Трусаў пра Караткевіч: «Такім людзям ня месца ў нашай арганізацыі»

Тацяна Караткевіч

Старшыня ТБМ Алег Трусаў абураны расейскамоўным выступам Тацьцяны Караткевіч на тэлебачаньні падчас перадвыбарчай кампаніі і лічыць, што ёй ня месца ў Таварыстве беларускай мовы.

Як і навошта выкарыстоўваюць беларускую мову кандыдаты ў прэзыдэнты-2015? Сяргей Гайдукевіч, Тацьцяна Караткевіч і Мікалай Улаховіч ужо зьвярнуліся па тэлебачаньні да выбарцаў. Усе трое — па-расейску. Толькі Караткевіч напачатку прамовы па-беларуску сказала «Сябры, добры вечар!» і тут жа перайшла на расейскую мову.

Старшыню Таварыства беларускай мовы Алега Трусава такія паводзіны з боку сяброўкі сваёй арганізацыі абурылі:

«Якія кандыдаты — такія ў іх адносіны да мовы. Усё лягічна. Калі спадарыня Караткевіч, якая ў свой час уступіла ў ТБМ, выступіла па-беларускай тэлевізіі па-расейску, то я лічу, што такім людзям ня месца ў нашай арганізацыі. Так можаце ёй і перадаць».

Падобна, што кандыдаты — ня носьбіты беларускай мовы

Гэта ўжо пятая выбарчая кампанія, — кажа мэдыйны аналітык Паўлюк Быкоўскі, — і звычайна кандыдаты ўжываюць беларускую мову хаця б у мінімальным аб’ёме. А тут тры выступы — і ўсе расейскамоўныя.

Найперш гэта сьведчыць пра тое, ці зьяўляюцца самі гэтыя кандыдаты носьбітамі беларускай мовы. Падобна, што не».

«Гэта вынікае з таго, што выразных, ярка арыентаваных кандыдатаў нацыянальнацэнтрычныя сілы на гэтыя выбары ня выставілі, — кажа мовазнаўца Зьміцер Саўка. — Мы ўсе разумеем, чаму так адбылося. Побач зь Беларусьсю ідзе вайна. Мы цудоўна разумеем, што Пуцін можа проста на „пстрык“ анэксаваць Беларусь, і ўсё, толькі мы пакажам зубы. Такім чынам, нам застаецца проста чакаць, проста выжываць. Любыя рухі на палітычнай арэне могуць быць небясьпечныя вельмі непрыемнымі наступствамі».

Так ці інакш, але сёлетнія кандыдаты абмежаваліся ў сваіх праграмах рытуальнымі словамі пра «падтрымку беларускай мовы». Хаця, як адзначае палітычны аналітык Юры Чавусаў, Тацьцяна Караткевіч прынамсі вольна карыстаецца ёю.

Юры Чавусаў

«Калі б партыя БНФ не адмовілася ад падтрымкі гэтага кандыдата, гэтая пазыцыя ў ейнай праграме магла б быць больш грунтоўнай», — мяркуе Чавусаў.

Ён адзначае, што пункту пра статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай не было ў праграме ніводнага з кандыдатаў за ўсю гісторыю прэзыдэнцкіх выбараў.

«У 1994-м годзе гэта было проста неактуальна, — распавядае ён. — А Аляксандар Мілінкевіч у 2006-м і Рыгор Костусёў у 2010-м гэтае пытаньне ў пісьмовай праграме абыходзілі».

«Нармальнаму чалавеку і ў галаву не прыйшло б выступаць па-расейску ў Беларусі»

Чаму і калі кандыдаты абіраюць, на якой мове зьвяртацца да выбарцаў?

Напрыклад, у 2010 Уладзімер Някляеў праводзіў кампанію і па-расейску і па-беларуску. А вось сапраўдным сюрпрызам стаў расейскамоўны выступ па тэлебачаньні кандыдата Алеся Міхалевіча. Дарэчы, у кампаніі ён удзельнічаў пад імём «Аляксей Міхалевіч». Паўлюк Быкоўскі лічыць, што беларуская мова дагэтуль зьяўляецца маркерам:

Паўлюк Быкоўскі

«І вельмі часта маркерам апазыцыйным, — кажа медыяаналітык. — Пасьля таго, як у 1994 годзе пачалі згортваць тую кволую і асьцярожную беларусізацыю, беларускай мовай карысталіся альбо прадстаўнікі апазыцыі, альбо прадстаўнікі культуры. Гэта была такая рэзэрвацыя, у якой беларуская мова прысутнічала ў публічнай прасторы. Усе астатнія карысталіся мовай толькі ў выглядзе выключэньня».

Аляксандар Лукашэнка, — нагадвае Быкоўскі, — вельмі часта выкарыстоўваў беларускую мову, каб пасьмяяцца з апанэнтаў: «Ён ужываў у рускамоўным выказваньні некалькі беларускіх словаў, і такім чынам паказваў, што гэта ён гаворыць пра апазыцыію».

Алег Трусаў у ацэнках ня стрымліваецца і проста называе тых, хто перабягае з мовы на мову, «фальшывымі патрыётамі».

Алег Трусаў

«Гэта значыць, што дома яны па-беларуску не гавораць, па-беларуску ня думаюць, — кажа старшыня ТБМ. — Выкарыстоўваюць беларускую мову, пакуль выгадна. А як ня выгадна, то і ўсё. Бо нармальнаму чалавеку і ў галаву не прыйшло б выступаць па-расейску ў Беларусі. Ён бы выступаў на той мове, на якой дома гаворыць, адпаведна па-беларуску. Па-расейску выступаў бы ў Расеі, у Польшчы — па-польску, у Беларусі — па-беларуску».

Юры Чавусаў прытрымліваецца меркаваньня, што такім чынам кандыдаты спрабуюць падладзіцца пад чаканьні выбарцаў:

«Палітыка — гэта мастацтва магчымага, — тлумачыць ён. — А электарат у нас выглядае наступным чынам: большасьць насельнітцва кажа, што іх родная мова беларуская. Але абсалютная большасьць гэтай роднай мовай не карыстаецца. Таму яны і лічаць, што дастаткова рытуальнага згадваньня ў папяровых праграмах. А выкарыстоўваць мову ў рэаліях яны апасаюцца».

«Цяжка гэта ацэньваць з пункту гледжаньня беларускамоўнага грамадзяніна, — кажа Чавусаў. — Але гэта вынік той русіфікацыі, якая ў Беларусі адбывалася апошнімі дзесяцігодьдзямі».

Расейскамоўная кампанія — ад пачатку пройгрыш

Ці сапраўды пераход на расейскую мову можа дапамагчы кандыдатам стаць больш прывабнымі ў вачах тых, хто пойдзе на выбарчыя ўчасткі?

Валярына Кустава

Паэтка і журналістка Валярына Кустава лічыць, што расейскамоўная кампанія — ад пачатку пройгрыш:

«Датычна мовы я маю вельмі канкрэтную пазыцыю, што тут ня варта гуляць у гульні: усе мову разумеюць», — кажа Валярына. Яна пераконвае, што цалкам магчыма праводзіць усю кампанію па-беларуску.

«І мне здаецца, што гэта ў нечым памылка і пройгрыш, калі спрабуюць гаварыць на дзьвюх мовах альбо на мове расейскай, таму што гэта загадзя падман, калі ты ў гэта ня верыш. Альбо папросту выкарыстаньне мовы як мэтаду, а не як ідэі», — кажа Валярына Кустава.

А карыстаючыся беларускай мовай, выбарца можна і прывабіць. Так, мовазнаўца Зьміцер Саўка сёлета свій голас аддаў Анатолю Лябедзьку. Бо з усіх кандыдатаў ён выглядаў для яго «самым беларускім».

Зьміцер Саўка

«Спадар Лябедзька пачынаў сваю палітычную кар’еру з глыбокай абыякавасьці да ўсялякіх беларускіх моваў. І тое, што ён эвалюцыянаваў у чалавека, які публічна выступае па-беларуску, для мяне гэта вельмі і сымпатычна і сымптаматычна, — тлумачыць свій выбар Саўка. — Мне яго папікнуць няма ў чым».

Паводле Валярыны Куставай, за гады, што прайшлі нават ад мінулых выбараў 2010 году беларуская мова ўжо пазбавілася статусу «мовы апазыцыі».

«Прайшло зашмат розных імпрэзаў, курсаў тых жа моўных, падзеяў, якія сьцвярджаюць, што гэта ўжо ня ёсьць толькі маркерам апазыцыі. Да таго ж, калі не ўжываць словы і тэрміны, якія ёсьць маркерам апазыцыі, то мова ня будзе з гэтым асацыяцавацца. Таму акурат яе, мне здаецца, і варта ўжываць, не заганяючы яе кудысьці ў сутарэньні», — лічыць Валярына Кустава.

„Найлепшае, што можна зрабіць для беларускай мовы — гэта размаўляць на ёй, — робіць выснову палітычны аналітык Юры Чавусаў. — Тацьцяна Караткевіч паабяцала, што наступны выступ зробіць па-беларуску. Пабачым, што будзе».