Жыхар Крычава Павал Ганчароў рэклямуе сваю прадпрымальніцкую дзейнасьць на беларускай мове. На ўсходзе Магілёўшчыны ён адзіны, хто наважыўся на такі крок. Слухач беларускай Свабоды з Клімавічаў сфатаграфаваў машыну Паўла зь беларускамоўнай рэклямай у сваім райцэнтры і даслаў фота нашаму магілёўскаму карэспандэнту. Той пагутарыў зь бізнэсоўцам.
Паўлу 31 год. У яго тэхнічная адукацыя. Ён рамантуе кампутары ня толькі ў Крычаве, але і ў суседніх раёнах. Гаворыць на беларускай мове. Прызнаецца, што цяжкавата, бо нестае моўнай практыкі.. Наракае, што няма беларускамоўнага асяродзьдзя, а на ўсходзе Магілёўшчыны засільле расейскай мовы. Першай мовай рэклямы ягонага бізнэсу была расейская. Але зь нядаўняга часу яе зьмяніў на родную, беларускую.
— Павал, чаму вырашылі рэклямаваць сваю дзейнасьць па-беларуску?
— Гэта ж рэкляма — яна павінна прыцягваць увагу. Я неяк падумаў, мо чаго новенькага прыдумаць. Вырашыў напісаць па-беларуску. Вельмі доўга да гэтага рыхтаваўся, бо ня ведаў, якая будзе рэакцыя людзей. Родныя мае адгаворвалі. Казалі: будуць зь цябе зьдзекавацца. Аднак я ўсё ж наважыўся на такі крок. Высьветліў, як слушна пісаць слова «кампутар». На нейкім сайце была галасаванка: «Якую форму слова з расейскай мовы „компьютер“ трэба выкарыстоўваць для беларускай». Больш за ўсё галасоў атрымала слова «кампутар». Цяпер я ўсю сваю рэкляму пераклаў на беларускую мову. І тую, якая разьмешчана ў маршрутках, і тую, якую раздаю патэнцыйным кліентам на рынках.
— У Крычаве няшмат рэклямы па-беларуску, а ў Клімавічах пагатоў. Якая рэакцыя людзей на вашу рэкляму на беларускай мове?
— Дзе б я ні спыніўся, усюды людзі фатаграфуюць маю рэкляму. Абмяркоўваюць. Падабаецца ім. Рэакцыя пазытыўная. Ніхто ня круціць пальцам ля скроні.
Штогод я зь менскай групай, якая называецца «Пілігрымка», ежджу сустракаць Новы год у розныя краіны. Там размаўляюць людзі на сваёй мове. І мне было дужа сорамна, калі кажаш, што зь Беларусі, але сваёй роднай мовы ня ведаеш.
Калі я прыяжджаю з такіх паездак, у мяне некалькі месяцаў прага гаварыць па-беларуску. Але потым уплывае тое, што навокал усе па-расейску гавораць, і зноў вяртаесься ў звыклае расейскамоўнае асяродзьдзе.
— Чаму ў Крычаўскім, Клімавіцкім раёнах няшмат беларускамоўнай рэклямы? У чым праблема?
— Клімавічы і Крычаў — непадалёк ад расейскай мяжы, таму адчувальны ўплыў расейскай мовы. Калі, да прыкладу, у Менску шмат беларускамоўных людзей, то ў нас іх не сустрэнеш. Тут няма папулярызацыі беларускай мовы. Усё ў асноўным на расейскай мове.
Надпіс на машыне на беларускай мове выклікае такі вялізны рэзананс. Зрабі я яго на ангельскай мове, меншы быў бы. Наагул мала хто б зьвярнуў увагу на англамоўны надпіс. А тут на беларускай, роднай мове — і такая рэакцыя. Я не чакаў такой ад нашых людзей, няхай і пазытыўнай.
— Як вы, Павал, думаеце, ці зможа акрыяць, адрадзіцца беларуская мова на ўсходзе Магілёўшчыны?
— Мяркую, што зможа, але для гэтага варта, каб праводзілася адпаведная палітыка дзяржавы ў цэлым. Калі я напісаў рэкляму на беларускай мове, то ў мяне пыталіся — што, маўляў, табе ўлада загадала з расейскай мовы на беларускую перакласьці? Гэта мяне парадавала. Я б хацеў, каб сапраўды мяне прымусіла ўлада зрабіць беларускамоўную рэкляму.
Цяпер жа беларускую мову рэдка можна пачуць у нас, таму яна і выклікае такі рэзананс, як мая рэкляма на машыне.