Папа Францішак асабіста хадайнічаў пра вызваленьне беларускіх палітвязьняў

25 жніўня Дзяржаўны Сакратар Яго Сьвятасьці Папы Францішка кардынал П’етра Паралін даў аўдыенцыю намесьніку міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Алене Купчыной.

Падчас размовы, між іншым, абодва бакі пракамэнтавалі афіцыйнае паведамленьне беларускага боку, якое было накіравана 24 жніўня дыпляматычным прадстаўнікам некаторых краін у Рэспубліцы Беларусь, адносна рашэньня Аляксандра Лукашэнкі пра вызваленьне некаторых вязьняў як гуманітарнага акту ў адказ на просьбы з боку краін Эўразьвязу, Злучаных Штатаў Амэрыкі і рымскага пантыфіка.

Апостальская Нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь у адказ на шматлікія пытаньні паведаміла, што вышэйпададзеная інфармацыя дыпляматычнага паходжаньня адпавядае сапраўднасьці: Папа Францішак сапраўды асабіста выступіў з хадайніцтвам у дадзенай справе.

Пра гэта паведамляе сайт catholic.by