Кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына кажа, што міжнародныя назіральнікі кепска ведаюць расейскую мову, таму не заўсёды разумеюць некаторыя прававыя нормы ў Беларусі.
Пра гэта яна заявіла ў праграме «Актуальны мікрафон» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё, піша БелТА.
«Ніякіх справаздач апублікавана пакуль не было, але тое, што місіі капаюць вельмі глыбока, я магу гэта пацьвердзіць. Штотыдзень у Цэнтральную камісію прыходзяць прадстаўнікі АБСЭ. Яны падоўгу гутараць, высьвятляюць розныя праблемныя пытаньні, капіююць усе скаргі, зьвязаныя з выбарамі, і адказы, дадзеныя на іх. Усё гэта, вядома, потым увойдзе ў заключэньне », — сказала Ярмошына.
Пры гэтым яна заўважыла: тыя, хто зьяўляюцца галоўнымі экспэртамі маніторынгавай місіі БДІПЧ АБСЭ, недастаткова добра ведаюць расейскую мову, у сувязі з чым не заўсёды да канца разумеюць сутнасьць некаторых прававых нормаў, якія тычацца выбараў. «У нас іншая мова выкладу — тая, якая была прыняты ў Расеі, Савецкім Саюзе. Гэта адзін стыль падачы прававых нормаў. Уся гэтая англасаксонская сыстэма, якая выкарыстоўваецца ў Эўропе і Злучаных Штатах, — гэта зусім іншая форма падачы матэрыялаў. Баюся, што нават сама юрыдычная логіка тут адрозьніваецца. Гэта, вядома, стварае пэўныя праблемы ў разуменьні сутнасьці падзей, якія адбываюцца», — лічыць старшыня ЦВК.
Прэзыдэнцкія выбары 2001, 2006 і 2010 гадоў місіі назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ не прызнавалі свабоднымі і справядлівымі, адзначаючы, што гэтыя выбарчыя кампаніі не адпавядалі міжнародным абавязацельствам Беларусі па правядзеньню дэмакратычных выбараў.