Фясенка: Сэпаратысты ня пойдуць на кампраміс, бо лічаць гэта праявай слабасьці

Уладзімер Фясенка

У Менску праходзіць чарговае пасяджэньне Трохбаковай кантактнай групы (Украіна, Расея АБСЭ) з удзелам прадстаўнікоў сэпаратыстаў з так званых ДНР і ЛНР.

Сэпаратысты з ДНР і ЛНР прапанавалі прызначыць дату правядзеньня выбараў у мясцовыя органы ўлады на акупаваных тэрыторыях Данбасу (гарадзкія і раённыя адміністрацыі) на 21 лютага 2016 году.

Раней прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што выбары на Данбасе павінны прайсьці ў рамках украінскага заканадаўства 25 кастрычніка, калі мясцовыя выбары пройдуць ва ўсёй Украіне.

Пра тое, ці змогуць сэпаратысты дамовіцца з украінскімі ўладамі пра дату і фармат правядзеньня мясцовых выбараў і чаму бакі некалькі месяцаў адкладаюць падпісаньне дакумэнту пра замірэньне, разважае палітоляг Уладзімер Фясенка.

«Бакі ня могуць дамовіцца пра адвод узбраеньня калібрам да 100 мілімэтраў»

«Насамрэч, сёньня ў Менску будзе разглядацца ня толькі пытаньне выбараў у самаабвешчаных рэспубліках. Важным пытаньнем застаецца адвод ад лініі разьмежаваньня ўзбраеньня калібрам да 100 мілімэтраў. Гэтая тэма была галоўная да таго моманту, пакуль ДНР і ЛНР не абвясьцілі свае мясцовыя выбары. Яшчэ 12 верасьня на сустрэчы ў Бэрліне міністраў замежных спраў краін „нармандкай чацьвёркі“ было агучана — трэба зрабіць усё магчымае, каб быў падпісаны дакумэнт пра адвод узбраеньня калібрам да 100 мілімэтраў. Гісторыя з гэтым дакумэнтам цягнецца ўжо некалькі месяцаў, яшчэ з пачатку чэрвеня. Бакі не змаглі ўзгадніць тэкст дакумэнта, графік адводу і мэханізм кантролю. Усе разумеюць, што трэба ня проста падпісаць дакумэнт, але і зрабіць так, каб ён працаваў. Таму яго так доўга ўзгадняюць».

«Сэпаратысты не пагаджаюцца на кампраміс, бо баяцца паказаць слабасьць»

"Цяпер тэма мясцовых выбараў выйшла на першы плян. У гэтай сувязі ва Ўкраіне апошнія дні вельмі актыўна абмяркоўваецца плян францускага дыплямата П’ера Марэля (у Трохбаковай кантактнай групе ён каардынатар падгрупы па пытаньнях палітыкі). Спадар Марэль прапанаваў кампрамісны варыянт па выбарах, на які маглі б пагадзіцца і сэпаратысты, і афіцыйны Кіеў. Але зразумела, што калі сэпаратысты заяўляюць пра свае даты выбараў і свой фармат іх правядзеньня, то кампраміс па гэтым пытаньні немагчымы.

Калі цяпер сэпаратысты адмовяцца ад правядзеньня сваіх мясцовых выбараў, гэта будзе праявай слабасьці. І я вельмі сумняюся, што сэпаратысты на гэта пойдуць. У той жа час Украіна таксама ня можа пайсьці на саступкі ці на хуткі кампраміс, таму што гэта таксама будзе сьведчаньнем слабасьці. Таму прагрэс у пытаньні выбараў магчымы не раней, чым пасьля сустрэчы лідэраў краін "нармандзкай чацьвёркі«ў Парыжы на пачатку кастрычніка. Калі сустрэнуцца лідэры краін «нармандзкай чацьвёркі», тады магчыма будзе гаварыць пра прагрэс. У Менску нічога ня вырашыцца».

«Перанос даты выбараў сьведчыць пра жаданьне сэпаратыстаў захаваць магчымасьць кампрамісу»

«Наконт мясцовых выбараў у Данбасе магчымы такі варыянт. Выбары ў самаабвешчаных рэспубліках адбудуцца. Іх не прызнае ні Ўкраіна, ні міжнародная супольнасьць. Але перамовы пра кампрамісны варыянт, прапанаваны Марэлем, працягнуцца. Мы бачым, што ўжо цяпер сэпаратысты адмаўляюцца ад раней заплянаваных датаў — 18 кастрычніка і 1 лістапада — і маюць намер прапанаваць Кіеву правесьці выбары 21 лютага будучага году. Гэта сьведчыць пра тое, што яны ня хочуць цалкам выкрэсьліваць магчымасьць пошуку кампрамісу. Іншая справа, што сёньня ўкраінская супольнасьць вельмі скептычна ставіцца да кампрамісных варыянтаў з сэпаратыстамі. Вялікая колькасьць людзей, а таксама дэпутатаў Вярхоўнай Рады проста супраць любога кампрамісу з сэпаратыстамі. Таму ёсьць вельмі вялікі сумнеў, што кампрамісны варыянт, які, магчыма, будзе выпрацаваны на сустрэчах у Менску і Парыжы, здабудзе падтрымку ў Вярхоўнай Радзе».

«Баёў фактычна няма, але людзі працягваюць гінуць»

«Размовы пра вывад зброі калібрам меней за 100 мілімэтраў ідуць ад пачатку чэрвеня. І ніяк не ўдаецца падпісаць дакумэнт. Падпісаньне ўвесь час зрываецца. Але бакі вельмі да яго блізкія.

Баёў цяпер няма. Гэта мы фіксуем упершыню за ўвесь час ваеннай фазы канфлікту. Цяперашняе зацішша цягнецца ўжо амаль месяц. Можна казаць пра рэальнае замірэньне. Застаюцца адзінкавыя абстрэлы, але сытуацыя блізкая да поўнага замірэньня.

Разам з тым гінуць людзі, кожны дзень ёсьць параненыя. Гэта адбываецца ў выніку дзейнасьці выведна-дывэрсійных групаў, а таксама за кошт мінаў».