Дэбіторская запазычанасьць за пастаўленую ў Расею беларускую прадукцыю з пачатку году ўзрасла больш як на 30%.
Агульная дэбіторская запазычанасьць за прадукцыю, пастаўленую беларускімі прадпрыемствамі ў Расею, ад пачатку году ўзрасла больш як на 30%. Генпракуратура Беларусі занялася гэтым пытаньнем па даручэньні Аляксандра Лукашэнкі.
Дарадца-пасланьнік пасольства Беларусі ў Расеі Ўладзімер Калтовіч паведаміў, што сытуацыя з дэбіторскай запазычанасьцю цесна зьвязаная з эканамічным становішчам у Расеі.
Колькасьць неплатаздольных расейскіх прадпрыемстваў толькі ў апрацоўчай прамысловасьці павялічылася ў 1,6 раза. Між тым Расея па-ранейшаму застаецца галоўным гандлёвым партнэрам Беларусі: на яе долю прыпадае 37% беларускага экспарту.
Сытуацыя з дэбіторскай запазычанасьцю і магчымасьці ўрэгуляваньня праблемных даўгоў абмяркоўваюцца цяпер на нарадзе з прадстаўнікамі суб’ектаў тавараправоднай сеткі беларускіх прадпрыемстваў у Маскве і Маскоўскай вобласьці. Гэтая нарада праходзіць 23–24 верасьня з ініцыятывы пасольства Беларусі ў Расеі.
Па даручэньні Аляксандра Лукашэнкі пытаньнем з расейскімі даўгамі занялася Генпракуратура Беларусі. Там заяўляюць, што казаць пра пералом сытуацыі рана.
Начальнік упраўленьня па наглядзе за выкананьнем заканадаўства і законнасьцю прававых актаў Генпракуратуры Беларусі Віктар Клімаў сказаў журналістам, што праблема зьнешняй дэбіторскай запазычанасьці мае сур’ёзны характар, бо наўпрост зьвязаная з папаўненьнем бюджэту і эканамічнай устойлівасьцю беларускіх прадпрыемстваў і арганізацыяў.
Пэўныя зрухі ў вырашэньні праблемы дэбіторскай запазычанасьці прадстаўнік Генпракуратуры зьвязаў з супрацоўніцтвам, якое ўдалося наладзіць з расейскімі калегамі.
Тым часам на нарадзе 23 верасьня Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў актывізаваць працу па спагнаньні зьнешняй дэбіторскай запазычанасьці.
Ён заявіў, што ў гэты няпросты час бізуном для эканомікі і дзяржаўных фінансаў стала праблема невяртаньня дэбіторскай запазычанасьці:
Нашы прадпрыемствы пастаўляюць тавар, а грошы ці не атрымліваюць наогул, што падобна да злачынства, або атрымліваюць несвоечасова
«Гэта значыць, што нашы прадпрыемствы пастаўляюць тавар, а грошы ці не атрымліваюць наогул, што падобна да злачынства, або атрымліваюць несвоечасова, праз паўгода, а то і праз год ці гады. Гэта значыць, асобныя прадпрыемствы тавар аддалі, а грошай няма. Утвараецца дэбіторская запазычанасьць. Краіна, прадпрыемствы, калектывы недаатрымліваюць грашовыя сродкі. Калі гэта ўнутраная запазычанасьць, то мы хутка разьбяромся з гэтымі праблемамі, але самае небясьпечнае, што дэбіторская запазычанасьць — зьнешняя».
Паводле кіраўніка краіны, для вырашэньня гэтых пытаньняў былі прынятыя жорсткія рашэньні, асабліва ўнутры краіны.
«Апошні прыклад па алькаголі: хто не разьлічыўся за запазычанасьці да 1 верасьня, знайшлі свае месцы ў сьледчым ізалятары. І так будзе надалей. Мы не дазволім губіць дзяржаўныя і іншыя прадпрыемствы, якія займаюцца вытворчасьцю, рознага роду жульлю», — цытуе БелТА Лукашэнку.