Грамадзкая камісія ня можа падлічыць подпісы Караткевіч

Падчас збору подпісаў за вылучэньне Тацяны Караткевіч на кандыдата ў прэзыдэнты ў Воршы

Праверыць подпісы за Караткевіч «не ўяўляецца магчымым», канстатавала камісія.

Грамадзкая камісія па праверцы подпісаў за вылучэньне на прэзыдэнцкія выбары Тацяны Караткевіч сёньня ўхваліла рашэньне, у якім канстатуе як устаноўлены факт: «Праверыць адпаведнасьць колькасьці подпісаў заяўленай, а таксама іх сапраўднасьць не ўяўляецца магчымым».

Камісія паведаміла, што выбарчы штаб Тацяны Караткевіч, спачатку афіцыйна пацьвердзіўшы сваю згоду прадставіць Грамадзкай камісіі неабходныя подпісы, у выніку фактычна адмовіў у праверцы копіяў усіх здадзеных у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі 107 299 подпісаў і заявіў, што можа прадставіць абмежаваную колькасьць ня болей за 70 000-80 000.

Грамадзкая камісія зьвярнулася да ЦВК Беларусі з патрабаваньнем правесьці перападлік і праверку подпісаў усіх прэтэндэнтаў у кандыдаты на пасаду прэзыдэнта ў прысутнасьці незалежных назіральнікаў, акрэдытаваных пры тэрытарыяльніх выбарчых камісіях.