Данецкі мігрант: Людзі кідаюць свой бізнэс і шчасьлівыя, што ўцяклі жывыя

Прарасейскі сэпаратыст на месцы бою за данецкі аэрапорт

Упраўленьне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека паведамляе, што ад сярэдзіны траўня да сярэдзіны жніўня рэзка вырасла колькасьць ахвяраў у Данбасе — больш як удвая, калі параўноўваць з папярэднімі трыма месяцамі. Звыш 100 чалавек загінулі і тры сотні параненыя, тым часам як ад лютага да траўня было 60 забітых і 102 пакалечаных. Абсалютная большасьць ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва зафіксаваная на тэрыторыях, якія кантралююцца ўзброенымі групоўкамі.

Паводле ацэнак, прыведзеных у дакладзе назіральнай місіі ААН, за час збройнага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны агулам забітыя амаль 8 тысяч чалавек, блізу 2 тысяч атрымалі раненьні. Не выключаецца, што насамрэч лічбы могуць выявіцца і большымі.

Цяпер на тэрыторыі, падкантрольнай самаабвешчаным Данецкай і Луганскай «народным рэспублікам», пражывае блізу 3 мільёнаў чалавек. Гэта значыць, што яшчэ большая колькасьць была вымушаная ратавацца ад вайны ў іншых рэгіёнах Украіны ці за мяжой — у мірны час насельніцтва гэтых абласьцей Украіны перавышала 6 мільёнаў.

Некалі пасьпяховы прадпрымальнік з Данеччыны Лявон К. зьехаў на поўнач Нямеччыны задоўга да пачатку расейскай агрэсіі, там узяў прозьвішча Заўэр. Штогод наведваецца на радзіму, кружнымі шляхамі трапіў да сваякоў і сёлета. Ягоная вёска ад абстрэлаў не пацярпела, чаго ня скажаш пра іншыя, што бліжэй да лініі разьмежаваньня. Кажа, што найперш уразіла «замбаванасьць» землякоў, якія не ачунялі ад ідэалягічнага гіпнозу нават пры цяперашняй нястачы:

Нават людзі, якія церпяць ад абстрэлу расейскіх тэрарыстаў-сэпаратыстаў, усё роўна стаяць на баку так званых прарасейскіх „апалчэнцаў“

«Для мяне было дзіўна, што і праз столькі часу там такія ж прарасейскія настроі. Пакуль ня зьезьдзіў і не зразумеў прычыну: мазгі людзям „вынесла“ магутная прапагандысцкая машына. Яна спраўна працавала ўвесь час, які адпаведныя службы Ўкраіны папросту праспалі і ў выніку гэтую інфармацыйную вайну прайгралі. Нават людзі, якія церпяць ад абстрэлу расейскіх тэрарыстаў-сэпаратыстаў, усё роўна стаяць на баку так званых прарасейскіх „апалчэнцаў“. Яны ня ведаюць рэальнай сытуацыі, іх пастаяннага замбуе расейская прапаганда, і таму яны ня могуць і ня хочуць думаць інакш.

Плюс у людзей існуе блакітная мара: прыйдзе нейкі ратавальнік — ці то цар, ці то абагульнены Пуцін — і ў іх жыцьцё стане прыгожае, вольнае; будуць яны пры грашах і статусе. Пры тым, што нічога гэтага няма, усё адно вераць. І будуць верыць да канца, бо, паўтару, надзвычай моцны ўплыў інфармацыйнага поля з боку Расеі. Нават цяпер у зоне АТА ўдзельнікі баявых дзеяньняў вымушаныя слухаць мясцовыя прарасейскія каналы, але не ўкраінскія, якія туды проста не дабіваюць. Вось і ўся праблема».

Расейская прапаганда, сярод іншага, сьцьвярджае, што Масква да збройнага канфлікту ня мае ніякага дачыненьня — маўляў, гэта ўнутраная справа нацыяналістаў і сэпаратыстаў. Аднак, як лічыць мой суразмоўца, насамрэч рыхтаваць глебу для акупацыі Расея пачала яшчэ на пачатку 2000-х, ператвараючы Данбас у непадкантрольны Кіеву анкляў:

«Прапагандысцкая брахня. Гэты канфлікт насьпяваў даўно, прычым рыхтавалі яго наўмысна. Яшчэ да расейскага ўмяшаньня ў Кіеве гучалі заклапочаныя заявы, што Данбас існуе як бы сам па сабе, што ён не рэгулюецца ні ўрадам, ні парлямэнтам — бо пры Януковічу проста быў аддадзены на „разьдзярбан“ мясцовым князькам. Маецца на ўвазе і сам былы губэрнатар Данецкай вобласьці, і ўсе ягоныя памочнікі-блізьнюкі.

Па сутнасьці, адбыўся шалёны „дзярбан“ рынку. Пры гэтым прадпрымальнікаў, якія там працавалі, але паходзілі зь іншых рэгіёнаў, адтуль выкінулі, „адціснулі“ іхні бізнэс, і гульня працягвалася ўжо паводле правілаў клану Януковіча. Але што важна: інвэстыцыі і грошы яны атрымлівалі з Расеі. Я там жыў і ведаю ўсе гэтыя крымінальныя структуры. Усё было пад крыміналам, цалкам».

Сам Лявон Заўэр меў досыць прыбытковую справу ў Данецку, але вымушаны быў «капітуляваць», калі накладаць лапу на ласыя кавалкі Данбасу пачалі эмісары з Расеі. На яго перакананьне, закулісныя дамоўленасьці наконт «прыхватызацыі» сьпярша Крыму, а потым і ўсходу Ўкраіны пачаліся задоўга да пачатку цяперашняга адкрытага канфлікту:

«Дамоўленасьці пачалі рэалізоўвацца практычна адразу пасьля адстаўкі Ельцына. Калі да ўлады прыйшоў галоўны кадэбіст Пуцін, ён пачаў паступова ўсе структуры ў гэтых рэгіёнах рэгенэраваць — абарону, міліцыю, органы юстыцыі і г.д. Але найпершай марай Пуціна было забраць Крым, таму што гэта, зразумела, для яго шчыт ад натаўскіх краінаў.

Шмат сказана і пацьверджана, што гэта плянавалася ўжо даўным-даўно. Вось чаму на ўсіх галоўных кіроўных пасадах перад анэксіяй апынуліся расейцы, выхадцы з маскоўскіх структураў.

А каго потым закінулі ўсталёўваць новы парадак у Данецкую вобласьць? Тых жа самых расейскіх „патрыётаў“ кшталту Стралкова-Гіркіна, які на пачатковым этапе асабіста кіраваў усімі сілавымі апэрацыямі. Нават была дамоўленасьць, што калі займалі шыкоўны данецкі аэрапорт, дзьверы перад „сэпарамі“ адчыняў свой чалавек — экс-супрацоўнік СБУ. То бок усё рыхтавалася загадзя».

Тым ня меней стан лідэраў сэпаратыстаў усё часьцей разрываюць унутраныя супярэчнасьці, якія ўрэшце заканчваюцца «чысткай» шыхтоў, а згаданы Стралкоў-Гіркін ужо адкрыта крытыкуе праект «Наваросія». Лявон Заўэр перакананы, што Масква папросту вымушаная ставіць на месца сваіх жа марыянэтак:

«Гіркін думаў, што стане нацыянальным героем, а яго выкарысталі і паднесьлі як нейкага бандыта, выставілі поўным недарэкам. Гіркіна трэба было прыбіраць, бо сам Пуцін адчуў, што прызначэнец пачынае вельмі моцна кіраваць, то бок адбівацца ад рук. Калі ў „Наваросіі“ раптам зьявіліся іншыя людзі — Захарчанка, Платніцкі, Губараў ды іншыя — дык гэта такія ж стаўленікі Крамля. Але і яны, дарваўшыся да ўлады, адчулі сваю вагу, спрабуюць дыстанцыявацца ад цэнтру. У Маскве вымушаныя рэагаваць.

Усё заточана на выцісканьне з рэгіёну апошніх сокаў: ідзе беспрасьветны „дзярбан“, шалёны рабунак

Але насамрэч усё заточана на выцісканьне з рэгіёну апошніх сокаў: ідзе беспрасьветны „дзярбан“, шалёны рабунак. Мне людзі, якія пакінулі там свой бізнэс і шчасьлівыя, што пасьпелі ўцячы жывымі, плакаліся буйнымі сьлязьмі: „адціскалі“ беспардонна, бязь лішніх слоў. Цяпер паступова ў Расею вывозяцца заводы. Як прыклад — Луганскі патронны завод вывезены практычна цалкам, цяпер разукамплектоўваюцца іншыя».

Апроч Данецку, Лявон Заўэр меў бізнэс-інтарэсы і ў Крыме — на анэксаванай паўвысьпе ў яго застаўся прыстойны кавалак зямлі. На палове ўчастку збудавана некалькі гасьцявых домікаў, на іншай падрыхтаваная пляцоўка пад будоўлю невялікага гатэля. Наракае, што пры цяперашнім раскладзе шанцы вярнуць маёмасьць практычна нулявыя:

«Шанцаў ніякіх, бо падзеі люстрана паўтараюць сытуацыю з Абхазіяй, Паўночнай Асэтыяй, Прыднястроўем. Ніколі Пуцін адтуль добраахвотна ня сыдзе. Самае прыкрае, што яго вельмі баяцца і заходнікі, і амэрыканцы, якія ў прынцыпе павінны былі не дапусьціць такога ўвогуле. Боязь ня столькі ад залежнасьці ў энэргарэсурсах, боязь ад наяўнасьці боегаловак.

Калі ў яго рэальна перамкне, ён можа пагнаць і на Эўропу, і далей. Але першым ударным арыенцірам будзе Эўропа. Таму цяпер такія шалёныя хваляваньні з гэтай нагоды ў Польшчы, у краінах Балтыі. Я размаўляў са знаёмым, які жыве ў Калінінградзкай вобласьці. Па яго словах, туды завезьлі шмат рэактыўных установак.

Крым таксама мілітарызаваны пад завязку: пастаўлена тэхніка, ствараюцца ваенныя базы. Само сабой, зайшоў флёт з караблямі, якія нясуць боегалоўкі. То бок ствараецца пляцдарм, і ніхто ня можа зразумець, што ў Пуціна насамрэч у галаве».

Нягледзячы на шматэтапныя менскія дамоўленасьці пра спыненьне агню і адвод артылерыйскай зброі і цяжкай тэхнікі ад лініі разьмежаваньня на Данбасе, вайна на ўсходзе Ўкраіны працягваецца. Гуманітарныя структуры ААН выказваюць занепакоенасьць, што найперш ад абстрэлаў цярпіць мірнае насельніцтва, якое стала закладнікам захопніцкіх плянаў Крамля.

Так, у апошняй справаздачы Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека канстатуецца, што жыхары тэрыторыяў, падкантрольных так званым ДНР і ЛНР, ня маюць ніякай абароны ад злоўжываньняў, што чыняцца ўзброенымі групамі. Задакумэнтаваныя выпадкі забойстваў, выкраданьняў, катаваньняў, жорсткага абыходжаньня, сэксуальнага гвалту, прымусовай працы, патрабаваньняў выкупу.

Тут жа зьмешчана інфармацыя і пра парушэньні правоў чалавека ў анэксаваным Расеяй Крыме: нязгодных прымушаюць маўчаць, ім адмаўляюць хоць у якой грамадзкай трыбуне. Асабліва гэта выяўляецца ў дачыненьні да крымскататарскіх арганізацыяў, якія лічацца неляяльнымі ці нават «экстрэмісцкімі».