Кішынёўскі Майдан вырас да 100 намётаў

Учора ўвечары на цэнтральнай плошчы Кішынёва было ўсталявана каля 30 намётаў, але да раніцы намётавы гарадок, які пратэстоўцы назвалі мястэчкам «Годнасьці і справядлівасьці», павялічыўся амаль да ста намётаў.

Як паведамляе «Інтэрфакс», усю ноч людзі прыносілі новыя намёты, ежу, ваду, цёплую вопратку.

Пратэстоўцы займаюць прыкладна чвэрць цэнтральнай плошчы Кішынёва, недалёка ад цэнтральнага ўваходу ў будынак ураду. Ноччу ў намётавым мястэчку заставалася каля 200 чалавек, раніцай да іх далучыліся яшчэ прыкладна столькі ж.

Як паведаміў «Інтэрфаксу» адзін зь лідэраў Грамадзянскай плятформы «Годнасьць і праўда» Андрэй Нэстасе, ноч прайшла спакойна, парадак на плошчы забясьпечваецца паліцыяй і добраахвотнікамі.

Андрэй Нэстасе

«Плошча Вялікага нацыянальнага сходу ахоўваецца намі, каб пазьбегнуць правакацыяў. Нам дапамагаюць у гэтым вэтэраны ўзброенага канфлікту на Днястры, былыя „аўганцы“, таксама вэтэраны праваахоўных органаў, якія выказаліся ў падтрымку нашых пратэстаў», — адзначыў Нэстасе.

Паводле яго слоў, акцыя пратэсту будзе працягвацца ў рэжыме нон-стоп.

«На плошчы пастаянна будуць нашы прыхільнікі — жыхары мястэчка „Годнасьці і справядлівасці“. Мы будзем пратэставаць да поўнага выкананьня ўладамі нашых патрабаваньняў», — заявіў Нэстасе.

Паводле яго слоў, ёсьць кантакты з урадам, але перамовы не вядуцца.

«Мы ня бачым сэнсу ў перамовах. Трэба выконваць патрабаваньні, а не спрабаваць гандлявацца. Гандаль — гэта там, ва ўладзе. Яны прыгандлёўваюць пасадамі, маёмасьцю, краінай. А мы хочам усяго толькі вярнуць народу краіну, якая захопленая алігархамі. Няма сэнсу ў перамовах, мы краінай не гандлюем. Яна нам належыць, пра гэта дакладна заявілі напярэдадні тыя 100 тысяч грамадзянаў, якія выйшлі на плошчу. Мы разумеем, што ўлады напалоханыя, але дапамагчы ім нічым ня можам», — заявіў А.Нэстасе.

У панядзелак лідэры плятформы «Годнасьць і праўда» адмежаваліся ад дзеяньняў партыі «Чырвоны блёк», якая напярэдадні правяла ўласную акцыю пратэсту, справакаваўшы ля будынка Генпракуратуры сутыкненьні з паліцыяй.

Your browser doesn’t support HTML5

На мітынгу за адстаўку ўлады ў Малдове сабралася да 100 000 чалавек

Your browser doesn’t support HTML5

Пратэст у Кішынёве