«Абясцэньваецца беларускі рубель? Дык мы да гэтага прызвычаіліся!» — магілёўцы пра чарговую дэвальвацыю

Апытаньне «Свабоды»: «Як вы рэагуеце на чарговае істотнае абясцэньваньне беларускага рубля адносна цьвёрдых валют? Ці спрабуеце нейкім чынам уратаваць свае зьберажэньні ад дэвальвацыі?». Адказвалі мінакі на магілёўскіх вуліцах.

— Калі б у мяне было дужа многа грошай, я б, вядома, нешта рабіў. Але жывеш ад заробку да заробку. Таму нешта мяняць, некуды ўкладаць — ня бачу ў гэтым сэнсу. Расея пад санкцыямі прасела, прадаваць прадукцыю няма куды, таму і мы садзімся і садзімся. Перад выбарамі я наагул ня ведаю, што ўлады будуць рабіць.

— Кепска, вядома ж. Усё даражэе, заробкі не растуць. Але ніяк не рэагуем. Будзем глядзець. Як-небудзь ужо выжывем. Хоць будзе яшчэ горай.

— У мяне няма чаго ратаваць. Мы да гэтага прывыклі. Гэта не навіна для нас. Гэта штодзённы для нас працэс. Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Дзівіць іншае, што гэта ўсё адбываецца напярэдадні выбараў, бо звычайна такія рэчы ў нашай краіне не адбываюцца перад выбарамі.

— Ды ніяк не рэагую. А як можна на гэта рэагаваць? У мяне няма зьберажэньняў у беларускіх рублях, толькі ў валюце. Калі раней атрымлівалася капейчына лішняя, то я адразу валюту купляла. А цяпер я пэнсіянэрка, дык няма лішніх грошай, таму трачу.

— Спакойна рэагую. Гэта звычайныя эканамічныя працэсы. У нас гэта ня першы раз. Купіўшы 100 даляраў ці 200 — яны мяне ня выратуюць. У мяне не такія аграмадныя капіталы.

Your browser doesn’t support HTML5

«Абясцэньваецца беларускі рубель? Дык мы да гэтага прызвычаіліся!» — магілёўцы пра чарговую дэвальвацыю

— Штосьці адкладаю ў эўра, штосьці ў далярах, а штосьці ў нашых рублях. Я ўжо прызвычаілася да ўсяго, бо жыву даўно ў Беларусі. Трэба рабіць нейкія захады. Панікі ў мяне няма.

— Навіна гэтая, вядома ж, непрыемная, але даводзіцца з гэтым неяк мірыцца. Я спадзяюся, што ўсё вернецца на свой узровень і курс рубля ўмацуецца з часам. Толькі трэба крыху пачакаць.

— Спакойна рэагую. Гэта было і будзе. Калі ёсьць нейкія лішкі, то іх варта пераводзіць у нешта.

— Што я магу на гэта сказаць з нашым бюджэтным заробкам?

— Ведаеце, я прыехала з Масквы і нічога не разумею, што з вашымі грашыма, з нашымі, з далярам. У нас таксама людзі рэагуюць на абясцэньваньне. Абураюцца ля касы, а так — больш ніяк.

— Заробак не дазваляе набываць валюту. Я ведаю, што даляр падрос, расейскі рубель упаў. Калі ў банк прыходзіш, дык глядзіш на гэта. Калі ж зьберажэньняў няма, дык гэта ўсё не палохае.

— Гэта ўсё заканамерна і нармальна. Гэтак і павінна быць. Я так разумею, што на наступны год трэба чакаць падобнага. Я ня маю зьберажэньняў, таму няма чаго і ратаваць. Жыву ад дня да дня.