Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і яшчэ пяць дыктатараў, зь якімі мірыўся Захад


Роля Беларусі ва ўкраінска-расейскім крызісе, вызваленьне палітычных вязьняў і адносна лібэральная выбарчая кампанія, імаверна, прывядуць да зьняцьця альбо істотнага зьмякчэньня санкцыяў у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў і асабіста Аляксандра Лукашэнкі.

Нешта падобнае ўжо адбывалася ў 2008 годзе, тады з турмы выйшаў Аляксандар Казулін, у 2009-м Беларусь далучылася да Ўсходняга партнэрства, Лукашэнка наведаў Італію і Літву, а ў Менску пабываў шэраг высокапастаўленых эўрапейскіх чыноўнікаў, у тым ліку старшыня Эўракамісіі Жазэ-Мануэл Барозу і камісар да справаў зьнешняй палітыкі Бэніта Фэрэра-Вальднэр. Падчас выбарчай кампаніі ў беларускай сталіцы пабывалі міністры замежных справаў Нямеччыны і Польшчы і атрымалі гарантыі аб кіраўніка краіны аб тым, што выбары 2010-га году пройдуць як ніколі дэмакратычна.

Атрымалася зусім наадварот — пасьля пратэстнай акцыі 19-га сьнежня за кратамі апынуліся сотні дэманстрантаў, былі заведзеныя дзясяткі крымінальных справаў, многія кандыдаты ў прэзыдэнты, як і шараговыя ўдзельнікі акцыі, атрымалі вялікія тэрміны зьняволеньня.

«Свабода» разабралася, як часта і чаму Захад мірыцца з дыктатарамі і да чаго гэта прывяло ў іншых краінах.

Лібія

Зьяўляўся кіраўніком Лібіі з 1969 па 2011 год, у 80-х краіна выступала спонсарам тэрарыстычных арганізацый па ўсім сьвеце, была ўдзельнікам некалькіх вайсковых канфліктаў у Афрыцы і па загадзе Каддафі ў небе над Брытаніяй быў зьбіты грамадзянскі самалёт. Тады, у 1988 годзе, над мястэчкам Локербі ў Шатляндыі загінулі 270 чалавек. У наступным годзе быў зьбіты самалёт над Нігерам, загінуль 170 чалавек. У абодвух выпадках тэракты зьдзейсьнілі прадстаўнікі лібійскай выведкі, існуюць сьведчаньні, што Кадафі асабіста аддаваў загады.

У 1986 годзе ЗША бамбавалі тэрыторыю краіны, ў 1990-х Рада Бясьпекі ААН і шэраг краінаў увялі санкцыі, былі замарожаныя замежныя рахункі.

Паступова Лібія прызнала свой удзел і выплаціла мільёны даляраў кампэнсацыі сем’ям загінулых. Хоць сам Кадафі нават пасьля выплатаў казаў, што ён і ўрад ня маюць дачыненьня да гэтых справаў, а выплацілі грошы проста так, каб захаваць гонар.

У 2003 годзе ААН спыняла санкцыі ў дачыненьні да Кадафі, часткова санкцыі былі зьнятыя і з боку ЗША. У Афрыцы прайшоў чэмпіянат сьвету па шахматах (першы раз на гэтым кантыненце), Кадафі быў абраны старшынём Афрыканскай рады. Лібійскі лідэр сустракаўся з прэзыдэнтам Францыі Сарказі, прэм’ерамі Італіі і Гішпаніі.

У 2011-м годзе ў краіне пачалася грамадзянская вайна, Рада Бясьпекі ААН дазволіла замежным краінам умяшацца ў канфлікт для абароны мірнага насельніцтва, краіны НАТА бамбавалі Лібію. Кадафі быў забіты паўстанцамі ў гэтым жа годзе.

Бірма

ЗША і ЭЗ на працягу амаль дваццаці год падтрымлівалі рэжым жорсткіх эканамічных санкцыяў супраць уладаў гэтай краіны ў сувязі з масавымі парушэннямі правоў чалавека і ваеннымі злачынствамі.

У сьвеце шырокі розглас атрымаў хатні арышт палітыка Аун Сан Су Чжы. Лідэрка апазыцыі знаходзілася пад вартай фактычна 20 год, з 1990 па 2010. Яна ляўрэатка прэміі Сахарава і Нобэлеўскай прэміі міру. Пасьля вызваленьня яна сустрэлася з Баракам Абамам і Дэвідам Кэмэранам, была абраная дэпутатам. Выступіла за правядзеньне палітычных рэформаў.

У 2011 годзе ўрад Тэйна Сэйна паступова ўзяў курс на эканамічную і палітычную лібэралізацыю, што павялічыла прыток інвэстыцый у краіну. У красавіку 2012-га Рада міністраў ЭЗ прыняла рашэньне аб скасаваньні візавых і эканамічных санкцыяў, але захавала эмбарга на пастаўкі зброі ў краіну. ЗША пакуль санкцыі не адмянялі, але прызналі прагрэс у справе выкананьня міжнародных нормаў.

Куба

Санкцыі супраць Кубы былі ўведзены ЗША ў 1960 годзе. Яны рабіліся больш жорсткімі да 2008-га году. Генэральная Асамблея ААН заклікала амэрыканцаў спыніць эканамічную блакаду выспы, падкрэсліваючы што такая палітыка супярэчыць міжнароднаму праву. Цікава, што ў падтрымку рэзалюцыі выступала абсалютная большасць, супраць галасавалі лічаныя краіны, як правіла ЗША і Ізраіль. Да адмены санкцыяў заклікаў былы прэзідэнт ЗША Джымі Картэр і Папа Рымскі Павел II.

Урон ад санкцыяў для Кубы ацэньваецца амаль у трыльён долараў. Пасля прыходу да ўлады Барака Абамы, санкцыі захоўваліся, але не рабіліся больш жорсткімі. У красавіку 2015-га прэзідэнт ЗША паслабіў санкцыі, адносіны паміж краінамі пачалі нармалізоўвацца. У Гаване зноў адкрылася амерыканская амбасада, на цэрымоніі прысутнічаў дзяржсакратар Джон Керы. Важную ролю ў перамовах адыграў Папа Рымскі Францыск. Зараз ён наведаў абедзьве краіны.

Узьняцьце амэрыканскага сьцяга ў Гаване
Узьняцьце амэрыканскага сьцяга ў Гаване

ЕС уводзіў санкцыі супраць Кубы ў 2003-м на знак пратэсту супраць парушэння правоў чалавека. Санкцыі былі скасаваныя ў 2008-м.

Іран

Санкцыі супраць Ірану былі ўведзеныя ў 2006 годзе на ўзроўні ААН. Яны забараняюць экспарт у Іран атамнай, ракетнай і значнай часткі вайсковай прадукцыі, прамых замежных інвэстыцый, экспарт прадукцыі, а таксама любыя кантакты з Арміяй Вартавых Ісламскай Рэвалюцыі, банкамі і страхавымі кампаніямі.

Адпаведныя рэзалюцыі Рада Бясьпекі прымала яшчэ тройчы, апошні раз у 2010-м годзе. Да таго ж, асобныя санкцыі былі ўведзеныя ЗША, Канадай, Аўстраліяй, Японіяй і Паўднёвай Карэяй.

Прычына такіх рашэнняў — іранская ядзерная праграма. Перамовы па яе спыненьні вяліся фактычна з 2003-га, а вынік далі ў 2015-м. 20 ліпеня Рада Бясьпекі адзінагалосна прагаласавала за спыненьне санкцыяў, таксама так паступяць краіны, якія ўвялі іх у аднабаковым парадку.

Санкцыі будуць скасоўваць паступова, напрыклад, эмбарга на пастаўкі зброі захаваецца на пяць год.

Наогул, палітыка рэч гнуткая і дзівіцца адмене санкцыяў ня варта — ёсьць краіны, дзе сытуацыя з правамі чалавека параўнальная зь беларускай, але санкцыі супраць іх ня ўведзеныя, Азэрбайджан і Казахстан таму яскравыя прыклады. Ці проста не пасьпяваюць уводзіцца — Віктар Януковіч паступова абмяжоўваў свабоды і правы грамадзянаў, ЭЗ выказваў занепакоенасьць, але народны пратэст аказаўся хутчэйшы і больш эфэктыўны за дыпляматычную рэакцыю замежнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG