Злучаныя Штаты рашуча асуджаюць прысуд, вынесены расейскім вайсковым судом вядомаму ўкраінскаму рэжысэру Алегу Сянцову і актывісту Аляксандру Кольчанку па беспадстаўных абвінавачваньнях у тэрактах і іншай падрыўной дзейнасьці ў акупаваным Крыме. Пра гэта гаворыцца ў заяве Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.
У заяве адзначаецца, што рашэньне зьяўляецца судовай памылкай. Абодва ўкраінцы былі ўзятыя ў закладнікі на тэрыторыі Ўкраіны, перапраўленыя і заключаныя ў турму ў Расеі. Ім было навязана грамадзянства Расеі супраць іх волі, адзначае Дзярждэпартамэнт.
У дачыненьні да іх былі дапушчаныя злоўжываньні з боку расейскіх уладаў, якія таксама абмяжоўвалі іх доступ да адвакатаў, сем’яў, у той час як яны правялі ў турме больш за год. Сянцоў і Кольчанка сталі ахвярамі дзеяньняў уладаў з-за сваёй апазыцыі расейскай анэксіі Крыму, адзначаецца ў заяве.
Злучаныя Штаты выступаюць на баку тых, каго перасьледуюць за ажыцьцяўленьне сваіх правоў свабодна гаварыць і ўдзельнічаць у мірных акцыях пратэсту.
«Мы зноў заклікаем Расейскую Фэдэрацыю выканаць абавязацельствы, прынятыя пры падпісаньні менскіх пагадненьняў, і неадкладна вызваліць Алега Сянцова, Аляксандра Кольчанку, Надзею Саўчанку і ўсіх іншых закладнікаў», — гаворыцца ў заяве.