Ня ўсе жыхары вуліцы 17 верасьня, а таксама мінакі ў Горадні могуць адказаць — у гонар якой падзеі названа гэтая вуліца. І амаль зусім пра дату, зь якой пачалося аб’яднаньне Усходняй і Заходняй Беларусі, ня ведае моладзь.
У Горадню сёньня відавочна вярнулася лета — да 30 градусаў на тэрмомэтры. А на вуліцы 17 верасьня даволі прахалодна — ходнікі ў цяньку. У 1939 годзе тут была практычна ўскраіна гораду, а цяпер — амаль цэнтар. Спрабую цікавіцца ў жыхароў вуліцы і звычайных мінакоў — зь якой нагоды ў Горадні назвалі вуліцу ў гонар 17 верасьня. Дарэчы, вуліцы з такой назвай ёсьць практычна ўва ўсіх райцэнтрах і мястэчках у Заходняй Беларусі Ні ў часы перабудовы, ні пазьней гэтае назвы нідзе не зьмянялі.
З прыгожага адрэстаўраванага дома, збудаванага яшчэ ў 20-я гады мінулага стагодзьдзя, выходзіць бабуля. Мы разгаварыліся. Распавяла, што жыве тут з 50-х гадоў, прыйшла сюды замуж. Майму простаму пытаньню зьдзіўляецца: у гонар якой падзеі названа вуліца, на якой яна жыве? Але выказвацца наконт той гістарычнай падзеі адмовілася.
— Гэта дзень узьяднаньня Заходняй і Ўсходняй Беларусі. У 1939 годзе, калі Нямеччына напала на Польшчу, насельніцтва Заходняй Беларусі і Ўкраіны правяло нейкія мерапрыемствы, і 17 верасьня на гэтыя землі ўвайшла Чырвоная армія, і адбылося аб’яднаньне Заходняй і Ўсходняй Беларусі, а таксама Ўкраіны.
А вось з суседняга дома выйшлі мама з дачкою і кажуць, што кіруюцца ў школу. Што да назвы вуліцы, то задумаліся і пераглядаюцца між сабою:
— Нешта нібыта ўзгадваецца, нібыта памятала, але цяпер хіба ня ўзгадаю. Магчыма, былі нейкія трагічныя падзеі. Але я школу ўжо даўно скончыла, а яна яшчэ толькі вучыцца.
Малады хлопец зьдзіўляецца майму пытаньню і толькі пасьміхаецца:
— Вы пытаеце ў мяне пра такія рэчы, якія я ў прынцыпе ведаць не магу...
Я дапамагаю і кажу, што гэта было ў 1939 годзе. Хлопец задумваецца і дадае:
— Што там у нас было ў 1939 годзе? Другая сусьветная вайна пачалася? Відавочна, што дата зьвязаная з гэтымі падзеямі.
Цяпер размаўляю са студэнткаю ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы. Яна зьдзіўлена пытаньнем, паглядае на шыльду на доме і нешта намагаецца ўспомніць:
— Ды я ня памятаю...
— А вам нічога ня кажа такая падзея: узьяднаньне Заходняй Беларусі з Усходняй?
— Ну, быў раскол, потым Расейская імпэрыя адабрала землі зноў ад Польшчы. Па-мойму, тады была вайна паміж Расеяй і Польшчай. Нешта там было, я проста даўно гэтага не паўтарала.
Яшчэ дзяўчаты-студэнткі, гэтым разам з мэдыцынскага ўнівэрсытэту. Яны вясёлыя, пасьмейваюцца. Пытаньне іх трошкі зьдзіўляе, але адказваюць адразу:
— Ну, папраўдзе, мы ня з Горадні самі, а з Гомеля. Але калі вы кажаце — 1939 год, то, здаецца, была Другая сусьветная вайна. Але чаму Горадня?..
Падобныя адказы даводзілася чуць ад многіх студэнтаў і студэнтак:
— Ня памятаю, дата, здаецца, на слыху, але не магу ўзгадаць...
— А я нешта забылася...
У людзей перадпэнсійнага і пэнсійнага веку памяць аказалася трошкі іншай. Мы нават падоўгу зь імі стаім і размаўляем, бо кожны хоча пераказаць, што распавядалі бацькі пра гэтую дату:
— У 1939 годзе савецкія войскі ўвайшлі ў горад, і Беларусь уся стала савецкай, аб’ядналася. Што да ацэнкі гэтых падзеяў, то, канечне, добра, што аб’яднаўся адзін народ, але многім людзям савецкая ўлада прынесла гора. Я памятаю, як распавядалі і тата і мама, як вывозілі цэлымі сем’ямі ў Сыбір, і людзі там пагінулі толькі за тое, што былі добрымі гаспадарамі і заможнымі... Вельмі бацькі іх шкадавалі і часта ўзгадвалі.
— Я наколькі разумею, гэта якраз дата падпісаньня аб’яднаньня Заходняй і Ўсходняй Беларусі. І на нашы землі прыйшла савецкая ўлада.
— А як вы цяпер ацэньваеце тыя падзеі?
— Неадназначна. Страшна было тое, што многа нашых людзей павывозілі ў высылку — гэта мне тата распавядаў. І да нас прыйшлі і сказалі: альбо ў калгас, альбо раскулачваем! І ўсе пайшлі ў калгас. А вось чаму не было так, каб хто хацеў — ішоў у калгас, а хто хацеў — то няхай працаваў бы на сваім? І пры гэтым аднолькавыя ўмовы, аднолькавыя падаткі і аднолькавая помач. Я нават памятаю, хто быў кіраўнікамі — тыя самыя гультаі, а нашы бацькі толькі і ішачылі. Для мяне гэта падзея неадназначная, бо, можа, і ў мяне было б зусім іншае жыцьцё...
А вось юнак ідзе з заплечнікам, відавочна ў школу. Задаю яму тое самае пытаньне.
— Нешта ўзгадваецца, але...
— А што наагул адбывалася ў 1939 годзе?
— Па-мойму, нейкая рэвалюцыя была...
— А вы ў якой клясе вучыцеся?
— У 11-й, сканчаю ўжо школу. Нядаўна нібыта было ў мяне такое пытаньне, але я нешта цяпер ня памятаю...