Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: амаль 8000 чалавек загінулі на Данбасе за час канфлікту


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ўсклаў кветкі да помніка гараджан, якія загінулі падчас абстрэлу прарасейскіх сэпаратыстаў падчас яго рабочага візыту ў Марыюпаль, у Данецкай вобласьці, 11 чэрвеня 2015 году
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ўсклаў кветкі да помніка гараджан, якія загінулі падчас абстрэлу прарасейскіх сэпаратыстаў падчас яго рабочага візыту ў Марыюпаль, у Данецкай вобласьці, 11 чэрвеня 2015 году

Упраўленьне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека ў новым дакладзе паведамляе, што з 16 траўня па 15 жніўня рэзка вырасла колькасьць ахвяраў у Данбасе.

Паводле ацэнак Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ), выкладзеных у дакладзе назіральнай місіі ААН, як мінімум 7962 чалавекі былі забітыя падчас узброенага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны, 17811 — атрымалі раненьні. Пры гэтым ААН робіць агаворку, што сапраўдныя лічбы могуць выявіцца большымі.

Зэйд Раад Аль-Хусэйн
Зэйд Раад Аль-Хусэйн

«Артабстрэл жылых раёнаў з абодвух бакоў лініі судакрананьня прывёў да трывожнага павелічэньня колькасьці ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва на працягу апошніх трох месяцаў. Павінна быць зроблена больш для абароны цывільных асобаў, баявыя дзеяньні ў адпаведнасьці зь лютаўскім пагадненьнем аб спыненьні агню павінны быць цалкам спыненыя», — сказаў Вярхоўны камісар па правах чалавека Зэйд Раад Аль-Хусэйн падчас прэзэнтацыі справаздачы.

Даклад УВКПЧ, які ахоплівае пэрыяд з 16 траўня па 15 жніўня 2015 году, паведамляе, што колькасьць ахвяраў сярод грамадзянскага насельніцтва вырасла больш чым у два разы ў параўнаньні з папярэднімі трыма месяцамі: прынамсі, 105 чалавек загінулі і 308 параненыя ў параўнаньні з 60 забітымі і 102 параненымі паміж 16 лютага і 15 траўня. Прычым большасьць ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва з-за абстрэлаў зафіксаваныя на тэрыторыях, якія кантралююцца ўзброенымі групоўкамі.

«Сытуацыя ва Ўкраіне па-ранейшаму ўскладняецца баявымі дзеяньнямі ў некаторых раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей. Згодна з паведамленьнямі, ім надаюць імпульс прысутнасьць і прыток замежных баевікоў і сучасных узбраеньняў і боепрыпасаў з Расейскай Фэдэрацыі», — гаворыцца ў дакладзе. Акрамя таго, «выклікае занепакоенасьць, што Расея па-ранейшаму накіроўвае канвоі белых грузавікоў бяз поўнай згоды або інспэкцыі Ўкраіны. Пры гэтым іх дакладнае месца прызначэньня і зьмесьціва ня могуць быць устаноўленыя».

«Каля трох мільёнаў чалавек па-ранейшаму пражываюць на тэрыторыях, якія кантралююцца т.зв. ДНР і ЛНР «без абароны ад парушэньняў правоў чалавека і злоўжываньняў ўзброенымі групамі і іх прыхільнікамі», — адзначаецца ў дакуменце. У ім задакумэнтаваныя выпадкі забойстваў, выкраданьняў, катаваньняў і жорсткага абыходжаньня, сэксуальнага гвалту, прымусовай працы, патрабаваньняў выкупу, вымагальніцтва на тэрыторыях, якія кантралююцца ДНР і ЛНР.

УВКПЧ таксама інфармуе аб парушэннях правоў чалавека ўладамі ў анэксаванай Расеяй Аўтаномнай Рэспубліцы Крым:

«Нязгодных прымушаюць маўчаць, ім адмаўляюць у якой-небудзь грамадзкай прасторы. Гэта асабліва праяўляецца ў дачыненьні да тых крымскататарскіх арганізацый, якія ўлады лічаць неляяльнымі або называюць экстрэмісцкімі».

Кіраўнік УВКПЧ таксама выказаўся з нагоды прысуду Алегу Сянцова:

«Я асабліва занепакоены нядаўнім прысудам на 20 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўкраінскаму рэжысёру Алегу Сянцовову вайсковым судом Расеі. Суд па яго справе быў азмрочаны парушэньнямі».

У сваю чаргу намеснік генеральнага сакратара ААН па правах чалавека Іван Шымановіч, прадстаўляючы ў Нью-Ёрку дадзены даклад, адзначыў, што неабходна забяспечыць насельніцтву, які пражывае на тэрыторыях, якія знаходзяцца пад кантролем узброеных груповак, права прыняць удзел у галасаванне на мясцовых выбарах 25 кастрычніка, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG