Па чырвоным дыванку сталічнага кінатэатра «Масква» мусілі прайсьці на прэм’еру сусьветныя зоркі, прайшлі ж некалькі беларускіх артыстаў — пераважна выканаўцы роляў другога пляну і эпізодаў, нават безь мясцовых выканаўцаў галоўных роляў Руслана Чарнецкага і ягонага бацькі Ўладзімера Гасьцюхіна, без рэжысэра. У запоўненай, паводле запрашальнікаў прадусара фільма Сяргея Ждановіча, зале няшмат было людзей кіно, тэатру, прафэсійных крытыкаў. Хапала чыноўнікаў, сярод якіх і два міністры — культуры і інфармацыі. Таўкліся журналісты, пераважна дзяржаўных мэдыяў.
Публіка глядзела стужку маўкліва, без асаблівых эмоцыяў, хіба што над адной сюжэтна прымітыўнай сцэнай людзі ўголас і з задавальненьнем пасьмяяліся. Запалілася сьвятло пад рэдзенькія аплядысмэнты. Разышліся зь мірам. Трыюмфу нацыянальнага кінамастацтва не адбылося.
Што ж тут ня так?
А тое, што мы чакалі баявік пра «дэструктыўную» беларускую апазыцыю, якая вывела людзей на Плошчу 19 сьнежня 2010 году, своеасаблівы беларускі адказ польскаму фільму «Жыве Беларусь». А ўбачылі значна больш — прапагандысцка-ахоўны фільм з прэтэнзіяй на прыпавесьць пра Беларусь як ахвяру сусьветнай змовы, ахвяру сучаснага амаральнага сусьветнага парадку, усталяванага, натуральна ж, Злучанымі Штатамі, Нямеччынай і саюзьнікамі. Іхныя дзеяньні дзеля дэстабілізацыі сытуацыі ў Беларусі трапляюць на глебу прыроднага зла, якое жыве ў чалавеку і да таго ж перадаецца ад пакаленьня да пакаленьня. Ген зла, які да пары не выяўляе сябе, ажывае ў крытычны момант, натуральна, пад зьнешнім уплывам. Аўтары зусім нечакана Беларусь ставяць у адзін шэраг з гэтакімі ж ахвярамі — Паўночнай Карэяй, іншымі краінамі, якіх міжнародная супольнасьць лічыць ізгоямі, восьсю зла, ці абвінавачвае ў падтрымцы тэрарызму. Тут жа ўсё наадварот — тэракты ў Беларусі рыхтуюцца, арганізуюцца і ажыцьцяўляюцца менавіта пэўнымі сіламі з Захаду.
Падобныя байкі нам штодня з экранаў беларускіх і расейскіх тэлеканалаў расказваюць афіцыйныя журналісты-прапагандысты. Яны ўбіваюцца ў мазгі людзей, адарваных ад іншых крыніцаў інфармацыі. На зьнешніх ворагаў і прыродную недасканаласьць чалавека перакладваецца віна ўладаў за эканамічныя правалы, рэпрэсіі, міжнародную ізаляцыю.
Для таго, каб ілюстраваць гэта (а я фільм «Мы, браты» ўспрыняў ня болей як драматызаваную ілюстрацыю ахоўных ідэалягемаў сучаснага беларускага рэжыму) амэрыканскаму рэжысэру Вільяму дэ Віталю запатрабаваўся пакручасты, нелягічны сюжэт з мноствам акалічнасьцяў — ад масавых хваляваньняў у цэнтры Менску, калі браты, што пасварыліся празь дзяўчыну, апынуліся па розныя бакі барыкадаў, да тэрактаў у беларускай сталіцы. Адзін з братоў — нібыта носьбіт гена нянавісьці, ад якога яго хоча ўратаваць амэрыканка-мэсіянэрка. Другі — высакародны афіцэр спэцслужбаў, які выконвае любы загад прэзыдэнта ў імя краіны і народу. Малады апазыцыянэр, і ягоны бацька становяцца ахвярамі тэракту ля мэтро Кастрычніцкая на вачох у іхнага высакароднага брата і сына. Паміж «авэліткай» з Амэрыкі і беларускім Авэлем-афіцэрам узьнікае каханьне. А пасьля высьвятляецца, што «авэліткай» яе начальнік таксама маніпуляваў дзеля дэстабілізацыі сытуацыі ў той самай Беларусі і зноў жа ў інтарэсах тых, хто кіруе сьветам.
А зроблена як?
Прапагандысцка-ахоўны сюжэт загорнуты ў галівудзкую ўпакоўку, пераважна па-амэрыканску глянцавую, а часам па-савецку пажоўклую. Зрэшты, нямала ў гэтым сцэнары хадоў, пэрыпэтыяў вельмі нагадваюць савецкія палітычныя дэтэктывы ці сучасныя крымінальна-палітычныя расейскія сэрыялы. Дый зьнятыя яны адпаведна.
Зьдзівіла папярэджаньне ў тытрах, што ўсе падзеі выдуманыя і супадзеньні выпадковыя. Для каго гэта? Разгон маніфэстантаў ля Дому ўраду рэканструяваны рэжысэрам вельмі дакладна на падставе шматлікай хронікі, зьнятай 19 сьнежня 2010-га году, хронікі, якая ўвайшла ў дзясяткі дакумэнтальных фільмаў. Амаль кінацытата. Тое ж з тэрактам. Моцна набліжаным да дакумэнтальнасьці. Усё ў гэтым фільме адкрыта, усё наўпрост — і патас, і падзеі. Толькі вось пад зусім іншым вуглом.
Затушаваць наўпроставасьць і нават выйсьці на філязофскія абагульненьні пра паўсюднасьць і немагчымасьць перамагчы нянавісьць нават такім «сьвятым» авэлям як афіцэры беларускіх спэцслужбаў, мелася ўведзеная ў структуру карціны біблейская гісторыя пра Каіна і Авэля. Але сюжэт фільма супраціўляўся, адпрэчваў яе. У выніку гэтую гісторыю шматкроць і навязьліва проста прамаўляюць акторы. Яна не пераводзіць фільм у такі жаданы для яго аўтараў жанр як прыпавесьць. Не дапамагае ў гэтым і наўпроставая адсылка некалькі разоў паўтораным выразам «код Каіна» (у амэрыканским пракаце фільм так і называецца) да іншага рамана і іншага фільма «Код Да Вінчы». У фільме «Мы, браты...» біблейскае зло аніяк ня стала «кодам». У сапраўднай прыпавесьці філязофская павучальнасьць вынікае зь сюжэту, сыстэмы вобразаў, а не навязваецца ім.
«Нацыянальны праект» на замову
Што ж зробіш, так атрымліваецца амаль заўсёды, калі фільм робіцца на замову. У тытрах пацьвярджаецца, што фільм зроблены на замову Міністэрства культуры Беларусі. Як кажуць, хто плаціць, той і музыку замаўляе...
Не найлепшая справа — лічыць грошы ў чужой кішэні. Ня буду лічыць і я, да таго ж у дадзеным выпадку — гэта і марная справа. Хаця варта зазначыць, што нямала грошыкаў патрачана зь дзяржаўнай кішэні (міністар культуры Барыс Сьвятлоў называў лічбу ў дваццаць з паловай мільярдаў рублёў). І нібыта на добрую справу. Айчынныя кінематаграфісты ну ніяк ня могуць стварыць па-сапраўднаму «нацыянальны прадукт». Адзін спадзеў быў на амэрыканцаў, і ня важна, што рэжысэр да гэтага быў толькі каскадэрам.
Дык у чым нацыянальнасьць праекту пад назовам «Мы, браты..»? У ягоным прапагандызьме і ідэалягічнай ахове сучаснай беларускай улады? З задачай гэтай аўтары хіба што справіліся. Толькі ці задача гэта мастацтва? Не. Вунь колькі тэлеканалаў дзеля гэтага ўжо паадкрывалі!
Нацыянальны фільм у адкрыцьці паэтычных глыбіняў беларускай клясычнай і сучаснай прозы? Не. Фільм пашырае творчыя далягляды беларускіх рэжысэраў, актораў? Не. Нацыянальную адметнасьць адшукалі ў новай кінамове, якая, дзякуючы амэрыканскім творцам, узбагаціць беларускае кінамастацтва? Не, бо ён сатканы з галівудзкіх штампаў. І кінамовай належыць да той культуры. Фільм раскажа сьвету пра непаўторнасьць беларускай душы і яе драматычны гістарычны шлях? Не.
Дык у чым тут нацыянальны кінапрадукт? І ўвогуле, ці можа ён быць, калі пасьлядоўна вынішчаецца ў краіне яе мова і культура?
Што да мяне, дык калі замоўнік — Міністэрства культуры — насамрэч дбае пра нацыянальнае кінамастацтва, дык гэтыя грошы лепш было б патраціць на рамонт кінастудыі «Беларусьфільм» і Акадэміі мастацтваў, на падрыхтоўку айчынных рэжысэраў, сцэнарыстаў, актораў, мастакоў, на фінансаваньне малабюджэтных экранных экспэрымэнтаў, на экранізацыю багатай літаратуры. Нацыянальнае трэба шукаць не ў сюжэтах прапагандысцкай тэлевізіі і не за акіянам, а там, дзе, прыкладам, шукае той жа Тэатар імя Янкі Купалы — у багатай беларускай прозе.
Фільм завершаны на пачатку году. А выходзіць на шырокі экран таксама ў дакладна замоўлены тэрмін — 1 кастрычніка, роўна за 10 дзён да чарговага галасаваньня на чарговых прэзыдэнцкіх выбарах.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.