Той, хто ратуе памяць

Калодзезнае. Капыльскі раён

Пры ўезьдзе ў вёску Калодзезнае, што недалёка ад Капыля, стаіць вялікі манумэнт. Фігура барадатага партызана з аўтаматам і стэла зь дзьвюма сотнямі імёнаў. Можна было б падумаць, што гэта брацкая магіла палеглых вяскоўцаў.

Але калі праехаць у канец вёскі, на могілкі, падарожніка ўразяць даты на помніках. На большасьці надмагільляў дата стаіць адна. 9 лютага 1943 году. Менавіта ў гэты дзень нацысты зьнішчылі вёску разам з жыхарамі. І могілкі гэтыя ўзьніклі тады ж, у 43-м. Тыя, хто пасьпеў уцячы і застаўся ў жывых, хавалі тут сваіх сваякоў.

Цяпер могілкі выглядаюць проста ўзорна. Няма ніякага пустазельля, новая бэтонная пафарбаваная агароджа, вялікі эўфрасіньнеўскі крыж на ўваходзе і манумэнт памяці ахвяр. І ўсё гэта вынік працы аднаго чалавека. Жыхара вёскі Віктара Дашкевіча. Былога інжынэра-будаўніка, а сёньня пэнсіянэра.

— У 43-м годзе па абедзе прыехалі паліцаі да маладых дзяўчат, павячэралі. І папярэдзілі, каб заўтра раніцай, як мага раней, бралі ногі ў рукі і ўцякалі. Бо вёскі не застанецца. І гэтая сям’я ўся ўцякла. Застаўся толькі гаспадар. Каго пасьпелі, папярэдзілі. Нехта ўцёк, нехта схаваўся, дзе здолеў схавацца. Астатнія згарэлі ў сваіх хатах. Хто згарэў цалкам, хто як. На хатнішчах, дзе зямля адтала, зьбіралі гэтыя косткі, целы, проста попел у гаршчок. А ўжо на вясну заснавалі гэтыя могілкі. Вось такі лёс вёскі. Каго забівалі, каго спальвалі. Расказвала жанчына. У гародзе пограб быў. Ён уяўляў сабой яму са страхой. Столі зь перакрыцьцямі не было. Там сядзелі гэтая жанчына, яе сястра і брат. Сядзелі і дрыжалі па кутках. На што яны разьлічвалі, цяжка сказаць. Адчыняюцца дзьверы, зазірае чалавек, сьвеціць, бачыць іх. А другі стаіць на вуліцы і крычыць: «Ну, што там?» Бог даў розум гэтаму чалавеку. Ён сказаў: «Няма нікога». І зачыніў дзьверы. І яны засталіся жывыя.

Павал Ермаліцкі — апошні з тых, хто цудам выжыў у той дзень. За што нацысты спалілі менавіта Калодзезнае? Стары Павал агучыў мне адну з вэрсіяў. Пакараць павінны былі суседнюю Калоўку. За ўдзел шматлікіх калоўцаў у партызанскім руху. Але жыхарка Калоўкі, якая працавала ў акупацыйнай адміністрацыі, падрабіла дакумэнты. Вэрсія неверагодная.

— У Калоўцы Гэля Муравіцкая працавала перакладчыцай у паліцыі, у Капылі. А ў Калоўцы былі Іваноўскія ў партызанах, нехта яшчэ. У нас у Калодзезным адзін толькі Бокун быў у партызанах. І вось яна ўбачыла надпіс «Калоўка». І перапісала на «Калодзезнае». Пераправіла. Але гэта былі толькі чуткі. Праверыць іх немагчыма. Муравіцкая зьбегла разам зь немцамі.

За кожным прозьвішчам пад гэтай агульнай датай стаіць свая трагедыя. Пра дэталі той ночы слухаць вельмі цяжка. Мой суразмоўца страціў у тую ноч маці і двух братоў.

— Чаму мы засталіся жывыя? У нас у гумне было сховішча. Была яма. Бацька нас, трох братоў, у яму пасадзіў, а сам залез на гарышча і бачыў усё. Як усё зьнішчалася. А маці сказаў, калі што, ратавацца ў сховішчы пад печкай. Там быў прарыты ход. Але ж яна з двума дзецьмі малымі засталася ў хаце, аднаму тры месяцы. Куды ж ты залезеш? Яны засталіся ў хаце. Маці яны забілі, а дзяцей яны прыкладамі проста забівалі. Маці мы знайшлі. На яе ўпала бэлька. Бэлька тая да канца не згарэла. І мы пад ёй пазналі матчыны грудзі. А так ні рук, ні ног не знайшлі. І дзеці ўсе згарэлі, разам з калыскай.

Помнік памяці ахвяраў уяўляе сабой сьцяну са сьвежых бярвёнаў. І сярэдзіна гэтай сьцяны спаленая да чарнаты. Чорныя абгарэлыя бярвёны адразу даюць зразумець, хто тут пахаваны. Ад абгарэлай сьцяны вядзе дарожка з чырвонай галькі да паклоннага крыжа. Слова Віктару Дашкевічу.

— Я пачаў церабіць, штурмаваць, не даваць спакою ў сельсавеце. Каб зьвярнулі ўвагу на могілкі. Бо тут стаяла такая агароджа, якая падала ад ветру. Прайшоўшы па могілках, я не далічыўся 70–80 прозьвішчаў. А потым, калі ўжо высеклі кусты, мы ўбачылі курганы. Гэта магілы, дзе людзі пахаваныя, і ніякага знаку. Вось тады і ўзьнікла ідэя памянуць гэтых людзей. Я прыдумаў вось такі тэкст і паклікаў архітэктара з Капыля. Ідэя з абгарэлымі бярвёнамі — гэта яго. Уладзіміра Швайбовіча.

Каб годна ўвекавечыць памяць землякоў, Віктару Дашкевічу прыйшлося некалькі гадоў ледзь не ваяваць з усімі ўладнымі адміністрацыямі, ад сельсавету да аблвыканкаму. Адкрываць дабрачынны рахунак, зьбіраць сродкі ад нашчадкаў тых, хто тут пахаваны, сварыцца з МНС, пераконваць чыноўнікаў, пісаць лісты і артыкулы, дайсьці да галоўнага на той час абласнога начальніка Батуры. І так некалькі гадоў. Паслухаем жонку пана Віктара Алену.

— Людзі дзяліліся неахвотна. Давалі па 150, па 200 тысяч. А некаторыя ні капейкі не далі. Яны думалі, што мы карысталіся гэтымі грашыма. Усё ж праз банк ідзе.

— Беларусаў можна арганізаваць на штосьці добрае?

— Не. Толькі асобных людзей. У мяне дзеда забралі ў 30-я. Прыйшлі ноччу і пакінулі ўсіх сіротамі. Мама хадзіла за плугам, а сем жанчын замест каня. Бо партызаны забралі і быка, і карову, і каня. І адзеньне. Да мяне гэта не даходзіць. Вось такое пакаленьне. А пасьля, калі гэтыя партызаны прыйшлі, іх сустракаюць як вызваліцеляў. Яна да гэтага мужчыны, які забраў карову. «Аддай карову. Ты ж пакарыстаўся. У мяне дзеці». Ён як яе штурхануў, што яна, бедная, нагамі накрылася. Чаго чакаць ад такога пакаленьня? Гэта здаўна ідзе.

Калі б ня Віктар Дашкевіч, дык магілы палеглых у 43-м да сёньня зарасталі б пустазельлем. Не было б ні помніка, ні крыжа. Калі і зьменіцца нешта ў нашай краіне, дык толькі дзякуючы тым, каму «больш за ўсіх трэба».