Пра гэта ён заявіў сёньня Радыё Свабода, знаходзячыся ў 3-м менскім гарадзкім шпіталі:
«Калі стан майго здароўя не палепшыцца, то я думаю зьняцца з выбараў. Калі будзе на мяне ціск, то здымуся. Гэта можа адбыцца ў любы мамант. Але пакуль я ня стаўлю задачу зрабіць гэта зараз ці праз гадзіну. Я пакуль яшчэ ня ў тым стане, каб прыняць правільнае рашэньне.
Колькі я яшчэ тут буду? Ясна, што ня дзень, а болей. Я ўстаю і трымаюся пяць хвілін. Вось учора прыяжджаў сюды мой таварыш — сьвятар. Я ўстаў памаліцца і паваліўся. Не магу нават стаяць».
Віктар Цярэшчанка кажа, што ён па-ранейшаму пад кропельніцай:
«Галава як бы нямая. Але ніякіх прышчоў ці ацёкаў на твары няма. Крывяны ціск нармальны. Тэмпэратура нармальная. А замест галавы нібыта камень.
Я напісаў пісьмовую заяву аб пераводзе ў аддзяленьне таксыкалёгіі. Я ж ляжу ў аддзяленьні пульманалёгіі. Пры чым тут лёгкія? Праўда, трымаюць пад кропельніцай, рэгулярна робяць уколы».
Са словаў Цярэшчанкі, зь ім здарыўся востры прыступ пасьля таго, як раніцай мінулай пятніцы ён выпіў у кавярні «Грунвальд» маркоўны фрэш:
«Калі я выпіў фрэш, я амаль страціў прытомнасьць. Але я пасьпеў яшчэ схадзіць у туалет, прамыць рот. Званітаваў. Можа, гэта і выратавала».
Віктар Цярэшчанка кажа, што ў «Грунвальдзе» ён быў з двума паплечнікамі са сваёй выбарчай каманды:
«Гэта было на пачатку дзявятай раніцы. Тут яшчэ былі Дзьмітрыеў і Караткевіч. Яны прайшлі побач. Мы павіталіся. А больш нікога так рана там не было».
Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта думае, што ў ягонай гісторыі трэба шукаць зьнешні сьлед:
«Тут ёсьць прысутнасьць нейкай трэцяй асобы. Я схіляюся болей да зьнешняга сьледу. Беларускай выканаўчай уладзе гэта ня выгадна. Ёй прасьцей мяне не зарэгістраваць. Але я лічу, што з апазыцыі я застаўся адзін. Глядзіце, што атрымліваецца — застаюцца Ўлаховіч, Гайдукевіч і Караткевіч. Усе яны схіляюцца да ўладаў. А я незалежны. Значыць, мяне трэба прыбраць. Альбо прынамсі каб я сам адмовіўся. Альбо яшчэ нешта.
Трэцюю асобу я разглядаю як прыхільнікаў „апазыцыі“. Менавіта не апазыцыі, а „апазыцыі“ ў двукосьсі. Я магу думаць, што гэта, можа, і Дзьмітрыеў. Але зроблена гэта з удзелам спэцыялістаў. Бо без спэцыялістаў гэтую работу ня зробіш».
Спадар Цярэшчанка кажа, што міліцыя праводзіць сьледзтва па гэтым факце. Зь ім ужо двойчы размаўлялі апэратыўнікі.
Віктар Цярэшчанка пракамэнтаваў Свабодзе і паведамленьне з сайта праваабарончага цэнтру «Вясна», што больш за 10 тысяч подпісаў, сабраныя за яго ў Горадні, падробленыя:
«Нейкі праваабаронца сказаў. Ці то гэта „вутка“, ці то што? Сёньня любы можа напісаць што захоча. Гэта заказны матэрыял. Той жа Караткевіч альбо кагосьці іншага. І кіраўнік штабу асабіста, і іншыя адказныя асобы з нашай групы глядзелі подпісы. І выпусьціць іх не маглі без выбракоўкі. Падстава любая можа быць. Улада захоча зьняць, дык мільён падставаў можа знайсьці. Будзе пасяджэньне ЦВК. Там і будзем глядзець».