Марш «за Лукашэнку»: апошняя магчымасьць дэлегітымацыі

Ціхан Чарнякевіч

Прыкладна сто гадоў таму японскі майстар адзінаборстваў Марыхэй Уэсіба пачаў распрацоўваць уласную практыку актыўнай самаабароны, якая пазьней набудзе назву «айкідо».

У аснову яе быў пакладзены прынцып выкарыстаньня сілы суперніка супраць яго самога. На спаборніцтвах гэта найчасьцей выглядае як выхад зь лініі варожага ўдару, перахоп і кідок праціўніка, узмоцнены энэргіяй ягонай атакі. У сувязі з гэтым падумалася, што яшчэ ніколі ў Беларусі моц уладнай рэпрэсіўнай машыны не выкарыстоўвалася супраць яе самое.

Асноўная мітынговая тактыка беларускай апазыцыі – змаганьне, наўпроставы супраціў уладзе, які дзеліць усё і ўсіх на выразныя чорныя і белыя загончыкі. Вока за вока, зуб за зуб, надрыў за надрыў, спакой нам толькі ў снах прыходзіць... Тактыка гэтая пастаянна вар’юецца, але з часоў 1990-х фактычна ніколі не выбіраецца зь негвалтоўнага супраціву і не пераходзіць у найбольш актыўную і лягічную фазу – збройнае супрацьстаяньне. Як кажуць, «біць нельга, Бэндэр не дазваляе»: апазыцыя vs. улада з арміяй, камітэтам, пракуратурай, сьледчымі і МУСам знаходзяцца ў відавочна розных вагавых катэгорыях, таму нічога, акрамя гвалтоўнага разгону сур’ёзных акцый і 15 сутак+, чакаць не выпадае. Адсюль заўсёдная псыхалёгія ахвяры, з усімі непазьбежнымі наступствамі.

Узяўшы за ўзор прынцып айкідо, беларуская апазыцыя магла б правесьці замест акцыі супрацьстаяньня «акцыю пакоры». У мяне ёсьць мара, як казаў Марцін Лютэр Кінг: убачыць шырокія масы насельніцтва, фактычна шчыльныя рады на плошчы – з чырвона-зялёнымі сьцягамі, партрэтамі неаднаразова і ўсенародна абранага. У руках працоўных, сялян і творчай інтэлігенцыі – кумачовыя транспаранты і расьцяжкі: «Уся ўлада Адміністрацыі прэзыдэнта!», «Рэзалюцыі IV Усебеларускага народнага сходу і 42 з’езду БРСМ – у жыцьцё!», «Падтрымліваем пераабраньне Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі на васямнаццаты тэрмін!», «Расейскія авіябазы – кожнай вобласьці Рэспублікі Беларусь!».

Чырвона-зялёны сьцяг з вусатым партрэтам мог бы аб’яднаць разасобленыя апазыцыйныя сілы: і партыі; і рухі; і тых, хто ўсё яшчэ нечага чакае ад выбараў, і тых, хто даўно махнуў на іх рукой; і прыхільнікаў байкоту, і аматараў Караткевіч.

Насунуўшы маску пераможцы, апазыцыя гэтым самым пазьбегнула б пазыцыі ахвяры пры сустрэчы з прадстаўнікамі гэтага самага пераможцы. Выкарыстаўшы энэргію супраціўніка, перахапіўшы ягоны ўдар, палітычная супольнасьць прайшла б праз момант катарсісу, узвышанага над сутычкай (а не «стакгольмскага») ачышчэньня. А ў выпадку разгону гэтай акцыі была б дасягнутая мэта дэлегітымацыі выбараў, пра якую сёньня кажуць з кожнага нацдэмаўскага прасу. Бо што можа быць больш абсурдным для староньняга вока, чым падобная карцінка?

Калі ж усё прайшло б без эксцэсаў, то для мінакоў гэта б сталася найлепшай адзнакай здаровага розуму апазыцыі: кадэнцыі і іх пераходы нічога, акрамя сьмеху, не выклікаюць. Сяргей Гайдукевіч і Яўген Крыжаноўскі ў часе Плошчы’2010 наведвалі цырк. Варта зрабіць так, каб цырк прыйшоў да іх сам. Ды і ня толькі для іх – у кожны дом.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі