Аляксей Маркулевіч зь Берасьцейшчыны зьехаў ваяваць за «ДНР». Сястра Вераніка кажа, што ні яна, ні маці не маглі адгаварыць Аляксея ад гэтага.
З 20-гадовай Веранікай, сястрой Аляксея Маркулевіча зь вёскі Велямічы Столінскага раёну карэспандэнт Свабоды зьвязаўся праз сацыяльныя сеткі. Дзяўчына пагадзілася крыху пагутарыць пра брата, які зьехаў ваяваць у Данбасе на баку «ДНР».
— Як вы ўспрынялі рашэньне брата ехаць ваяваць у Данбасе? Спрабавалі адгаварыць?
— Канечне, адгаворвала, але ведала, што ня ўдасца: ён ніколі свайго рашэньня не мяняе. Ён вельмі ўпарты — калі штосьці вырашыць, то няма сэнсу яго адгаворваць. Ён сьмелы і рашучы — а гэта ў нейкай ступені зараз самае галоўнае.
— А як маці? Моцна перажывала? Сварылася на яго?
— Канечне, маці больш за ўсіх перажывае, ды і сварылася. Але ведала, што ён заўсёды дапамагае людзям, чым можа, таму ўжо крыху зьмірылася.
— Ён вам загадзя паведаміў, што едзе на вайну, ці ўжо паставіў перад фактам, калі там быў?
— Мы даведаліся дзесьці за два дні да ад’езду.
— Аляксей нядаўна быў у войску, яму там спадабалася?
— Так, казаў, што спадабалася. Ён сам туды захацеў.
— Кажаце, упарты характар у яго. А як ён вучыўся?
— Вучыўся добра, гісторыяй захапляўся, ды і вучоба яму лёгка давалася.
— Што, на ваш погляд, паўплывала на яго рашэньне ехаць на вайну? Навіны па тэлебачаньні?
— Напэўна, проста ня змог глядзець, што цярпяць людзі. Я не гляджу і ня веру навінам, ды і ён не дурны —калі выбраў такі бок, значыць, усё правільна зрабіў.
— Вы не баіцеся, што Аляксея пасьля вяртаньня будуць перасьледаваць міліцыя ці КДБ? Бо забаронена ж удзельнічаць ва ўзброеных канфліктах на тэрыторыі іншых краінаў. ЦІ турбавалі вашу сям’ю са спэцслужбаў, цікавіліся Аляксеем?
— Не, не цікавіліся. Ды і вяртацца ён пакуль не зьбіраецца. Канечне, хвалюемся, але спадзяюся, што хутка ўсё скончыцца і наступіць мір ва ўсім сьвеце.
— Ён часта тэлефануе?
— Тэлефануе вельмі рэдка, толькі лістуемся ў сацыяльных сетках. Апавядае вельмі мала, хацелася б больш размоваў.
— У вас вялікая сям’я?
— Так, яшчэ сястра малодшая ёсьць. Маці і бацька ў разводзе, але падтрымліваюць вельмі добрыя адносіны.