І сёньня нам прапануюць вярнуцца «да герояў СССР, франтавікоў, жыцьцё якіх было зьвязанае з горадам».
Тэма дагэтуль выглядала вычарпанай, закрытай. У савецкі час вуліцы былі названыя перш прозьвішчамі з партыйнага «іканастасу»: рэвалюцыянэры, тэрарысты, паплечнікі Леніна і Сталіна і гэтак далей. Каб ад Бугу да Курылаў – аднолькава. На другім месцы якраз былі тыя, хто вызваляў горад у вайну. І плюс савецкія паэты і пісьменьнікі, сярод якіх дазваляліся два-тры беларускія, каб не было ўхілу «у нацыяналізм».
Трэба для справядлівасьці адзначыць: пасьля вайны некаторых назваў не чапалі, нават выклікае зьдзіўленьне, што засталіся вуліцы польскіх пісьменьнікаў Ажэшкі, Рэйманта, Славацкага. Што праўда, палякі таксама не мянялі назву вуліцы Пушкіна, існуе з царскіх часоў.
Трэба аддаць належнае: у Горадні апошнім часам стараліся шырэй глядзець на сьвет, ня быць заціснутымі ў архаічныя савецкія рамкі. Але якія вынікі? Беларускіх пісьменьнікаў і культурных дзеячоў дазволілі ўвекавечыць усяго толькі ў катэджнай забудове. Для начальства да сёньняшняга дня палова беларускіх літаратараў і культурных дзеячоў будзе нон грата, іх імёны нельга даваць вуліцам! Дастаткова нагадаць, колькі з Васілём Быкавым было супраціву! А што тады гаварыць пра стваральнікаў БНР, беларускіх школ, газэт, якія жылі ў Горадні ці спыняліся? Ніколі не дапусьцяць іх на гарадзенскія вуліцы! Такая горкая праўда.
Вуліцы Дубовая, Ліпавая — існуюць ва ўсіх краінах, але ў Горадні дрэвы напэўна закончыліся. Фантазіі больш не хапае. Любоў да «красівых слоў» таксама крыху перашкаджае: па ўмовах трэба, каб словы беларускія з рускімі гучалі пажадана аднолькава ці падобна. Так што вуліца Чудзесная альбо Васхіціцельная начальствам таксама моўчкі не ўхваляецца.
Куды ісьці? Назад у СССР. Прапануецца сьпіс герояў. Бярэм адно прозьвішча: нарадзіўся ў расейскай глыбінцы, недзе далёка ваяваў з фашыстамі, у Горадні пражываў у якасьці вайсковага пэнсіянэра. Ці варта вуліцу назваць? Ня ведаю. Начальства папярэджвае: як вырашыць само насельніцтва. Значыць, назавуць. Бо насельніцтву абыякава, як вядома.
Ну калі ўжо вяртацца ў Савецкі Саюз, то чаму ня браць іншыя прозьвішчы: заслужаных настаўнікаў БССР, дзеячоў культуры, урэшце маці-гераінь, што жылі ў Горадні? Спартоўцаў. Чым яны горшыя?
Я не кажу: неўзабаве выйдзе кніга гісторыка Андрэя Чарнякевіча «Памяць пра Гродна. Матэрыялы да біяграфічнага слоўніка постацяў міжваеннага гораду. 1919-1939 гг.». Паводле аўтара, у кнізе 1121 біяграфічная даведка гарадзкога начальства, рэдактараў газэт, настаўнікаў, лекараў і гэтак далей. Ёсьць і грамадзка-палітычныя дзеячы ў кнізе. Ясна: улада тады была польская. Але можа некалькі дзясяткаў прозьвішчаў падышлі б цяперашняй? Ці не? Ці будзем зноў трымацца толькі савецкага?
Такое ўражаньне, што начальства наша нідзе не бывала. У сьвеце праблема з назвамі вуліц таксама існуе, але вырашаецца вельмі проста, бо там няма «ідэалягічных забаронаў» і не было савецкага мінулага. Вазьміце Варшаву ці Прагу, там будуць вуліцы Кіеўская, Мінская, Беларуская, Галяндзкая і гэтак далей. Чаму хаця б не назваць вуліцы па назвах райцэнтраў вобласьці? Толькі Лідзкая існуе. Няхай жа будзе Слонімская, Воранаўская, Астравецкая. А то дадумаліся толькі зрабіць вуліцу Сібірскую. Падумаць толькі — у Горадні!
Альбо вось у мяне засталася пасьля паездкі мапа вострава Лансаротэ. Уздоўж мора выцягнутае паселішча Пуэрта дэль Кармэн. Я тады яшчэ зьвярнуў увагу на назвы вуліц: Аргентыны, Аўстрыі, Калюмбіі, Расеі. У нашым варыянце магло б быць: Аргентынская, Аўстрыйская. Ці мы павінны заставацца ў сваім заканурку, закрытымі на сьвет?