межах міжнародных дамоваў, мы мусім выконваць пагадненьні, якія мы самі падпісалі, а не перабіраць, што вось гэта мне падабаецца, гэта сапраўдныя правы чалавека, а гэта мне не падабаецца».
Карэспандэнт: Як, на вашу думку, Беларусь выконвае агульныя патрабаваньні ў галіне правоў чалавека?
«Вельмі кепска. Ня быў бы ў нас прызначаны спэцдакладчык ААН, калі б добра выконвала. Гэтая сыстэма якраз і ўводзіцца адносна крытычных краін, дзе правы чалавека парушаюцца груба і трывала. А мы пастаянна маем сытуацыю, калі ў нас ёсьць спэцдакладчык. Пры гэтым яго не пускаюць у Беларусь — вось як выконваецца пагадненьне з ААН, паводле якога трэба даць магчымасьць дакладчыку самому ацаніць сытуацыю з правамі чалавека ў краіне. І тут атрымліваецца — што хачу, тое і раблю. Але гэта не цывілізаваны, не разумны падыход, а падыход, бліжэйўы да савецкага, дзе правы чалавека разумеліся толькі як права працаваць. Вось працаваць вы павінны, а што да іншых правоў, дык іх, выбачайце, няма. Дык гэтак мне ў калёніі казалі, што твае правы — гэта працаваць і выконваць правілы ўнутранага распарадку. Яны ж і абавязкі адначасова. Вось так, здаецца, і прэзыдэнт Беларусі ўспрымае правы і абавязкі беларусаў — толькі ў працоўным пляне, але далёка ня ў пляне дэмакратычных свабодаў. Нічога больш за тое, што прапісана ў беларускай Канстытуцыі, беларускія праваабаронцы не патрабуюць, каб дзяржава выконвала. Хай не парушаюць беларускую Канстытуцыю».
Якія найбольш сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі адзначае праваабаронца Алесь Бяляцкі?
Алесь Бяляцкі мяркуе, што фактычна ўсе галіны і грані правоў грамадзянаў знаходзяцца пад кантролем выканаўчай улады. Кіраўнік «Вясны» назваў самыя балючыя тэмы:
— права на атрыманьне і распаўсюд інфармацыі,
— права на сходы і асацыяцыі,
— права на правядзеньне празрыстых і свабодных выбараў,
«Нават права на працу пасьля дэкрэту аб „дармаедах“ ператвараецца ў абавязак, хоць паводле Канстытуцыі гэта права, а не абавязак. Мы ўсё часьцей бачым, як дзяржава ўлазіць у канстытуцыйныя правы грамадзянаў, як яна іх абмяжоўвае», — сказаў Алесь Бяляцкі.
Алесь Бяляцкі асабліва зьвярнуў увагу на выказваньне Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Беларусь «апошнім часам пасьпяхова прайшла ўнівэрсальны агляд у Радзе ААН па правах чалавека».
«Адносна словаў Лукашэнкі, што Беларусь пасьпяхова прайшла працэдуру ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду ў Радзе ААН па правах чалавека, дык гэтая інфармацыя выглядае не зусім праўдзівай. Бо насамрэч беларускі ўрад атрымаў вельмі багата заўваг з боку іншых краінаў адносна парушэньняў правоў чалавека, пра што кіраўнік дзяржавы мусіць ведаць. Там ёсьць вельмі сур’ёзныя заўвагі, на якія трэба зьвярнуць увагу, калі ёсьць жаданьне, каб краіна выглядала больш-менш цывілізавана ў вачах усяго сьвету. Але на сёньняшні дзень Беларусь па ўзроўні правоў чалавека адстае ня толькі ад эўрапейскіх краін, ня толькі ад нашых бліжэйшых суседзяў, але і ад шмат якіх краін Паўднёвай Амэрыкі і Афрыкі».